115 работ за 48 год. У Бабруйску адкрываецца юбілейная выстава вядомага мастака Анатоля Концуба
1254
Дзяніс НОСАЎ, фота аўтара
Выстава «Дарога да дому» адкрыецца 18 кастрычніка ў 17.00 у галерэі Бабруйскага мастацкага музэя (вул. М. Горкага, 28).
Выстава прысвечаная юбілею славутага бабруйскага мастака (нядаўна Анатоль Концуб адзначыў 75-годдзе). З такой нагоды можна будзе пабачыць шмат прац за ўвесь ягоны творчы шлях да сённяшняга дня. Пад выставу адвялі две залы галерэі, бо будзе 30 керамічных прац і ажно 85 жывапісных.
Анатоль Концуб нарадзіўся ў 1949 г. на Палессі. З 1971 г. жыве ў Бабруйску, 30 год выкладаў кераміку ў Бабруйскай мастацкай вучэльні. Заслужаны работнік адукацыі. Сябра Саюзу мастакоў. Удзельнік шматлікіх міжнародных выставаў, творы захоўваюцца ў музэях і прыватных калекцыях па ўсяму свету.
Прадстаўленыя работы ахопліваюць усе гады творчай працы Анатоля Концуба як прафэсійнага мастака. Ад самай першай выставачнай работы – керамічнага рэльефу для яго першай выставы (1976 года!) да зусім свежых, 2024 года.
Сярод новых работ будуць новыя не толькі па часе, але і новыя для мастака прынцыпова, якіх ён раней не рабіў – тэматычныя тэтрапціхі, кампазіцыі з чатырох карцін, нечым аб'яднаныя. Ці асноўным колерам, ці забаўным падыходам да быццам відавочнай тэмы. Яны ўжо выстаўляліся на юбілейнай выставе ад Саюза мастакоў у Мінску, і гледачам спадабаліся.
Выстава Концуба ў галерэі на цэнтральнай плошчы Бабруйску будзе доўгай, па плану – да 15 снежня. Звычайны квіток (на Концуба і на ўсю экспазіцыю галерэі) каштуе 4 руб. 20 коп. На адкрыццё юбілейнай выставы, 18 кастрычніка а 17-й – у два разы танней, 2,10 руб.
Як мастак ужо рыхтуецца да адкрыцця экспазыцыі, глядзіце ў невялічкім фотарэпартажы: