У Бабруйску была свая Алея кахання. Сакрэты старых паштовак пачатку мінулага стагодззя

4118
Віталь МУРАШКЕВІЧ, Дзяніс НОСАЎ. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ i з архiва Віталя Мурашкевіча
Калі разглядаеш краявіды старога Бабруйска на фотоздымках, што захаваліся, кідаецца ў вочы неверагодная колькасць дрэў і зеляніны ў горадзе напачатку ХХ стагоддзя. Мы знайшлі рамантычнае месца больш чым стогадовай даўніны. Што з ім стала цяпер?

Напрыканцы лета «Вячэрні Бабруйск» пытаў у мінакоў, якія месцы ў горадзе яны лічаць самымі рамантычнымі, добрымі для спакойнага гуляння. Гэткіх месцаў набралося няшмат. Цяпер мы працягваем тэму – знайшлі рамантычнае месца больш за стогадовай даўніны, нават адпаведна падпісанае.

Бабруйская Алея кахання пачатку XX стагоддзя
Бабруйская Алея кахання пачатку XX стагоддзя

Раней літаральна ўвесь Бабруйск тануў у засені ліпавых, таполевых і, вядома ж, знакамітых каштанавых прысад. Гэта было не толькі прыгожа, але і карысна: летам было дзе схавацца ад спёкі і пылу цэнтральных вуліц. У той час як на Мураўёўскай, Скобелеўскай і Раманаўскай віравала дзелавое жыццё, моладзь і закаханыя шукалі спакою недзе ў баку ад цікаўных вачэй. Па модзе таго часу самыя зацішныя месцы ў парках ці месцы, што пасавалі для прагулак, называлі Алеямі кахання. Звычайна гэта былі маляўнічыя мясціны, дзе пад шатамі старых ліпаў, клёнаў ці дубоў рабілі любоўныя прызнанні альбо проста абмяркоўвалі апошнія навіны. Свае Алеі кахання мелі Мінск, Гродна, Ліда, Бабруйск і нават Асіповічы. Некаторыя з іх перыядычна ўзгадваюцца ў гістарычных аглядах, а пра некаторыя, як пра бабруйскую, праз 100 гадоў забыліся і жыхары-старажылы і прэса. Добра, што захаваліся старыя паштоўкі, і бабруйскую Алею кахання мы можам узгадаць і ўбачыць.

28.10.2022. Бабруйск. Віталь Мурашкевіч на сёняшняй вуліцы Ермака дэманструе яе гістарычны здымак
28.10.2022. Бабруйск. Віталь Мурашкевіч на сёняшняй вуліцы Ермака дэманструе яе гістарычны здымак

Вось адпаведна падпісаны здымак выдавецтва Хургіна: метраў 300 роўнай брукаванкі, агароджанай частымі слупкамі, паабапал якой насаджаны таполі. У далечыні ад фатографа стаіць нейкі франт ў капелюшы. За ім відаць байніцы казематаванага люнета бабруйскай крэпасці, пабудаванага яшчэ напярэдадні вайны 1812 г. Гэты будынак добра захаваўся да нашых дзён і цудоўна паказвае месца здымка: непадалёк старога вакзалу чыгуначнай станцыі «Бярэзіна», на цяперашняй вуліцы Ермака. Калі ісці ад базару да вакзалу, перад ім на развілцы звярнуць налева – гэта і будзе вуліца Ермака, і наперадзе ўжо будуць бачныя крэпасныя муры. Ужо без «памех» ад дрэваў…

Алея Кахання. Сучасны вiд на карце Google.
Алея Кахання. Сучасны вiд на карце Google.

Цікава, што існуе іншая гістарычная паштоўка пра гэтага месца: амаль ідэнтычны здымак з таго ж ракурсу, але падпісаны па іншаму – «Крэпасны гай».

Iдэнтычны здымак з таго ж ракурсу, але падпісаны па іншаму – «Крэпасны гай». З калекцыі Віталя Мурашкевіча
Iдэнтычны здымак з таго ж ракурсу, але падпісаны па іншаму – «Крэпасны гай». З калекцыі Віталя Мурашкевіча

У адрозненні ад «Алеі кахання» на ім бачныя ўжо два чалавечыя сілуэты, а сам здымак заліты мяккім сонечным святлом. І выдавецтва іншае – Духіна і Вальфсона. Але галоўная адметнасць гэтай паштоўкі – добра бачны паштовы штэмпель і дата адпраўлення: 19.11.1908.

28.10.2022. Бабруйск. Сёняшняя вуліца Ермака і ейны гістарычны здымак
28.10.2022. Бабруйск. Сёняшняя вуліца Ермака і ейны гістарычны здымак
28.10.2022. Бабруйск. Віталь Мурашкевіч на сёняшняй вуліцы Ермака
28.10.2022. Бабруйск. Віталь Мурашкевіч на сёняшняй вуліцы Ермака

Выходзіць, паштоўка з «Крэпасным гаем» прайшла пошту адной з самых першых сярод астатніх гарадскіх відаў. Прынамсі, вядомы прафесар, гісторык і фалькларыст Аляксей Ненадавец, які сам мае найбольшую калекцыю бабруйскіх паштовак, лічыць час іх з’яўлення не раней за 1910-я. Тым цікавей, што дзве паштоўкі адной і той жа мясціны, знятыя з аднаго ракурсу і хутчэй за ўсё адным фатографам у адзін час, выдадзеныя двума рознымі выдаўцамі і падпісаныя ўсё ж па-рознаму. Каб вылучыцца і не выклікаць спрэчак. Нягледзячы на адсутнасць тады аўтарскага права правы свайго і чужога бізнэсу бабруйчане паважалі.

Від люнэта з боку порта, 1918 год.
Від люнэта з боку порта, 1918 год.
28.10.2022. Бабруйск. Від з крэпаснога валу на Бярэзіну і затон
28.10.2022. Бабруйск. Від з крэпаснога валу на Бярэзіну і затон

Дарэчы, у Бабруйску выраблялі паштоўкі не толькі ўласна нашага горада, а таксама і для іншых гарадоў і мястэчак: Жлобіна, Асіповіч, Беразіно, Глуска, Парыч і г.д. Напрыклад, вось такой засняў «Алею кахання» ў Асіповічах невядомы фатограф па замове бабруйскай кніжнай крамы «Веды» (тут модная назва глядзіцца, вядома ж, здзекам).

Свае Алеі кахання мелі Мінск, Гродна, Ліда, Бабруйск і нават Асіповічы.
Свае Алеі кахання мелі Мінск, Гродна, Ліда, Бабруйск і нават Асіповічы.

Відавочна, бабруйская Алея кахання, хоць і была пад’ездам да крэпасці і порту, выглядала вельмі прывабна. На жаль, стаўшы вуліцай Ермака, яна пазбавілася ад ўсякага налёту рамантыкі, раскідзістыя таполі саступілі пад напорам жылых дамкоў і плотаў… А стары крэпасны люнет цяпер служыць надзейным сховішчам для садавіны і гародніны – і тое добра, дзякуючы гэтаму хоць захаваўся.

28.10.2022. Бабруйск, завулак Цыялкоўскага, 30. Казематаваная вежа крэпаснога люнету . Помнік архітэктуры.
28.10.2022. Бабруйск, завулак Цыялкоўскага, 30. Казематаваная вежа крэпаснога люнету . Помнік архітэктуры.

Зрэшты, некалькі год таму па суседзтву з гэтым месцам здымалі кінастужку па матывах вядомых раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча». Вось так і вярнуліся сюды рамантыка і старасвецкія шпацыры.

Від на былую Алею кахання на нямецкім фотаздымку 1941 г.
Від на былую Алею кахання на нямецкім фотаздымку 1941 г.
28.10.2022. Бабруйск, завулак Цыялкоўскага, 30. Казематаваная вежа крэпаснога люнету . Помнік архітэктуры.
28.10.2022. Бабруйск, завулак Цыялкоўскага, 30. Казематаваная вежа крэпаснога люнету . Помнік архітэктуры.

ДАРЭЧЫ

Бабруйскі бібліятэкар Віталь Мурашкевіч, цікавіцца старымі паштоўкамі, і ўжо сабраў немалую калекцыю з выявамі Бабруйска. Віталь нават стварыў суполку «Паштоўкі з Бабруйска» у Інстаграме і ВКонтакте – і запрашае ўсіх цікаўных разам збіраць і вывучаць гісторыю нашага горада па паштоўках і старых фота. «Магчыма, тады руйнаваць будынкі стануць радзей, – кажа Віталь, – а турыстаў у Бабруйску прыбавіцца!»

Чытайце таксама: