
Ксёндз Андрэй Яркавец служыў у Бабруйску і Клічаве роўна 10 год. Увосень мінула году з-за пагаршэння здароўя ён пакінуў пасаду і наш горад. Атрымаў накіраванне на лягчэйшую працу – ксяндзом-вікарыем, то-бок памочнікам, у Барысаў. А з 2 лютага ён зноў – пробашч, настаяцель парафіі ў вёсцы Багданава Валожынскага раёну.
– Менш адказнасці, менш змаганняў – і здароўе палепшылася, – стрымана пасміхаецца айцец Андрэй Яркавец. – Цяпер у мяне адна парафія, адзін касцёл і дзве каплічкі, да якіх ехаць – па паўгадзіны.
29 красавіка Адрэй Яркавец адзначыў 25 год свайго святарскага служэння. У Барысаве, разам з пробашчам мясцовай парафіі Аляксеем Раманчуком – сябрам, аднакурснікам па сэмінарыі, аднакласнікам і аднавяскоўцам. Віншавалі юбіляраў, удзельнічалі ў святочнай імшы біскуп Юры Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які толькі вярнуўся з пахавання Папы.
– Такі вось сур'ёзны сярэбраны юбілей, а да залатога дай Божа дажыць, – кажа імяніннік.
На вялікі жаль, ужо на наступны дзень Андрэя Яркаўца напаткала сумная навіна: памёр ягоны малодшы брат Казімір. Цяпер старэйшы брат на радзіме з маці.
– Я ўжо прадчуваў, – уздыхае ксёндз Андрэй, – загадзя прыехаў да матулі. Толькі што ён даў мне адсвяткаваць.... Брату 44 гады ўсяго, прычына смерці яшчэ невядомая, можа, бактэрыяльная пнеўманія. І так ён усё жыццё пакутваў, прыкаваны да вазку – у маленстве няправільна зрабілі пункцыю і прабілі хрыбет...
А ў самога Андрэя Яркаўца 20 лютага адбыўся і залаты юбілей, яму споўнілася 50. Нарадзіўся ён на Глыбоччыне, у вёсцы Вудзела:
– Цяпер афіцыйна Удзела, але ж у нас па-беларуску кажуць Вудзела. Гэта зусім блізка ад славутага Мосара, – распавядае Андрэй Яркавец. – Сям'я была пабожная, па лініі таты нават ёсць святар, але ён мяне не агітаваў. Касцёл у Вудзела быў зачынены, перароблены ў зернесховішча (добра, што старшыня калгасу адрэмантаваў дах, хоць унутры будынак захаваўся), мы ездзілі ў Глыбокае. Там быў ксёндз Юзаф Францкевіч, які вярнуўся з высылкі. Кветкі тады былі рэдкасцю (не як цяпер, у любую пару году можна любых набыць), і калі яму 19 сакавіка, на Дзень святога Юзафа і адпаведна на свае імяніны, дарылі кветкі, ён казаў: «Вось бы гэтыя кветкі сталі Божымі дзеткамі!»
У перабудову нашы ездзілі да Гарбачова, і напрыканцы 80-х касцёл у Вудзела зноў адчынілі. Ксяндзом нам прыслалі таго самага Ёзаса Бульку, ён абслугоўваў і Мосар, і Вудзела, і яшчэ некалькі парафій. Айцец Ёзас ня толькі паспяхова змагаўся з п'янствам, але і сваім прыкладам заахвочваў новыя пакліканні, каб былі будучыя працаўнікі на жніве Пана. Мы з Аляксеем сталі ў сваім кацёле міністрантамі – хлопчыкамі, што дапамагаюць на службах. Так, на сямейных традыцыях і прыкладах святароў і ў мяне выспявала жаданне праверыць – а можа гэта мой шлях?
І выспела – адразу пасля школы Андрэй падаўся ў Гродненскую вышэйшую духоўную сэмінарыю.
– Бацькі не былі супраць, хоця вядома ўжо было, што і брат ня зможа заснаваць сям'ю. Казалі мне: «Калі ідзеш адкрываць сваё пакліканне, трэба мець базу, быць добрым чалавекам, каб стаць добрым святаром». І ўсе шэсць год вучобы дапамагалі мне, суправаджалі бацькоўскай малітвай.
Напрыканцы вучобы ў Андрэя Яркаўца была дыяканская практыка ў сталічным Чырвоным касцёле. І 29 красавіка 2000 года ён атрымаў ад кардынала Казіміра Свёнтка пасведчанне святара. Ужо на наступны дзень, у нядзелю 30 красавіка адслужыў сваю першую імшу ў родным Вудзела, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
– Як у Бабруйску, – заўважае айцец Андрэй. – А роўна праз 25 год у гэты дзень адыйшоў да Бога мой брат Казімір... А 29 красавіка 74-га мае бацькі ўзялі шлюб. Вось колькі розных супадзенняў! І гэта шчэ не ўсе.
Першы месяц пасля вучобы быў адносна вольны, я удзельнічаў у службах па запрашэннях – так, мой дзядзька ксёндз Антоній Лось запрашаў у Ідолту, Друю. А потым мяне скіравалі вікарыем у магілёўскую канкатэдру. Потым служыў пробашчам у Вілейскім раёне ў Касцяневічах і Сцешыцах, у Маладзечанскім, у Красным і Дубравах. У 2012-м у Красным мы святкавалі 100 год мясцовага касцёла, а ў гэты час у Бабруйску святкавалі свае 100 год. А ў жніўні 2014-га і я апынуўся ў Бабруйску, узначаліў мясцовую і Клічаўскую парафіі.
Што Андрэю Яркаўцу за 10 год службы ў Бабруйску і Клічаве ўзгадваецца больш за ўсё?
– Праца з жывымі людзьмі. Фраза кароткая, а зместам насычаная. Нядзельная школка працавала, хор развівалі. І шмат дапамогі было ад прыхаджанаў, зрабілі мы сёе-тое і ў касцёле і вакол яго. Развітацца з бабруйчанамі я прыязджаў пасля прызначэння новага ксяндза, думаю, яшчэ буду прыязджаць на святы. Толькі што, свята бабруйскага касцёла ёсць святам для ўсіх парафій, то, каб паехаць, трэба знайсці сабе замену.
Пад час прадстаўлення новага бабруйскага пробашча Андрэя Таўрука, «ксяндза Андрэя Другога», прыхаджане бабруйскія і клічаўскія вельмі шмат узгадвалі «ксяндза Андрэя Першазванага».
– Добрым хоць словам узгадвалі? – усхвалявана пытаецца Андрэй Яркавец.
– Больш чым.
– Ой, дзякуй Богу!