Аляксей Ненадавец: у чым сэнс «народнай Каляды»?

7972

На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў — з 24 снежня па 6 студзеня, ў праваслаўных вернікаў — з 6 па 21 студзеня. Але ж язычніцкія Каляды, якія добра захаваліся і да сёння і актыўна бытуюць у многіх беларускіх вёсачках і гарадах, не мелі дачынення ні да католікаў, ні да праваслаўных.

У чым сэнс «народнай Каляды»? Аб гэтым мы сёння вядзем размову з вядомым у нашых краях даследчыкам фальклору Аляксеем Ненадаўцам.

 

ДЛЯ ДАВЕДКI

Аляксей Мiхайлавiч Ненадавец  нарадзі ўся ў 1958 годзе ў в.Чухава Пинскага раёна Брэсцкай вобласці.

Беларускі фалькларыст, літаратуразнаўца, краязнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар.

Скончыў Гомельскі універсітэт. Выкладаў у ім з 1985 па 1989 год, с 1992-га — у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь. Сення — заг. кафедрай грамадскіх дысцыплін Бабруйскага філіяла БДЭУ.

Яго пяру належаць: манаграфіі па міфалогіі і фальклору «Пакланіцеся дубу» (1993), «Святло таямнічага вогнішча» (1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999), «Сілаю слова: Чорная і белая магія» (2002); артыкулы пра фальклор Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў у кнігах серыі «Памяць» (2002, 2003), зборнікі легенд аб паходжанні назваў населеных пунктаў: «Брэстчына» (1995), «Міншчына» (1998), «Гродзеншчына» (1999), «Віцебшчына» (2000), «Гомельшчына» (2001), «Магілёўшчына» (2002).

 

Аляксей Міхайлавiч, адкуль да нас прыйшла Каляда?

— З Рыма. Справа ў тым, что Каляды — гэта перыяд зiмовага сонцастаяння. Нашы продкi пакланялiся сонцу, лiчылі сябе «дзецьмi сонца» i  надавалi асобы сэнс перыядам сонцастаяння. Летам — гэта Купалле, зiмой — Каляды.

Нашыя продкi, акрамя таго, што з’яўлялiся сонцапаклоннiкамі, яшчэ пакланялiся ўсяму жывому i нежывому на зямлi. Кожны род цi племя меў свайго татэма — апекуна, якi захоўваў чалавека цi сям’ю ад усiх магчымых прыродных і сацыяльных катаклiзмаў. Часцей iм быў воўк, таму што ён нестамляльны, хiтры, крыважадны, бязлiтасны, ваяўнiчы i г.д. Паступова людзi пачалi працаваць на зямлi, займацца жывелагадоўляй. Адпаведна ў iх з’явiўся свой кумiр.

Гэта вы пра казу? Хто яшчэ абавязкова ўваходзiў у калядную «працэсiю»?

— Так, на першым месцы была каза, якая ў славянскай мiфалогіі з’яўлялася дачкой Бога Перуна. Недзе адтуль пайшлi гэтыя сiмвалiчныя вершы: «Дзе Каза рогам, там жыта стогам, дзе Каза ступою, там жыта капою». Касцюм казы выглядаў так — вывернуты навыварат кажух, яго апраналі на плечы хлопца, які скакаў, весялiўся ўвесь час. Таксама хадзiў мядзведзь — гэта сувязь з мёдам, а мёд у той час быў немалаважным знакам прыбытку.  Яшчэ ў гэтай «брыгадзе» быў жораў. Менавiта жораў, а не бусел з’яўляецца сiмвалам нашага палесскага краю, таму што жураўлеў было вельмi-вельмi многа. Потым — каваль з молатам, як прадстаўнiк касты, якая сябравала з агнём. Яшчэ ў каляднай працэсii быў дудар — пад звукi дуды людзi выконвалi традыцыйны танец. І абавязковы сiмвалічны вобраз —  механоша цi механош, ён насiў здаравенны мех за плячыма, у якi складвалi падарункi.

Мабыць, і песнi, якія спявалі калядоўшыкі, мелі нейкi рэтуальны сэнс?

— Так. Яны спявалi гімн у гонар зямлi, гаспадара, яго сям’i. Услаўлялi iх, жадалі дабрабыту, каб дачка выйшла замуж у гэты год, каб быў прыбытак жывелы i г. д. Лiчылася, што гэтыя пажаданнi абавязкова здзейсняцца. Вера гэтая была магiчная, рытуальная, святая. Дрэннаму чалавеку маглi і не пажадаць добрага. Таму людзі баялiся тварыць зло…

А што гаспадары давалi калядоўшчыкам, калi тыя прыходзiлi ў хату?

— Раней давалi тое, што самі ўжывалi ў рэдкіх выпадках. Першы абавязковы атрыбут — хлеб, другой — каўбаса, як сiмвал заможнасцi, абавязкова сала. Пазней з'явiўся абавязковы атрыбут капiталiстычна-камунiстычна-сацыялiстычнага часу — сядаць за стол, выпiваць цi даваць з сабой бутэльку. I зараз адбываецца падмена традыцый — даюць пячэнне, цукеркi. Людзі ўжо не ўмеюць гатаваць нашы народныя нацыянальныя стравы.

Якiя яшчэ традыцыi ў калядныя вечары iснавалі ў нашых продкаў?

— У гэтыя днi забаранялася працаваць, можна было толькi кармiць жывелу i есці самому. Людзi атрымлiвалi два тыднi перапынку ад пастаяннай фiзiчнай працы. I гэта быў перыяд дзявочых і хлапечых гульняў, а старыя сядзелi i спявалi святыя песнi. У калядныя вечары нельга было брыдкасловiць і нават думаць благога. На калядным стале асноўным блюдам была куцця, якая сiмвалізавала вечнае жыццё, уваскрасенне, здароўе, дастатак, пладароддзе.

Многія сучасныя людзi лічаць продкаў цёмнымi…

— Яны не валодалi граматай, але валодалi цудоўнымi ведамi народнага календару, назiраннямi, яны ведалi, калі трэба сеяць, жаць... Кожны гаспадар быў для сябе і эканамiстам, і аграномам. I той чалавек, якi апынуўся, напрыклад, у лесе адзiн, мог выжыць, здабыць сабе ежу. А сучасны чалавек, апынуўшыся ў такiх умовах нават з добрым запасам, можа памерцi. Той чалавек, якi жыў на лоне прыроды, лiчыў сябе дзiцем, часткай гэтай прыроды.

Вам падабаецца, як сёння святкуюцца Каляды?

— Сёння людзi адчуваюць неабходнасць вярнуцца да той добрай энергетыкi, чагосьцi не хапае нам сёння. Але ўжо страчана сувязь, цi, як мы зараз гаворым, першасныя карані. Людзi пачалі вяртацца да каранеў, але зусiм ў iншым, нейкiм недобрым выглядзе. Я бачыў — ў калядныя вечары ўжо і салдаты ходзяць, i казакі. У мяне гэтыя сучасныя пастаноўкi, акрамя агiды, нiчога не выклiкаюць.

А магчыма, на ваш погляд, вярнуць страчанае?

— Гэта павiнна адбывацца на ўзроўнi дзяржавы. Не толькі рэлігiйнае, але i духоўнае ўзраджэнне. На жаль, сёння фальклорам нармальна нiхто не займаецца. Нават у педыінстытутах няма чалавека, абароненага па фальклору. Нельга сказаць, што ўсе зусiм безнадзейна страчана. У серыi кнiг «Беларуская народная творчасць», выдадзенай Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфii і фальклору, ёсць апiсанне калядных абрадаў. Прычым, там спасылаюцца на даследчыкаў 18-20 стагоддзя, на тыя традыцыi, якiя захавалiся. Там ёсць вялiкiя падборкi калядных велiчальных песен.

А вы памятаеце словы хоць адной каляднай песні?

— Мая бабка па мацярынскай линii спявала так:

Бегла Калядка пяшком-пяшком,
Бегла Калядка з мяшком-мяшком.
Ой, Каляда-Каляда,
Ад Iвана да Сцяпана, ой, Каляда!
Яна многа бегала.
Ад Дзянiса выйшла лыса,
Ад Сцяпана выйшла пьяна,
Ой, Каляда-Каляда,
Ад Iвана да Сцяпана, ой, Каляда!

Праўда, што не пускаць калядоўшчыкаў да хаты — дрэнная прымета?

— Я не жадаю нават параўноўваць ранейшыя традыцыi з тымi, што існуюць зараз. У мінулым годзе прыходзiлi i да мяне «калядоўшчыкi» — маладыя хлопцы, дык хоць бы адну песню вывучылi якую, караценькую. Даў я iм грошы — iдзiце…

Ірына РАБАВА.