«Трэ ў Бабруйску бываць часцей». Бабруйск наведала вядомая выканаўца беларускіх песень Таццяна Грыневіч-Матафонава

4044
Дзяніс СУДНІК. Фота аўтара.
1 лютага ў бабруйскім тайм-клубе «13:87» адбылася творчая сустрэча з вядомай выканауцай беларускіх песень і рамансаў Таццянай Грыневіч-Матафонавай.
Таццяна Грыневіч-Матафонава
Таццяна Грыневіч-Матафонава

Артыстка выканала песні на беларускай мове ў суправаджэнні гітары на вершы сучасных і класічных беларускіх паэтаў, таксама з вядомых фільмаў беларускага кінематографа. Прагучалі папулярныя ў свеце хіты ў перакладзе на беларускую мову, напрыклад знакамітая «Besame mucho», упершыню запісаная тэнарам Эміліо Туэро. А вядомую, напэўна, кожнаму беларусу – і дзіцяці, і сталаму – калыханку «Доўгі дзень» на словы Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка аўдыторыя спявала разам з Таццянай.

Кранальныя, шчымлівыя рамансы, здавалася, пранікалі ў самае сэрца гледачоў...

Адбылася таксама невялікая прэзентацыя дыскаў: трох аўдыёдапаможнікаў па беларускай літаратуры («Галасы паэтаў, «Сотня вершаў», «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі»), дапаможніка па народных танцах і песенных зборнікаў (дзіцячыя, рамансы і г.д.). І ўсе гэтыя запісы ў электронным выглядзе Таццяна пакінула ў тайм-клубе ў падарунак (хто жадае спампаваць, звяртайцеся да адміністратараў).

Распавяла спадарыня Таццяна і пра канцэрты для беларусаў дальняга замежжа, пра вандроўкі па Беларусі. У Бабруйск Таццяна завітала з выступамі ўжо трэці раз. Кажа, наш горад заўсёды прымаў вельмі цёпла, таму будзе радая прыязджаць і надалей. Тым больш і гэтая сустрэча была па-сяброўску, па-хатняму цёплай ды ўтульнай.

А напрыканцы шчэ і вясёлай. На развітанне Таццяна Грыневіч-Матафонава зладзіла сапраўдны майстар-клас па традыцыйных беларускіх народных танцах, як было заведзена ў беларусаў – пад скрыпку і дуду. А за акном быў імглісты вечар першага дня апошняга месяца зімы...

Вольга Рудая, Таццяна Грыневіч-Матафонава, Зміцер Мурашка
Вольга Рудая, Таццяна Грыневіч-Матафонава, Зміцер Мурашка