Каб памяць жыла: унікальны музей пісьменніка і паэта Сяргея Грахоўскага ў глускай школе

515
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ. Фото аўтара.
У сярэдняй школе № 1 у Глуску захоўваюць памяць пра аднаго з сваіх самых выбітных выпускнікоў – Сяргея Грахоўскага. Музей, дзе сабраныя ўнікальныя экспанаты, адзіны ў сваім родзе ў Беларусі.
Снежань 2024 году. Глуск. Сярэдняя школа № 1.
Снежань 2024 году. Глуск. Сярэдняя школа № 1.
1970-я. Сяргей Грахоўскі.
1970-я. Сяргей Грахоўскі.

Сяргей Грахоўскі нарадзіўся 25 верасьня 1913 году ў мястэчку Нобель Пінскага павету, але ўжо праз год сямья пераехала ў Глуск. Ён паэт, празаік, перакладчык, публіцыст і літаратурны крытык, адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускай літаратуры, чые дзяцінства і маладосць прайшлі ў Глуску.

Глуская сярэдняя школа № 1 ужо на працягу 20 гадоў носіць імя Сяргея Грахоўскага – аднаго з самых выбітных сваіх выпускнікоў. Тут жа з 2004 года працуе музей, прысвечаны яго жыццю і творчасці.

Зусім нядаўна музей абнавіўся і папоўніўся новымі цікавымі, унікальнымі экспанатамі, звязанымі з жыццём і творчасцю Грахоўскага. Нас запрасілі паглядзець абноўленую экспазіцыю. Экскурсію правяла дырэктар музея і настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 Вольга Гааг.

Снежань 2024 года. Глуск. На тэрыторыі СШ № 1 – скульптурная кампазіцыя ў гонар паэта.
Снежань 2024 года. Глуск. На тэрыторыі СШ № 1 – скульптурная кампазіцыя ў гонар паэта.
Снежань 2024 года. Глуск. Дырэктар СШ № 1 Людміла Маеўская (злева) і дырэктар школьнага музея Вольга Гааг.
Снежань 2024 года. Глуск. Дырэктар СШ № 1 Людміла Маеўская (злева) і дырэктар школьнага музея Вольга Гааг.

Важна адзначыць, што ў Беларусі, акрамя школьнага музея Сяргея Грахоўскага ў Глуску, іншых буйных спецыялізаваных музеяў, цалкам прысвечаных яго творчасці, няма. Таму глускі школьны музей – унікальны і адзіны ў сваім родзе.

Ёсць тут і ўнікальныя экспанаты – прадметы, якімі карыстаўся пісьменнік, яго фатаграфіі, лісты. Іх падарыла школе дачка Сяргея Іванавіча, Таццяна. Фотаздымкі і частку сваёй перапіскі з Грахоўскім перадаў музею глускі пісьменнік Навум Сандамірскі. Раённы краязнаўчы музей таксама падзяліўся копіямі некаторых экспанатаў.

Снежань 2024 года. Глуск. Адноўлены кабінет пісьменніка ў памяшкані школьнага музея.
Снежань 2024 года. Глуск. Адноўлены кабінет пісьменніка ў памяшкані школьнага музея.

Калі заходзіш у памяшканне школьнага музея, як быццам трапляеш у кабінет пісьменніка. Вось стол і пісьмовая машынка, за якой аўтар працаваў (тут нават захаваўся арыгінал надрукаванага Грахоўскім верша), бюсты яго самых любімых паэтаў – Аляксандра Пушкіна і Якуба Коласа. Сямейны фотаздымак, лямпа... У шафе насупраць стала – кнігі...

Снежань 2024 года. Глуск. Чамадан Грахоўскага, зроблены з фанеры, які захаваўся ў сям'і Марціновічаў.
Снежань 2024 года. Глуск. Чамадан Грахоўскага, зроблены з фанеры, які захаваўся ў сям'і Марціновічаў.

А побач з шафай – чамадан Грахоўскага, зроблены з фанеры. Заўважце, усе пералічаныя экспанаты школьнага музея – арыгінальныя! Асабліва каларытны – чамадан. Пра яго Вольга Гааг распавяла сямейную гісторыю. Аказалася, што брат яе дзеда, Аркадзь Марціновіч, быў добра знаёмы з Грахоўскім і апошні неаднаразова бываў у іх дома ў гасцях. У адну з такіх паездак, у пачатку 1960-х, у чамадане Сяргея Іванавіча зламаўся замок. Таму свой чамадан ён пакінуў у Марціновічаў, а яму ў дарогу гаспадары далі такі ж самы. Такім чынам чамадан Грахоўскага і застаўся ў сям’і Марціновічаў, а іх нашчадак і зараз дырэктар школьнага музея Вольга Гааг, захавала, зберагла каштоўную рэч – і вось яна ўжо важны экспанат.

Снежань 2024 года. Глуск. Творы Грахоўскага з аўтографам аўтара, якія ён падараваў школе.
Снежань 2024 года. Глуск. Творы Грахоўскага з аўтографам аўтара, якія ён падараваў школе.
Дакументальнай аповесць Грахоўскага «Мястэчка... Мястэчка…»  ў часопісе “Полымя”
Дакументальнай аповесць Грахоўскага «Мястэчка... Мястэчка…» ў часопісе “Полымя”

У школьным музеі, безумоўна, ёсць творы Сяргея Грахоўскага, некаторыя з якіх нават з аўтографам аўтара, захоўваюцца публікацыі пра яго з раённай і нацыянальнай прэсы.

Адзін з цікавых для нас экспанатаў – публікацыя ў часопісе “Полымя” дакументальнай аповесці пра Глуск 1930-х гадоў «Мястэчка... Мястэчка…». Менавіта гэты твор Грахоўскага стаў крыніцай натхнення для другога глускага пісьменніка – Навума Сандамірскага. Натхніўшыся аповесцю Сяргея Іванавіча, і па яго ініцыятыве, ён напісаў сваю кнігу «Мястэчка-2» пра Глуск 1950-70-х, на аснове якой створаны і публікуецца на сайце «ВБ» цыкл артыкулаў «Мястэчка Глуск».

Цяпер ужо з упэўненасцю (і без перабольшвання) можна сказаць, што гэтыя два літаратурныя творы сталі важным унёскам у захаванне памяці пра гісторыю мястэчка і яго жыхароў.

Перапіска Сяргея Грахоўскага са школьнікамі першай глускай школы.
Перапіска Сяргея Грахоўскага са школьнікамі першай глускай школы.

Вельмі кранальны экспанат – перапіска пісьменніка са школьнікамі першай глускай школы. Адзін з лістоў напісаны вучнямі ў 1964 годзе (дарэчы, у той час Глуск адносіўся да Бабруйскага раёна), калі школа рыхтавалася адзначаць сваё стагоддзе.

Ёсць сярод экспанатаў – фотаздымкі некалькіх малюнкаў Грахоўскага. Малюнкі былі зробленыя, калі пісьменнік пасля свайго другога арышту жыў у высылцы ў Навасібірскай вобласці, таму на іх сібірскія пейзажы.

Снежань 2024 года. Глуск. Фотаздымак малюнка Грахоўскага.
Снежань 2024 года. Глуск. Фотаздымак малюнка Грахоўскага.

– Сяргей Іванавіч быў вельмі цікавым чалавекам, – адзначае дырэктар школьнага музея Вольга Гааг. – Цікавым і таленавітым. Таму мы бачым не толькі яго літаратурныя творы, а і мастацкія.

Асобнае месца ў музейнай экспазіцыі займаюць сямейныя здымкі Грахоўскага: яго маленькага з маці, цёткі, дзядзькі з Глуска – Бобрыкаў, здымкі бацькі, Сяргей Іванавіч з жонкай і дзецьмі ды іншыя.

1916 год. Глуск. Маленькі Сяргей Грахоўскі с маці. Гэты здымак - адзін з экспанатаў школьнага музея.
1916 год. Глуск. Маленькі Сяргей Грахоўскі с маці. Гэты здымак - адзін з экспанатаў школьнага музея.

Канешне ж, усіх, выстаўленых у школьным музеі экспанатаў, нельга пералічыць у адным артыкуле – іх вельмі багата.

Увогуле, як адзначыла дырэктар глускай сярэдняй школы № 1 Людміла Маеўская, у будучым музей будзе дапаўняцца інфармацыяй і экспанатамі, прысвечанымі іншым знакамітым выпускнікам школы, якіх шмат.

Снежань 2024 года. Глуск. Адзін з экспанатаў школьнага музея - здымак пісьменніка ў яго кватэры.
Снежань 2024 года. Глуск. Адзін з экспанатаў школьнага музея - здымак пісьменніка ў яго кватэры.

– Наш музей называецца “Музей школьнай славы”, – адзначыла Людміла Маеўская. – Безумоўна, галоўнае, пачэснае месца ў ім заўсёды будзе прысвечана Сяргею Іванавічу, але мы плануем паступова дапаўняць экспазіцыю экспанатамі, звязанымі з іншымі нашымі выбітнымі выпускнікамі. Планаў, ідэй наконт музея ў нас вялікая колькасць. Будзем спадзявацца, што ўсе яны здзейсняцца, прынамсі, мы прыложым дзеля гэтага ўсе намаганні.

Снежань 2024 года. Глуск. У школьным музеі захоўваюцца пажаданні гасцей школы вучням і настаўнікам. На гэтым здымку - пажаданне паэта Генадзя Бураўкіна.
Снежань 2024 года. Глуск. У школьным музеі захоўваюцца пажаданні гасцей школы вучням і настаўнікам. На гэтым здымку - пажаданне паэта Генадзя Бураўкіна.

У школьным музеі з 2004 года, калі ўстанове прысвоілі імя Грахоўскага, захоўваюцца пажаданні гасцей школы вучням і настаўнікам. Свае допісы ў розны час пакінулі паэт Генадзь Бураўкін, пісьменніца Вольга Іпатава, літаратурны крытык і сябар Сяргея Іванавіча Лідзія Савік, дачка паэта Таццяна Грахоўская (і неаднаразова), пісьменнік Навум Сандамірскі, ураджэнец Глуска кардыяхірург Барыс Туміловіч, архітэктар Галіна Левіна, журналіст, тэлевядучы Навум Гальпяровіч і многія іншыя. Вельмі адказна, хвалююча, але прыемна было пісаць такое ж пажаданне ад сябе асабіста і ад «Вячэрняга Бабруйска».