Глуша прымае свята ўжо 15-ты раз. Чыста па афіцыйным статусе спачатку фэст быў мясцовым, з 2016-га стаў раённым, а з 2018-га – рэгіянальным. Што цалкам лагічна, на яго пастаянна прыязджаюць удзельнікі з розных куткоў Беларусі, хоць пераважна і суседніх з Бабруйшчынай, а наведвальнікі дык могуць быць скуль заўгодна. Пачаўся фэст народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок» у 2010 годзе з дапамогай Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні», пра што сёння нагадалі выступоўцы на ўрачыстым адкрыцці. А наогул ён здарыўся таму, што яшчэ з 1980-х у Глушы дзейнічае Цэнтр рамёстваў, які стаў базай для свята. І дзякуючы мясцовым рупліўцам. Аднаго з іх аддзячылі на сцэне – старасту Глушы Васіля Рыгоравіча Амялюсіка, шматгадовага гаспадара глушанскага «падворка».
Сталыя арганізатары ды асноўныя ўдзельнікі свята ў апошнія гады – дамы і клубы культуры з усяго Бабруйскага раёну. А проста на наступны дзень пасля сёлятняга свята, у нядзелю 13 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры, так што, заадно яны самі сябе павіншавалі. І некаторыя атрымалі граматы і лісты падзякі ад раённых уладаў.
Таксама святочным выдалася надвор'е. Аранжавае восеньскае сонца свяціла ўвесь дзень, а каго не бадзёрыў лёгкі халадок, лёгка можна было знайсці як сагрэцца.
Ля стэнду Бабруйскага лясгасу пастаянна гарэлі чуркі, на якіх смажылі яечню з зубранінай. І вядома ж прадавалі плады сваёй гаспадаркі – рассаду ялінак, мяса зубра і лася, соты мёду, венікі для лазні, калодкі для турыстаў... З падрабязнай інструкцыяй, як імі карыстацца для доўгага абагрэву дальняга ад вогнішча боку намёта.
Для актыўнага адпачынку проста на месцы былі дзіцячыя пляцоўкі з горкамі-батутамі, катанне на конях ці осліках, настольныя гульні. І пастаянны канцэрт – можна танчыць, гэтым займаліся звыклыя ўдзельнікі творчых калектываў, але асабліва ўдалым песням і простыя людзі нават у дальніх кутках паляны падпявалі.
На гандлёвых радах стаялі і прадстаўнікі дамоў культуры, і рамеснікі, і сяляне з прыватных гаспадарак, і гандляры чым заўгодна. Прадавалі мягкія цацкі (зробленыя кліентамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ці невядомымі кітайцамі), тканевые лялькі ў народных строях, вышыўку з арнамэнтамі, шмат таннай біжутэрыі, драўляныя лыжкі, пластмасавыя аўтаматы... Практычна кожны гандляр ладзіў "бяспройгрышную латарэю" за 5 рублёў, толькі ў адным месцы за 4.
Карціны былі, але не прадаваліся. Глушанскія школьнікі вынеслі свае малюнкі на тэму «Здаровы пасёлак» на народнае галасаванне. Ваш карэспандэнт адзначыў малюнкі № 8 і 14, але ў бюлетэні можна было пазначыць толькі аднаго кандыдата.
Была і «Белпошта», прадавала паштоўкі, магніцікі, зефір, прымала падпіску, ды падпісаныя на месцы паштоўкі бясплатна разсылала па краіне.
Прадавалі бульбу (па 88 капеек), мёд (па 9 рублёў), журавіны (па 8) за літр ці маліны па 8 за мікрабаначку. Хатняе печыва, слодычы, прывазныя чаі з рахат-лукумамі.
З Рэдкага Рогу праз культарганізатарку тамтэйшага клубу Антаніну перадалі хатнія закаткі – салацікі (5 руб.), грыбочкі (7-10), малако з-пад казы (4 руб.) ці сыр з яго (30 руб.), сала, фасолю, семкі, яйкі.... А, не:
– Яйкі разыйшліся ў момант! – з гонарам сказала Антаніна.
Непадалёк кучна праходзіў «Пікнік па-беларуску» – сумесны стол ад вясковых клубаў культуры. 11 клубаў: з Бортнікаў, Брожы, Варатыні, Гарохаўкі, Іванаўкі, Каменкі, Леніна, Сычкава, Туголіцы, Туркоў ды Цэнтру рамёстваў. 12 страваў: калдуны, мачанка, фаршыраваныя карп і перцы, зеляніна, каўбаскі, ляпёшкі...
– У нас не трапеза, у нас дэгустацыя! – арганізатарам прыходзілася трохі разганяць аматараў пад'есці, каб маглі падыйсці іншыя. Але пакаштаваць можна было ўсё, нават трэба – паралельна ішлі яшчэ адні выбары, лепшага пачастунку. Паеў, спадабалася – кінуў жэтончык.
Паесці ўдосталь, за невялікія грошы можна было ў іправізаваных кавярнях, за столікамі проста на траве. Хапала смажанак, пірагоў, бліноў, шашлыкоў. У адной карчме на вялікіх драўляных засцеленых сталах ужо ляжалі па тры яблыкі – хочаш, дэкор, а хочаш, закуска.
– Сталы ад Глушанскага сельсавету, а кухня нашая, – кажа гаспадыня Марына, сям'я Шурахайлавых прыехала частаваць "Глушанскі хутарок" з Карытнага Асіповіцкага раёну. – Вы ж па-беларуску пішаце? То запісвайце: у нас кравянка сапраўдная, што запякаецца ў печы!
А яшчэ дранікі, пячоначныя торцікі, плоў, уха... Карэспандэнты пад'елі ды паехалі вам расказваць-паказваць.