Мой дзед Юрка: «А вайна? Ну яе да д’ябла! Думайце лепей, дзеткі, пра мір»

1883
П. ЛЕВАНОВІЧ. Фотаздымкі з архіва аўтара
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая для беларускага народа зрабілася сапраўднай трагедыяй. Падаём рэальныя ўспаміны чалавека, які бачыў гэту вайну на ўласныя вочы.

22 чэрвеня, калі немцы пачалі бамбіць беларускія гарады і вёскі, мой дзед Юрка спаў сабе мірна на сенавале. Сніў ён сенакос. Напярэдадні ён сапраўды касіў траву на балоце разам з суседзямі Іллёй і Пятром. Пасля чаго мужчыны добра назюзюкаліся. Юрка ледзь прыпоўз дадому і патрапіў пад гарачую руку жонкі. Мусіў ночыць у духмяным чабаровым сене.

Мой дзед Юрка. Фотаздымак зроблены яшчэ да вайны, недзе ў 1939 годзе
Мой дзед Юрка. Фотаздымак зроблены яшчэ да вайны, недзе ў 1939 годзе

Прызвалі майго дзеда, як і іншых мужчын, у самым пачатку вайны. Юрка згадваў, што падчас развітання жанчыны гучна галасілі, нібы па нябожчыках. У дзедавай сям’і было ажно 11 дзяцей, і ўсе дзеўкі. На развітанне Юрка папярэдзіў цяжарную жонку Мар’ю, што калі яна народзіць яшчэ адну дзеўку, то ўжо добра атрымае пугай па спіне. «Ідзі ты лесам, прыдурак! Каго зрабіў, таго і нараджу», – адказвала, выціраючы слёзы, Мар’я.

Мужчын пагналі пешшу на чыгуначны вакзал у Магілёў. У торбе дзеда быў шматок сала і бохан толькі што спечанага хлеба. У сельсавеце папярэдзілі, што карміць першыя дні ня будуць.

На вакзале вяскоўцаў пагрузілі ў драўляныя вагоны і некуды павезлі. Куды? Немаведама. Недзе праз гадзіну цягнік абстралялі. Дзед казаў, што адразу ж забілі некалькі яго знаёмых. Іх целы выкінулі з вагона. Шмат было параненых.

Юрка быў адукаваны, паспеў адвучыцца ў педінстытуце, выпісваў газету «Саха і молат», таму занатоўваў усё, што з ім адбываецца, у зяленым школьным сшытку. Праўда, у 1942 годзе той сшытак дзед распусціў на цыгарэты. Таму распавядаў тое, што памятаў.

Спачатку ваяваў пад Смаленскам. Там упершыню ўбачыў нямецкі танк. Казаў, што першай рэакцыяй было жаданне схавацца, ушыцца ў якую нару і не вытыркаць носа. Наогул, Юрка не любіў згадваць пра вайну. Увесь час аднекваўся – то няма калі, то адчапіся, то няма там чаго згадваць. Калі па тэлевізары паказвалі кінастужкі пра вайну, выходзіў з хаты. На 9 мая моўчкі піў гарэлку разам з бязногім франтавіком Шурам. З Юркавай вёскі пайшло на вайну больш за 50 мужчын. Вярнуліся шасцёра, усе – скалечаныя, параненыя.

Жонка Юркі, мая бабуля Мар'я. Калі менавіта зроблены фотаздымак, сказаць цяжка
Жонка Юркі, мая бабуля Мар'я. Калі менавіта зроблены фотаздымак, сказаць цяжка

Мар’я, пэўна з перапуду, нарадзіла майго бацьку Івана – дванаццатага, падшкробыша. Неяк бацька папрасіў Юрку выступіць у школе, падзяліцца ўспамінамі пра вайну. Той катэгарычна адмовіўся. Сказаў, што такое лепш не ўспамінаць. Дзед прайшоў праз усю вайну шэрагоўцам. 24 ліпеня 1944 года ваяваў на 2-м Беларускім фронце, быў цяжка паранены ў Польшчы. Атрымаў самую паважаную простымі салдатамі ўзнагароду – медаль «За адвагу».

Мяркую, да месца тут працытаваць так званы Наградны ліст (падаю на мове арыгінала):

«Красноармеец Евменьков, будучи в должности стрелка, принимал активное участие в боях с немецкими захватчиками с 18.07.1944 г. по 24.07.1944 г. и в бою восточнее города Ломжа (Польша) получил тяжёлое ранение в грудь».

Неяк я запытаўся ў дзеда, што адбылося на самой справе, і чаму ён не носіць медаль? Юрка скрозь зубы працадзіў: «Усіх забілі, а я нейкім цудам выжыў. У ляску гэта было сасновым. Зямля там нейкая дзіўная – пясочак, дробны такі, белы. Далі загад капаць акопы, ну мы і выкапалі, як потым высветлілася, сабе магілы. Немец спачатку абстраляў з гармат, а потым пайшоў у атаку. Я схапіў кулямёт і пачаў страляць. Куды страляў – не бачыў. Гэта апошняе, што памятаю».

Юрку адкапалі з акопнага пяску мясцовыя жыхары. Куля прайшла крыху ніжэй за сэрца. У шпіталі лекары хісталі галовамі, казалі, што дзед хутка памрэ.

«А я не здох! – сумна ўсміхаўся дзед. – Хацеў даведацца, каго нарадзіла мая Мар’я. З таго дня вось ужо колькі год кукішы смерці паказваю! А вайна? Ну яе да д’ябла! Думайце лепей, дзеткі, пра мір».

Наградный ліст на майго дзеда. Зараз знаходзіцца ў вайсковым архіве
Наградный ліст на майго дзеда. Зараз знаходзіцца ў вайсковым архіве

Читайте также: