
Нарадзіўся будучы святар ў маленькім Жалудку на Шчучыншчыне. Бацька быў пажарным, а маці рана адыйшла ў вечнасць. У мясцовы касцёл Андрэя з маленства вадзіла бабуля. У 6 год ён стаў міністрантам – адным з хлопчыкаў, што дапамагаюць святару весці набажэнства. Кажа, сам пайшоў, бо цікава. І быў тады адным з першых міністрантаў, бо былі шчэ савецкія часы.
– А ў 91-м у нас змяніўся пробашч, ды і часы змяніліся – распавядае Андрэй Таўрук. – Стала шмат моладзі, аж 40 міністрантаў, у розныя змены працавалі! І актыўнасцяў стала шмат – пілігрымкі, сустрэчы з рознымі святарамі, студэнтамі сэмінарыі. Так, у старэйшых класах я ўжо вырашыў пайсці вучыцца ў сэмінарыю. І ў 97-м паступіў – у Гарадзенскую вышэйшую духоўную сэмінарыю. Тады яна была адзінай у Беларусі, у 2001-м аднавілі Пінскую, але потым зноў зачынілі. Для паступлення трэба здаць іспыты – тэсты па агульнай гісторыі касцёла, напісаць матывацыю свайго жадання тут вучыцца, аўтабіяграфію, мець характарыстыку ад пробашча і прайсці сумоўе з кіраўніцтвам сэмінарыі. А вучыліся мы шэсць год, хто давучыўся. Я на трэццім курсе перайшоў у Віцебскую дыяцэзію, там біскуп Уладзіслаў Блін скіраваў мяне працягваць вучобу ў Польшчы, у сэмінарыі гораду Каліш, самага старога ў Польшчы.
– У Польшчу са мной паступіла 27 клерыкаў, – працягвае суразмоўца, – на шостым курсе засталося 11. Хто зразумеў, што гэта не ягонае, хто закахаўся, хто проста не вытрымаў. Пад'ём штодня – а шостай, памыўся – і на імшу, потым сняданак і – пары ледзь не на цэлы дзень. Па абедзе – пару гадзін вольных, у горад можна выйсці раз-два на тыдзень, і тое трэба адпрошвацца.
12 студзеня 2005 году Андрэй Таўрук атрымаў святарскае пасведчанне, і яго накіравалі ў Сенненскую парафію, адразу пробашчам. Кажа: «У Сянно таксама стары касцёл былі знеслі, як у Бабруйску, а быў адзін з самых вялікіх». А першую ўласную імшу, прыміцыйную, малады ксёндз па традыцыі адслужыў на радзіме, ў Жалудку, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Потым служыў у Дуброўна, Урбанах Браслаўскага раёну, у Мёрах, у Канстанцінаўцы Глыбоцкага раёну і ў Дунілавічах Пастаўскага.
– Нажаль, зараз няма чаго паказаць, – уздыхае ксёндз Андрэй. – Фотаздымкаў з дзяцінства, з вучобы і розных парафій былі цэлыя альбомы, але з гэткай колькасцю пераездаў я іх недзе «пасеяў». Нават многіх будынкаў плябаній, дзе яны маглі застацца ляжаць, ужо няма.
Напачатку кастрычніка 2024-га Андрэй Таўрук апынуўся ў Бабруйску, на змену захварэламу папярэдняму ксяндзу, таксама Андрэю.
– Служыць у горадзе – гэта не больш статусна за вёску, – пасміхаецца айцец Андрэй-«другі», – у касцёле іерархія вызначаецца па-іншаму.
Нечага надта асаблівага пад час службы, кажа, не адбывалася, быў падрыхтаваны да ўсяго. У той жа Дуброўне на нядзельную імшу прыходзіла 6 чалавек, такая маленькая суполка – а ўсё роўна трэба маліцца.
– А наогул, у кожнай парафіі трэба ўмець не толькі маліцца, але й малаток трымаць! – смяецца ксёндз Андрэй. – Усё мае ўласцівасць ламацца, штодзень трэба нешта рамантаваць ці набываць новае. У бабруйскім касцёле пры айцу Андрэю (Яркаўцу) ужо памянялі чатыры вокны на новыя прыгожыя, нам трэба мяняць астатнія. Мы аднавілі тынкоўку знешніх муроў, што пашкодзілі вандалы. На дапамогу ёсць ксёндз-вікарый Канстанцін, тры сястры з ордэну дамініканак. І вернікі парафіі актыўна ў яе жыцці ды справах удзельнічаюць.
Дарэчы, бабруйская парафія паспяхова прайшла перарэгістрацыю, атрымала новае пасведчанне перад Вялікднём. А наконт перадачы будынку касцёла – зноў напісалі просьбу ў раённую адміністрацыю, чакаем адказу.
Дзень народзінаў ксёндз Андрэй асабліва не святкуе:
– У касцёле, пэўна ж, павіншуюць. А так, гэта цікава гадоў у 20, а цяпер – пасядзеў спакойна дома ды пайшоў спаць. Жыву, дарэчы, у старым габрэйскім доме на Бахарава. А з Бабруйскам за паўгоду трохі абвыкся. Раз'ездаў шмат – дзе да хворых, дзе што асвяціць, – навігатар уключаю рэдка.
І, як ні дзіўна, вельмі шмат турыстаў прыязджае ў касцёл. Не толькі з усёй Беларусі ці з Расіі – на днях быў цэлы аўтобус з Латвіі. А самае смешнае, што прыходзяць нават бабруйчане. Усё жыццё тут пражылі, кажуць, міма касцёлу хадзілі – і вось нарэшце заходзяць пазнаёміцца.