Спачатку нічога сенсацыю не прадказвала. Былы прафесар Магілеўскага ўніверсітэта Аляксандр Агееў размесціў абвестку на ўласнай старонцы ў Facebook пра тое, што ў сярэдзіне жніўня ў Мсціслаўскім касцеле будуць арганізаваныя археалагічныя раскопкі. І патрэбныя валанцеры. Аўтар гэтых радкоў паленаваўся ехаць у Мсціслаўль, а дарма… Раскопкі былі надзвычай удалыя.
Гіпотэза, з якой усе пачалося
Беларускі рэстаўратар Юрый Маліноўскі:
Ідэя правядзення раскопкаў у Мсціслаўлі мая. Справа ў тым, што касцел у нечым унікальны. Пад цэнтральным нефам няма звыклай крыпты. Усюды есць, а тут няма. Узнікла думка, што падчас пажару ў 1855 годзе аўтэнтычныя лехі былі пашкоджаныя агнем, а фрэскі над імі абваліліся і зараз ляжаць недзе ў зямлі. Іх мы якраз і збіраемся адшукаць.
Доктар гістарычных навук Андрэй Мяцельскі:
Сапраўды, падчас пажару абрынуліся зводы над цэнтральным нефам. Есць такое меркаванне, што яны ляжаць тут унізе, пад новай падлогай. Есць жаданне праверыць гэту гіпотэзу.
Аднак на другі дзень працы гісторыкаў і валанцераў ніякіх старых фрэсак знойдзена не было. Праўда, пасыпаць галаву пяском удзельнікі раскопак не спяшаліся. Наадварот, з’явілася вялізная падстава для навуковага аптымізму… Унізе, пад цэнтральным нефам касцела былі знойдзены рэшты некалькіх чалавек. Тлумачыць Аляксандр Агееў: “Есць меркаванне, што тут хавалі манахаў. І перадусім тых самых 16 манахаў, якіх замардавалі ў 1654 годзе або маскоўскія стральцы, або казакі. Гэтаму злачынству прысвечана адна з фрэсак, якая знаходзіцца якраз над гэтым раскопам.
На думку прысутнага падчас раскопак ксяндза айца Паўла, кім бы ні былі пахаваныя тут, іх трэба перапахаваць належным чынам і ў адпаведным месцы. А калі высветліцца тое, што ўдалося знайсці рэшты пакутнікаў за веру, то іх варта памясціць для публічнага агляду ў саркафаг. “Каб людзі прыходзілі і маліліся”, – дадае айцец Павел.
Дык што ж гэта за 16 манахаў, якіх, магчыма, пахавалі ў Мсціслаўскім касцеле?
Даем слова былому дырэктару музея гісторыі Магілева, пісьменніку Аляксею Бацюкову:
Першы касцел, які быў пабудаваны на гэтым месцы, узнік паміж 1595 і 1602 гадамі. Гэта быў драўляны фарны касцел. У 1619 г. касцел быў перададзены кармелітам. У 1768 годзе быў перабудаваны. Замест драўлянага храма паўстаў мураваны. Адкуль жа ўзяліся парэшткі? Тут трэба вярнуцца да падзеяў 1654 года. Мсціслаўль быў узяты штурмам падчас вайны Масквы з Рэччу Паспалітай. У горадзе адбылася так званая Трубяцкая разня. Былі знішчаны ўсе мясцовыя жыхары. Гэта пасеяла жах сярод грамадзян Рэчы Паспалітай. У касцеле, які знаходзіўся на гэтым месцы, і былі забітыя 16 манахаў ордэну Кармелітаў
Вы ўяўляеце сабе? Якая неверагодная знаходка! Забітых манахаў хтосьці пахаваў у драўляным касцеле. Больш чым праз стагоддзе замест драўлянага храма паўстае мураваны. Працоўныя, якія ўзводзяць муры, ведаюць пра пахаванне манахаў і не чапаюць яго. Нейкі невядомы мастак наўпрост над пахаваннем на зводзе касцела размяшчае фрэску з сюжэтам іх катавання. Мастак як бы намякае нашчадкам: вось, паглядзіце – усе ў вас пад нагамі… Гісторыя, вартая Уладзіміра Караткевіча!