Малая радзіма вялікага пісьменніка. У Глушы адкрылі «Прыпынак Адамовіча» (+ ВІДЭА)

4007
Тэкст, фота і відэа: Дзяніс НОСАЎ
6 кастрычніка ў Глушы падчас фестываля «Глушанскі хутарок» урачыста адкрылі «Прыпынак Адамовіча» – аўтобусны прыпынак, аздоблены ў гонар славутага земляка Алеся Адамовіча. Глядзіце відэа або чытайце наш рэпартаж з месца падзеі.

Арт-аб'ект размясціўся на «галоўнай вуліцы» Глушы, на трасе Бабруйск – Слуцк. Дзяцінства і юнацтва знакамітага беларускага празаіка, публіцыста, кінасцэнарыста Алеся Адамовіча прайшло ў Глушы. Тут ён знайшоў і спачын. Захаваць і ўшанаваць ягоную памяць ва ўмовах пастаяннага недахопу часу і сродкаў у дзяржавы вырашылі грамадзкія актывісты. Пакуль працягваецца збор сродкаў на помнік і музей, ідзе ўзгадненне праектнай і іншай дакумэнтацыі, ініцыятыўная група вырашыла пайсьці нестандартным шляхам і звычайны аўтобусны прыпынак ператварыць у мэмарыял у сучасным стылі – мастацкую прастору.

Ініцыятар кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча, бабруйчанін Андрэй Архіпенка
Ініцыятар кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча, бабруйчанін Андрэй Архіпенка

– Мы падумалі, што гэта прыцягне ўвагу нават да самой Глушы, – расказвае галоўны ініцыятар кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча, бабруйчанін Андрэй Архіпенка. – Людзі праязджаюць праз Глушу – убачаць нешта незвычайнае, цікавае для сучаснага пакалення, спыняцца і лішні раз узгадаюць пра Алеся Адамовіча. Ідэя нарадзілася ў сакавіку, калі былі сабраныя подпісы за помнік і атрыманыя адказы з Міністэрства культуры пра пачатак узгадненняў. У траўні правялі конкурс, выбралі варыянт аздаблення, і ў мінулыя выхадныя мастак Алесь Благій размаляваў прыпынак.

Цяпер на сценах прыпынка – вялікі партрэт Алеся Адамовіча, карта Беларусі з асобна пазначанай Глушай і цытата з аўтабіяграфічнай аповесці «Vixi».

На сцяне прыпынка – мапа Беларусі.
На сцяне прыпынка – мапа Беларусі.

– Калі мне сказалі пра ідэю такога прыпынка, я нават не зразумела, што гэта і як можа быць, – прызнаецца Наталля Адамовіч, дачка пісьменніка. – Тым больш не магла б такое прыдумаць сама. А потым праніклася, ідэя мне вельмі спадабалася, я сама прапанавала канкрэтную цытату з твора. У ёй – пра прыезд дадому, пра любоў да сваёй радзімы, да Глушы. Якраз пасуе для прыпынка.

На адкрыццё «Прыпынка Адамовіча» прыехала шмат бабруйчан, са сталіцы прыехалі скульптар будучага бюста пісьменніка Генік Лойка, палітык Таццяна Караткевіч – кіраўнік грамадскага аб’яднання «Гавары праўду», сябрам якога з'яўляецца Андрэй Архіпенка, – і журналіст Зміцер Бартосік, які ў мінулыя гады выступаў на «Глушанскім хутарку» са сваімі песнямі. Прыехалі і групы дзяцей з бабруйскага Цэнтра турызму і краязнаўства.

Скульптар Генік Лойка з эскізам бюста.
Скульптар Генік Лойка з эскізам бюста.

– Мы хацелі спалучыць наведванне фэста і экскурсію па мясцінах Адамовіча, – расказвае кіраўніца краязнаўчага гуртка Таццяна Ачыновіч. – Тым больш такая нагода, адкрыццё цудоўнага прыпынка. І толькі прыязджаем у Глушу, як нам мясцовы жыхар кажа: «А вы былі на нашым новым прыпынку? Абавязкова схадзіце!».

Актывісты кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча: Наталля Халанская, Алеся Лацінская, Марына Малчанава, Андрэй Архіпенка і Наталля Адамовіч.
Актывісты кампаніі па ўшанаванні памяці Адамовіча: Наталля Халанская, Алеся Лацінская, Марына Малчанава, Андрэй Архіпенка і Наталля Адамовіч.

Яшчэ ў Глушы плануецца стварыць музэй Алеся Адамовіча ў будынку былой аптэкі: тут працавала мацi пісьменніка, і сам будынак – герой аповесці «Вайна пад стрэхамі». У наступным годзе мае быць усталяваны бюст – ці на пляцоўцы між музеем і сельсаветам, ці на плошчы перад Домам культуры.

Будынак былой аптэкі, дзе плануюць адкрыць музей Алеся Адамовіча.
Будынак былой аптэкі, дзе плануюць адкрыць музей Алеся Адамовіча.