Ксёндз магiстр, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi Юрый Быкаў.
9 верасня 1912 года быў асвечаны бабруйскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi.
Напярэдадні 100-годдзя касцёла, у суботу 8 верасня, тут чакаецца шэраг святочных мерапрыемстваў, на якія шмат гасцей прыедуць з розных куткоў нашай краіны і з замежжа. Падрабязней аб тым, як будзе праходзіць свята храма, наш карэспандэнт вядзе размову з ксёндзам магiстрам, пробашчам Юрыем Быкавым.
— Айцец Юрый, што робіцца для святочнай сустрэчы стагоддзя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыi?
— Перш за ўсё хачу напомніць, што касцёл быў пабудаваны ў 1906 годзе, а асвечаны 9 верасня 1912 года. Да яго стагоддзя падрыхтавана выстава здымкаў нашага касцёла, хочам усталяваць Крыжовы шлях Езуса Хрыста з бронзы, хаця б тры прыпынка (а ўсяго іх 14). Мы разглядаем гэты шлях як сімвал цярпення ўсіх вернікаў, у тым ліку і вернікаў Бабруйшчыны. 8 верасня а 12-й гадзіне адбудзецца Святочная Імша. Узначаліць яе мітрапаліт Мінска-Магілёўскі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На свята прыедуць святары, дьяканы, пробашчы з Беларусі. Тадэвуш Кандрусевіч таксама асвеціць Крыжовы шлях.
— Што сёння ўяўляе ваша парафія? Неяк, адкрыўшы сайт касцёла, знайшоў палеміку па пытанні, колькі ў горадзе прыхільнікаў каталіцкай веры…
— Кольскасць іх расце з кожным годам. Кожную нядзелю на набажэнствы прыходзіць па 500-700, а то і 1000 чалавек. Рэальная ж колькасць вернікаў значна большая.
— На тым жа сайце гаварылася аб тым, што гарвыканкам готовы вярнуць касцёлу цалкам усё памяшканне. Ці так гэта?
— Нам тое збудаванне, якое ўзведзена перад фасадам касцёла, не патрэбна. Наогул, гэтая каробка прыгажосці ні гораду, ні касцёлу не надае. Пакуль існуе прыбудова, мы нават не можам занесці нябожчыка ў касцёл і правесці па ім літургію — у дзверы не праходзіць труна. Апроч таго, людзі, што працуюць побач, не спрыяюць вядзенню службаў: кураць, гавораць брыдкія словы. З гарвыканкамам мы пастаянна вядзем перамовы, але гарадская ўлада амаль нічога не вырашае: домабудаўнічы камбінат, які займае прыбудову, падпарадкоўваецца міністэрству будаўніцтва, будынак таксама належыць гэтаму міністэрству, а не гараду. Пакуль што гэтае пытанне на ўзроўні адпісак. На сённяшні дзень гэта адзіны касцёл у Беларусі, па якому не вырашана пытанне адраджэння. Будаўнікі, здаецца, не супраць пакінуць будынак, але патрабуюць замест гэтага памяшканне ў центры горада. Я лічу гэта памылкай. Паўсюдна такія арганізацыі выносяцца з центра гарадоў на ўскраіны: не лепшым чынам вырашаецца транспартная праблема, калі у центр едуць вялікагрузныя машыны, пад’емныя краны і іншая тэхніка…
Магу дадаць, што наш касцёл з’яўляецца адзіным неагатыцкім помнікам Магілёўскай вобласці. І яго трэба аднавіць. Мы хочам вярнуць ему першасны выгляд. Акрамя самога будынка касцёла, нам патрэбна і зямля вакол яго, каб можна было арганізаваць працэсіі. Побач з касцёлам размешчаны мікрарынак, і людзі, гандляры і пакупнікі, здараецца, ходзяць замест туалета за алтарную частку касцёла, таму што побач няма прыбіральні. Калі б агарадзіць тэрыторыю, такога б не было.
Са свайго боку магу абяцаць, што, калі нашы пажаданні будуць выкананы, то мы цалкам аднавім касцёл і зробім прылягаючую тэрыторыю прыгожай.
Але гэта справа будучага.
Усе жыхары Бабруйска, госці горада, вернікі розных канфесій запрашаюцца 8 верасня а 12-й гадзіне ў касцёл на святочнае набажэнства. А 18-й гадзіне адбудзецца канцэрт вакальнага ансамбля з Заслаўя «АNTHAEМ».
Аляксандр МАЗУРЭНКА. Фота Аляксандра ЧУГУЕВА.
Смотрите на сайте: бобруйский костел отметил вековой юбилей (30 фото)