Станіслаў Шабунеўскі знакавы для Беларусі архітэктар, але мала вядомы цяпер, як і многія дзеячы сваёй культуры. Вядомым архітэктарам ён стаў у Гомелі, але з Бабруйскам звязаны з самага дзяцінства. Нарадзіўся Станіслаў у 1868 годзе, і хутка сямья пераехала ў Бабруйск. Ягоны бацька Апалінарый-Даніла працаваў на бабруйскай пошце, а Станіслаў хадзіў у Бабруйску ў прагімназію. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў Пецярбургскім інстытуце грамадзянскіх інжынераў на курсы архітэктуры. І з 1897 года стаў гарадзкім архітэктарам Гомеля.
Станіслаў Шабунеўскі быў адзіным прафэсійным архітэктарам у Гомелі за доўгія часы, і зрабіў з непрыкметнага гарадка, у якім апроч палацу Румянцавых-Паскевічаў нічога не было, салідны і прыгожы еўрапейскі горад.
Нажаль, многія ягоныя будынкі былі зруйнаваныя ці зьнявечаныя, таму і фільм мае назву «Рэпрэсаваная архітэктура». Двойчы рэпрэсаваным быў і сам творца – спачатку яго арыштавалі ў 1931-м, а па вызваленні яшчэ раз у 1937-м. З чарговага канцлагеру ён ужо не вярнуўся...
Цяпер вяртаецца ягонае імя. У 1989-м Станіслаў Шабунеўскі быў рэабілітаваны, а ў 2018 яму было нададзена званне Ганаровага грамадзяніна Гомеля.
Фільм да 150-годдзя з дня нараджэння славутака земляка зрабіла пара гомельцаў – архітэктар Сяргей Ляпін і журналістка Марыя Булавінская. Яны асабіста прывезлі карціну ў Бабруйск і паказалі ў адным з героеў фільма, касцёле Незаганнага зачацця Панны Марыі.
Героем фільма бабруйскі касцёл стаў нечакана для аўтараў.
– Калі мы пачыналі працу над фільмам, нават ня ведалі, што Шабунеўскі стварыў і касцёл у Бабруйску, – расказала Марыя Булавінская. – У нас быў альбом паплечніка Шабунеўскага Цімафея Шчакудова, і там сярод фотаздымкаў убачылі від на нейкі горад з вышыні птушынага палёту. На здымку добра пазнавалася сядзіба купчыхі Кацнельсон – значыць, Бабруйск. Стала зразумела, што здымак зроблены са звонніцы касцёла. І побач яшчэ быў здымак ксяндза. А Шчакудоў быў стараабрадзец – навошта яму здымкі касцёлу? Сталі разглядаць здымкі бабруйскага касцёлу. І Сяргей заўважыў, што па стылю ён вельмі нагадвае працы Шабунеўскага! Але трэба было праверыць.
Праверка скончылася нечакана хутка. Пошук «Шабунеўскі Бабруйск» па польску выдаў газэту 1903 году з фонду польскай бібліятэкі, у якой напісана, што пан Станіслаў Шабунеўскі будуе касцёл у Бабруйску. Бабруйск даведаўся імя аўтара аднаго са сваіх знакавых будынкаў, а фільм займеў новую цікавую старонку.
Дзякуючы Шабунеўскаму і бабруйскаму касцёлу для архітэктара Сяргея Ляпіна адкрыццём стаў і сам Бабруйск. Раней ён толькі праязджаў яго на цягніку, а працуючы над фільмам разгледзеў.
– Бабруйск вельмі недаацэнены гістарычны горад, тут цэлыя кварталы захавалі гістарычную пабудову. Такое знойдзеш хіба ў Гародні – сцвярджае архітэктар Сяргей Ляпін. – Я іду па Бабруйску і бачу той Гомель, які мы згубілі.
Ледзь не згубілі свой шэдэўр і бабруйчане. У 1963 годзе фасад касцёлу з вежай былі зруйнаваныя, і замест іх да неагатычнага помніка была прылепленая савецкая каробка, якая хавае адну з асноўных бабруйскіх прыгажосцяў дагэтуль.
Але ў фільме зьнявечаныя савецкім бескультур'ем творы Шабунеўскага вяртаюць свой сапраўдны выгляд. Так і бабруйскі касцёл займеў гістарычнае аблічча дзякуючы працы архітэктараў Зміцера і Ганны Башмакоў.
На аснове стараннага аналізу архіўных фотаздымкаў і замераў таго, што засталося, яны стварылі 3D-мадэль касцёла, і ў фільме яго можна разглядзець з розных бакоў у пачатковым выглядзе, нібыта зняты цяпер на камэру.
– Ёсць зерне вялікага архітэктара і ў гэтых маладых творцах, – так аддзячыў працу творчай групы фільма ксёндз Андрэй Яркавец. – Спадзяюся, хутка ўдасца перанесьці гэтае хараство з 3D на яву, і наш касцёл будзе адроджаны ў тым выглядзе, у якім яго задумаў Станіслаў Шабунеўскі.