«Пародзісты ці не – не так важна». Наведалi выстаўку катоў у Бабруйску

2115
Сямён ЮШКЕВIЧ. Фота аўтара
6 красавіка ў выставачнай зале Бабруйскага мастацкага музея (вул. Сацыялiстычная, 100) адкрылася выстаўка катоў, зладжаная клубам «Бастэт».
6.04.2024 г. Людміла Сяргееўна з сям'ёй.
6.04.2024 г. Людміла Сяргееўна з сям'ёй.

Прыемна было бачыць, як багата завітала на яе сем’яў з дзецьмі, школьнікаў і проста неабыякавых да братоў нашых меншых жыхароў горада.

Кожны наведвальнік мог аддаць свой голас за ўпадабаную жывёлу ў выглядзе налепкі. Паводле вынікаў такога галасавання пухнаты з самай вялікай колькасцю галасоў-налепак узнагароджваецца кормам і атрымлівае ганаровае званне, для кагосьці нават не першае, як для гадаванцаў адной са шматлікіх удзельніц выстаўкі – Людмілы Сяргееўны, якая з прыемнасцю пагадзілася адказаць на нашыя пытанні.

6.04.2024 г. Людміла Сяргееўна з катом Грэем.
6.04.2024 г. Людміла Сяргееўна з катом Грэем.

Пані Людміла, раскажыце нам, калі ласка, пра вашых цудоўных катоў.

– У нашай сям’і ажно шэсць катоў, мы ўсіх іх вельмі любім! Адна з іх – па мянушцы Саванна, належыць да надзвычай рэдкай пароды Ф4. Паходзіць яна ад гепардаў, што моцна адбіваецца на яе паводзінах: Саванна дае сябе лашчыць толькі тады, калі сама захоча. Яшчэ яна любіць знаходзіцца па-над усімі астатнімі катамі ў доме, можа нават біць іх, сцвярджае гэтак сваё «панаванне», хаця і неласкавай яе назваць таксама нельга. Самае галоўнае – не браць на рукі. Для Саванны гэта ўжо чацвёртая выстаўка, на якіх яна заўсёды перамагае. На папярэдняй, у Слуцку, яна нават атрымала званне «чароўнай пані»! А вось яшчэ адзін, Грэй, хатні кот, пароды ў яго няма, але вельмі прыгожы, добры. Ён упершыню ўдзельнічае ў выстаўцы, таму трошкі хвалюецца, сёння ж столькі наведвальнікаў, асабліва дзяцей, і багата хто праяўляе цікавасць менавіта да яго.

Калі раптам нашыя чытачы зацікавяцца, то якія галоўныя патрабаванні да ўдзельнікаў выстаўкі?

– Галоўнае – жаданне. Бо трэба падрыхтавацца, прыйсці ў выходны дзень. Я ведаю багата людзей у нашым горадзе з прыгожымі катамі, але не кожны гатовы траціць свой час на гэта. А пародзісты ваш кот, ці не – не так важна. Наш Грэй, напрыклад, не мае пароды. І, канешне, ваша жывёла мусіць быць дагледжанай.

6.04.2024 г. Выстаўка катоў, зладжаная клубам «Бастэт».
6.04.2024 г. Выстаўка катоў, зладжаная клубам «Бастэт».

Як вы думаеце, якая галоўная мэта падобных мерапрыемстваў?

– Мне падаецца, што падобныя выстаўкі перш за ўсё спрыяюць выхаванню ў людзях, асабліва ў маладым пакаленні, любові да жывёл. Тут дзеці могуць паглядзець на коцікаў розных парод. І зусім маленькім дзеткам, і школьнікам мы адкрываем клеткі, каб яны маглі іх прылашчыць, пагладзiць. Калі бачыш гэта, то так добра робіцца на душы. Так што, выстаўкі катоў – гэта не толькі пра камерцыю, прынамсі для мяне (усміхаецца).

Выстаўка скончылася дэфіле катоў у адмыслова для гэтага пашытых касцюмах. Для дзяцей арганізатарамі ладзіліся тэматычныя гульні-забаўлянкі.

6.04.2024 г. Выстаўка катоў, зладжаная клубам «Бастэт».
6.04.2024 г. Выстаўка катоў, зладжаная клубам «Бастэт».

ДАВЕДКА

Грамадскае аб’яднанне «Клуб аматараў катоў «Бастэт» г. Бабруйска» месціцца па вуліцы Фрыдрыха Энгельса, 75-а, офіс 2. З моманту заснавання ў 2009 годзе налічвае сотні ўдзельнікаў. Старшыня клуба – Вольга Шавель, тэл. +375-44-708-21-90.