Шаноўныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай.
Сучасны свет сёння як ніколі патрабуе гэтай радаснай весткі, ён патрабуе дапамогі Змёртвыхпаўсталага Езуса. Складаныя часы даюцца затым, каб мы зноў ўсвядомілі каштоўнасць самых простых і звычайных рэчаў. А Уваскрашэнне Езуса – гэта магчымасць у супакоі і цішыні нанава адкрыць каштоўнасць і непаўторнасць жыцця ў святле Божай праўды.
«Не бойцеся!» – кажа Пан Бог. Так, існуе так шмат праблемаў, якія чалавек сам, сваімі сіламі не ў стане вырашыць. Але Хрыстус, які трымае на сваіх далонях усю планету, сёння чакае чалавека, яго малітвы, жадання размаўляць з Богам.
«Не бойцеся!» – Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Змёртвыхпаўстаннем збавіў людзей — і таму гэта радасць нас усіх аб’ядноўвае. Няхай урачыстае «Алелюя» загучыць у нашых сэрцах, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць усіх новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!
Будзьма жа людзьмі вялікоднай радасці!
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, ксёндз-канонік, дэкан Бабруйскага дэканата Андрэй Яркавец.