З нашай пошты. «Сэрца» старога Бабруйска

4679
Сямён ЮШКЕВIЧ
Ідучы ўздоўж вуліцы Тэадора Нарбута, колішняй Падольнай, вы абавязкова натрапіце на занядбаны будынак, што хаваецца за лесам зарасніку і сілікатным мурам. Тут, у самым сэрцы крэпасці, побач з адроджаным з нябыту саборам Аляксандра Неўскага, знаходзіцца астатні сведка Бабруйска часоў Рэчы Паспалітай. Горада, засталіся ад якога адно што гравюры ды карты. І толькі знявечаныя рэшткі колісь велічнага езуіцкага касцёла сіратліва стаяць сярод руін класіцыстычнай забудовы пачатку 19-га стагоддзя.
I толькi рэшткі колісь велічнага езуіцкага касцёла сіратліва стаяць... Фота: deletant.livejournal.com
I толькi рэшткі колісь велічнага езуіцкага касцёла сіратліва стаяць... Фота: deletant.livejournal.com

У блеклых барвах позняй восені ўвесь той заняпад, што паўстае перад вачыма, робіць асабліва сумнае ўражанне. І думкі пра тое, што яшчэ дзесяць гадоў, і нават тыя рэшткі будуць разбураныя вандаламі і надвор’ем, шчымяць сэрца.

Сум бярэ за тых людзей, што крэслілі планы, узводзілі высокія муры і вежы, распісвалі рэлігійнымі вузорамі барочныя інтэр’еры і, урэшце, усталёўвалі на стромкіх вежах каваныя лацінскія крыжы, якія відаць было далёка наўсцяж ад «надбярэзінскай сталіцы».

Не прайшло і паўстагоддзя, як новы касцёл, з якога выселілі даўніх гаспадароў езуітаў, перадалі ў карыстанне гарадскому магістрату. У былых езуіцкіх мурах разглядаліся адміністрацыйныя і крымінальныя справы, збіраліся павятовыя шляхецкія соймікі, куды з’язджалася шляхта з усяго буйнога Бабруйскага павету.

Гады ішлі, дзяржавы мяняліся. Імперыі, што прагнула замацавацца на новадалучаных землях у прадвер’і вайны з напалеонаўскай Францыяй, трэба было пабудаваць самую магутную ў Еўропе цытадэль. І сваім паказальнікам праектант указаў месца будаўніцтва ваеннага монстра на высокім пагорку ў атачэнні Бярэзіны і Бабруйкі.

Ад самай Паўночнай вайны не зазнаваў ціхі правінцыйны Бабруйск такога землятрусу: усіх жыхароў перасялілі на фарштаты, а старыя будынкі або разбурылі, або прыстасавалі пад патрэбы фартэцыі. Калі лічыць перабудову пад цэйхгаўз шчасцем, то нашаму касцёлу моцна пашэнціла – ён не быў знішчаны.

Касцёл, цэйхгаўз, астрог... Калі па землях Літвы-Беларусі пракаціліся паўстанні, то наша крэпасць стала самай страшнай імперскай турмой. У колішняй бажніцы ўтрымлівалі вязняў-смяротнікаў, каб пазней вывесці іх па падземным ходзе долу, да каменданцкага возера. Так называлася затона, сярод якога ўзвышаўся стары таполя. На гэтым таполі вешалі, пад ім жа пазней і расстрэльвалі заказáных на смерць.

Таполю, што бачыў занадта шмат зла на сваім вяку, падчас Другой святовай вайны знішчыла бліскавіцай, а выхад з падземнага ходу дагэтуль хаваецца пад гарой за разбураным бастыёнам на Затонным завулку.

Стаіць і зараз касцёл. З праваленым дахам, закопчанымі дымам ад шматлікіх пажараў мурамі. Паганяць былую святыню і сатаністы, што ладзяць там свае агідныя абрады...

Без даху былы храм пачне разбураць і надвор’е. Вось ужо з’явілася на левай з боку алтарнай частцы закрыстыі трэшчына, што пагражае абвалам цэлага муру.

Хто ж абароніць нашага старэнькага сведку ад знішчэння людзьмі і злым надвор’ем? Сведчыць маё сэрца, што ўзнімуцца над гарою калі-небудзь, як у дальна-даўнія часы, тыя ж стромкія ўвенчаныя крыжамі вежы, па боі касцёльнага гадзінніка бабруйчане зноў будуць звяраць час, залачоныя алтары будуць зіхацець у промнях святла, што прабіваецца праз зашклёныя вітражамі вокны, а арганная музыка з хораў будзе вабіць мінакоў зайсці ў сярэдзіну і злучыцца хаця б на кароткі час з Богам...

Веру, што ўсё гэта абавязкова адбудзецца. Але галоўнае – зрабіць гэта да таго моманту, калі будынак, дзе ляжыць сэрца горада, прыйдзецца адбудоўваць з нуля...

Аўтар пра сябе:

«Зараз вучуся на філалагічным факультэце ГрДУ і жыву ў Горадні, але вырас і збіраюся вярнуцца пасля навучання ў Бабруйск. Часта прыязджаю дахаты. Гісторыяй цікаўлюся з маленства, пра наш горад чытаў гістарычныя манаграфіі – Льва Гумілёва пра Бабруйск, «І будуць расчынены брамы» – пра гісторыю каталіцкай супольнасці Бабруйска.

Крыўдна, што ў нас бяруць ва ўвагу толькі перыяд гісторыі, калі Бабруйск знаходзіўся ў складзе Расейскай імперыі. Мне вельмі хацелася б, каб бабруйчане даведаліся пра больш даўнюю гісторыю горада, пра беларускіх пісьменнікаў, чые імёны звязаныя з Бабруйскам...».