
У сярэдняй школе № 1 Глуска 9 красавіка прайшла цёплая і натхнёная сустрэча, прысвечаная вядомаму мовазнаўцу, пісьменніку, прафесару, ураджэнцу Глускага раёна Фёдару Міхайлавічу Янкоўскаму.
Ён нарадзіўся 21 верасня 1918 года ў вёсцы Клетнае, якая ў тыя часы ўваходзіла ў склад Глускай воласці Бабруйскага павета. Усё сваё жыццё Фёдар Янкоўскі прысвяціў роднаму слову, беларускай мове і літаратуры – і застаўся чалавекам, якога з удзячнасцю памятаюць і цяпер.
На сустрэчу з вучнямі старэйшых класаў глускай школы прыйшлі тыя, каму пашчасціла ведаць прафесара асабіста. Гэта зяць Фёдара Міхайлавіча – Канстанцін Канстанцінавіч Шыманец і ўнук Юрый Шыманец. Яны падзяліліся сямейнымі ўспамінамі, расказалі пра няпростыя старонкі жыцця – як падчас вайны за сувязь з партызанамі акупанты расстралялі сям’ю Фёдара Міхайлавіча. І ў той жа час згадалі светлыя моманты – як ён любіў грыбы і рыбалку, як цаніў спакойныя сямейныя размовы.
Прысутнічалі на мерапрыемстве і тыя, хто сустракаў Янкоўскага ў розныя гады: паэтэса, настаўніца Вера Буландо, спявак, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Аляксандр Валодчанка, пісьменнік і журналіст Навум Сандамірскі. Кожны з іх расказаў нешта асабістае, нешта жывое – тое, чаго не знойдзеш у падручніках.
Асабліва кранальнымі сталі словы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вольгі Гааг. Яе бабуля (таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры), Анастасія Рыгораўна, вучыла Фёдара Міхайлавіча яшчэ ў пачатку 1930-х у яго роднай вёсцы Клетнае. І ўсё жыццё яны падтрымлівалі сувязь. Ён заўсёды званіў 1 верасня, на Дзень настаўніка і перад Новым годам сваёй першай настаўніцы, каб павіншаваць яе.
– Бабуля, пагаварыўшы з ім, казала: “Мой вучань званіў”, – распавяла Вольга Гааг. – І мы ўсе ведалі, пра каго ідзе гаворка.
Янкоўскага ўзгадвалі як чалавека дасціпнага, якога вызначала непахісная прага да ведаў.
Яго вучаніца паэтэса Вера Буландо адзначыла, што заўсёды марыла трымаць дзіцячую ўвагу на сваіх занятках гэтак жа, як гэта атрымлівалася ў прафесара.
У цяжкі момант свайго жыцця яна проста прыехала ў Мінску на вуліцу, якая носіць імя Янкоўскага – і… “пагаварыла” з ім. Так нарадзіўся верш, з якога пасля атрымалася песня, прысвечаная Фёдару Міхайлавічу.
Пісьменнік Навум Сандамірскі, хоць і сустракаў Янкоўскага ўсяго некалькі разоў, захаваў яркае ўражанне. У сваіх кнігах пра Глуск ён таксама прысвяціў знакамітаму земляку асобную главу.
Сустрэча ў школе №1 стала для вучняў своеасаблівым урокам памяці – не па праграме, а па душы. Яны расказалі пра біяграфію Янкоўскага, яго дасягненні, узнагароды, а самі слухалі гасцей з асаблівай увагай. Бо такое – не пачуеш больш нідзе, і такое не забудзецца.
Як адзначыў Навум Сандамірскі, гэта сустрэча ў школе стала сведчаннем таго, што сапраўдныя постаці, такія як Фёдар Янкоўскі, не знікаюць разам з часам – яны працягваюць жыць у памяці людзей, у словах, ва ўспамінах.