7 красавіка ў Чырвоным касцёле на традыцыйнай перадпасхальнай прэс-канфэрэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў, як будзе арганізавана правядзенне велікодных набажэнстваў у касцёлах Беларусі ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Мітрапаліт чарговы раз заклікаў не хадзіць на службы хворых, састарэлых, дзяцей і ўсіх хто непакоіцца за сваю бяспеку.
«Я не магу загадаць не ісьці ў касьцёл, але я заклікаю глядзець на стан свайго здароўя і выконваць неабходную дыстанцыю падчас наведваньня храма».
Каталіцкі іерарх падцвердзіў, што ў беларускіх касцёлах выконваюцца ўсе гігіенічныя перасцярогі і нават змененыя некаторыя абрады – напрыклад, кропельніцы не запаўняюцца свянцонай вадой, адмененае цалаванне крыжа, будзе прапушчаны абрад абмыцця ног. Благаслаўленне велікодных страваў у Вялікую суботу, калі будуць адпавядаць умовы і надвор’е, заахвочваецца здзейсніць звонку на прылеглай да касцёла тэрыторыі.
«Вы бачыце, Касцёл робіць шмат для таго, каб захворванняў не было. У Пальмовую нядзелю ў большасці касцёлаў цэлебравалася святая Імша на вуліцы, каб была, як кажуць сёння, сацыяльная дыстанцыя».
Перанесеныя на больш позні час многія мерапрыемствы: напрыклад, агульнабеларуская пілігрымка ў Ватыкан на святкаванне 100-годдзя нараджэння Яна Паўла ІІ пераносіцца з траўня на восень. Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы таксама пераносіцца на пазнейшы час.
Урачыстасці ў Будславе, якія праводзяцца на пачатку ліпеня, не адмяняюцца: ёсць спадзяванне, што сітуацыя з каранавірусам да гэтага часу ўнармуецца.
Некаторыя мерапрыемствы і набажэнствы праводзяцца ў выглядзе відэатрансляцый. Арцыпастыр падкрэсліў, што важна, каб вернікі сачылі менавіта за анлайн-трансляцыяй, глязелі прамое ўключэнне, а не відэазапіс Імшы.
Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на недастатковае інфармаванне пра эпідэмічную сітуацыю з боку адказных дзяржаўных структур.
«Я не хачу ўваходзіць у рашэнні дзяржаўных уладаў, але (...) варта прыйсці і сказаць, разам паразмаўляць: у нас ёсць шмат пытанняў».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў журналістам, што запрасіў міністра аховы здароўя, каб задаць пытанні: «Што мы павінны рабіць? Чыму вы нічога не кажаце?! Я праз вас, праз медыя, хачу сустрэчы з кімсьці адказным, канкрэтныя адказы каб былі».
«Да нас шмат людзей прыходзіць, а мы не спецыялісты; мы самі не ведаем, што рабіць, а з боку Міністэрства аховы здароўя няма ніякай ініцыятывы».
Пры гэтым арцыбіскуп адзначыў што наагул ахова здароўя у краіне пастаўлена на добрым узроўні і эмацыйна падзякаваў медыкам за самаахвярнае змаганне з эпідэміяй:
«Трэба дзякаваць медыкам за іх высілкі, і сёння нават укленчыць можам перад імі за іх ахвярнасць! Ужо ёсць і смяротныя ахвяры нават сярод медпэрсаналу...».