
У Глускай сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Грахоўскага, як і па ўсёй краіне 21 лютага адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Але тут вырашылі не абмяжоўвацца адным днём, а размеркавалі мерапрыемствы на цэлы тыдзень. І вось 27 лютага, напрыканцы тыдня роднай мовы, у СШ № 1 адбылося вялікая мерапрыемства – «Сустрэча з самім сабою или Признание в любви», прысвечанае класіку беларускай літаратуры, знакамітаму земляку, імя якога носіць школа – Сяргею Грахоўскаму. На сустрэчу прыйшлі глушчане, прыехалі госці з Мінска, Бабруйска – усе яны добра ведалі асабіста або сустракаліся ў свой час з Сяргеем Іванавічам.
Гасцей правяла і пазнаёміла са школай яе дырэктар Людміла Маеўская. Наведалі госці ўнікальны школьны музей, амаль усе экспанаты якога адносяцца да жыцця і творчасці Сяргея Грахоўскага. Дырэктар музея Вольга Гааг правяла экскурсію і падзялілася асабістымі ўспамінамі пра Сяргея Іванавіча.
– У першай глускай школе з нашай сям’і я – ужо трэцяе пакаленне настаўнікаў беларускай мовы, і трэцяе пакаленне якое збірае і захоўвае усё, што звязана з Грахоўскім, – расказвала Вольга Гааг. – Ён вельмі любіў нашу школу і часта наведваўся. Сярод экспанатаў музея – фотакарткі, кнігі пісьменніка з яго аўтографамі і пажаданнямі вучням і настаўнікам. Увогуле, Сяргей Іванавіч быў простым чалавекам і вельмі любіў Глуск. Прагульваўся па яго вуліцах размеранымі крокамі, а па дарозе гаварыў з кожным, хто да яго звяртаўся.
Глускі пісьменнік Навум Сандамірскі пацвердзіў гэтыя словы, бо сябраваў з Сяргеем Іванавічам і неаднаразова састаўляў у гэтых прагулках па мястэчку яму кампанію.
Сярод экспанатаў музея ёсць унікальныя, адзіныя ў сваім родзе рэчы. Напрыклад, стары драўляны чамадан Грахоўскага, які захавала сям’я Марціновічаў – гэта цэлая гісторыя, якую мы ўжо расказвалі раней. Яшчэ адну гісторыю пра чамадан расказаў былы рэдактар «Бабруйскага жыцця» Аляксандр Казак:
– Зусім не выключана, што менавіта з гэтым чамаданам Сяргей Іванавіч у 1929 годзе прыехаў у Бабруйск у газету «Камуніст», якую ў той час узначальваў Міхась Лынькоў. А прывёз Грахоўскі ў газету свае вершы. І застаўся ў Бабруйску – пэўны час працаваў на лесакамбінаце, цяперашнім ФанДОКу.
Дарэчы, у Аляксандра Казака захаваўся фотаздымак Грахоўскага, які журналіст зрабіў на свой фотаапарат.
– У 1977 годзе ў рэдакцыю газеты «Камуніст», дзе я ў той час ужо працаваў, завітаў Сяргей Іванавіч, – успамінае былы рэдактар «Бабруйскага жыцця», – тут я ўпершыню пазнаёміўся з жывым класікам беларускай літаратуры і нават змог сфатаграфаваць яго. Гэты фотаздымак я хачу падарыць школьнаму музею, а таксама іншыя здымкі, звязаныя з бабруйскім перыядам жыцця Грахоўскага.
Архітэктар Галіна Левіна таксама падзялілася сваімі ўспамінамі пра Грахоўскага. Сяргей Іванавіч сябраваў з яе бацькам, Леанідам Менделевічам, бываў у гасцях. У сям’і захаваліся два зборнікі твораў пісьменніка, адзін з якіх быў падпісаны Сяргеем Іванавічам у 1985 годзе для Галіны ў дзень яе нараджэння.
Беларускі кінарэжысёр, пісьменнік Уладзімір Арлоў працаваў разам з Сяргеем Іванавічам над кінастужкай, бываў у яго дома і па сённяшні дзень сябруе з Таццянай Сяргееўнай, дачкой пісьменніка. Аднойчы з Уладзімірам Арловым зайшла ў Грахоўскага гаворка пра беларускую мову.
– Сяргей Іванавіч мне паскардзіўся, – успамінае рэжысёр, – што некаторыя успрымаюць беларускую мову нібыта матрыцай, калькай рускай. І тады ён напісаў два вершы: па-беларуску «Ветразь» і па-руску «Парус». Дык вось у беларускім вершы няма ні аднаго слова сугучнага з рускім варыянтам. Два рукапісы гэтых вершаў ён падараваў мне.
Дарэчы, вучні глускай першай школы падчас мерапрыемства чыталі абодва вершы і ў прысутных была магчымасць параўнаць іх.
Увогуле, удзельнічалі ў падрыхтоўцы да мерапрыемства амаль усе школьнікі ад 1-га да 11-га класа. Гучалі вершы і песні ў іх выкананні. Гасцей частавалі глускімі стравамі, зробленымі настаўнікамі, дзецьмі і іх бацькамі: на сталах былі наліснікі з рознымі начынкамі, дзьмухаўцы, фаршырованы шчупак, вылаўлены ў Пцічы, зуцы, бліны з печы ды шмат іншых страў.
Але найбольш прысутных уразілі жывыя фігуры: дзеці пераўвасобіліся ў розных літаратурных персанажаў з твораў школьнай праграмы, якія яны вывучалі на ўроках. Тут былі і героі Караткевіча Алесь Загорскі і Майка Раўбіч, і героі Мележа з рамана «Людзі на балоце» ды іншыя. «Героі» твораў нібы сышлі са старонак кніг і застылі ў сваіх вобразах. Гэта было прыгожа і кранальна.
Напрыканцы сустрэчы госці перадалі падарункі (унікальныя падарункі) школе і ад школы таксама атрымалі падарункі на памяць: цудоўных буслікаў, якіх сваімі рукамі зрабілі дзяўчаткі з 11-га класа і непаўторнага паху гарбату з глускіх зёлак.