«Агульная дыктоўка» пройдзе ў Беларусі ў чацвёрты раз, у 2020 годзе напісаць тэкст на роднай мове вырашылi больш за 3 000 чалавек. Каб стаць паўнапраўным удзельнікам праекта ў 2022 годзе, трэба зарэгістравацца на сайце i адзначыць месца, дзе плануеце пісаць: анлайн ці ў Lidbeer DVOR.
3 верасня а 15:00 на youtube-канале і на пляцоўцы ў Мінску пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку i ліст фармату А4. Абмежаванняў па ўзросту, геаграфіі і нават узроўню мовы для ўдзельнікаў няма – для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасна і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць.
Сёлета тэкст дыктоўкі зачытае культавы дыктар беларускага радыё і тэлебачання Уладзімір Баклейчаў. Практычна з першага дня адкрыцця яго голасам «кажа» мінскі метрапалітэн, дзякуючы яму амаль кожны беларус ведае, як гучыць на роднай мове «Нямiга», «Кастрычнiцкая» ці «Купалаўская».
За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ «Лідскае піва» пералічыць 5 руб. на набыццё новага экспаната для ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей», для яго вядомага на ўсю краіну філіяла – Лідскага замка.
Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19. 00. Выстаўляць адзнакi будуць прафесійныя філолагі, свае вынікі з каментарамі адмыслоўцаў можна будзе ўбачыць праз 3-4 дні таксама ў асабістым кабінеце.
Выдатнікі, якія напішуць дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў, атрымаюць запрашальныя бiлеты ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. На чатырох паверхах гістарычнага будынка сабраныя тысячы экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўныя, прысвечаныя гісторыі легендарнага піўзавода і яго заснавальніка Носеля Пупко. Гэты музей з яго экскурсіямі і дэгустацыямі – новая «скарбніца» на карце Беларусі і яшчэ адна нагода наведаць сучасную Ліду.