Былы бабруйчанін Аляксандр Сапега атрымаў медаль «100 год дыпламатычнай службы Беларусі». Узнагароджанне адбылося 19 лютага ў Ліхтэнштэйне пад час урачыстага адкрыцця Консульства Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Сапега быў запрошаны як ганаровы госць.
Гэта ўжо другая ўзнагарода нашаму земляку ад Міністэрства замежных спраў – некалькі гадоў таму дзейнасць Аляксандра Сапегі была адзначаная Ганаровай граматай.
Аляксандр Сапега жыве ў Цурыху з 2006 году, куды пераехаў з Бабруйску, ажаніўшыся на швэйцарцы. Там Аляксандр узяў актыўны удзел у справах беларусаў-эмігрантаў, з часам узначаліў Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі.
Але штогод ён наведвае Беларусь і Бабруйск, пастаянна ладзіць і ўдзельнічае ў культурна-адукацыных і дабрачынных праектах.
На радзіме Аляксандр Сапега добра вядомы сваёй дабрачыннай і мецэнацкай дзейнасцю. А ў Бабруйску Аляксандр Сапега, напрыклад, дапамагаў Цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, дзецям-сіратам, шматдзетным сем'ям, ладзіў экалагічныя акцыі.
Сёння, 21 лютага, Александр Сапега гасьціць у родным Бабруйску. Разам з ганаровым амбасадарам ЮНІСЕФ Уладзімірам Пугачам, лідарам гурта J:морс, яны ладзяць дабрачынны выступ для выхаванцаў Камянецкага дому-інтэрнату.