Нагадаем, 3 кастрычніка Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прызначыў новым пробашчам парафіі ксяндза Андрэя Таўрука, які раней нёс душпастырскае служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі.
Памятная для жыцця каталіцкай супольнасці Бабруйска і рэгіёна падзея адбылася на святой Імшы аб 11-тай гадзіне. Прадстаўляць новага пробашча парафіі прыехаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Паводле касцёльнай традыцыі, у прысутнасці шматлікіх вернікаў ксёндз Андрэй Таўрук вызнаў Сімвал Веры і склаў прысягу пробашча перад уступленнем на пасаду, паабяцаўшы захоўваць еднасць Касцёла, верна служыць і агульнаму Касцёлу, і мясцоваму, дапамагаць прыхаджанам.
Ксёндз біскуп Юрый сардэчна павіншаваў ксяндза Андрэя Таўрука з новым святарскім служэннем у Бабруйску.
– Прашу прыняць новага айца Андрэя як свайго святара, – звярнуўся да бабруйчан біскуп Юры Касабуцкі, – падтрымліваць яго, і хай добры Бог вядзе вас да збаўлення! Хацелася б пажадаць усім нам, усёй Бабруйскай парафіі, каб мы крочылі да Неба. Дзе чакае нас Хрыстос.
Пасля адбылася святая Імша, якую вёў біскуп Юрый Касабуцкі разам з ксяндзом пробашчам Андрэем Таўруком і ксяндзом вікарыем, адміністратарам парафіі ў Глуску Канстанцінам Каракам.
Па Імшы, прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці Бабруйска і Клічава прывіталі новага пробашча, а таксама выказалі словы шчырай удзячнасці за добрасумленнае служэнне мінуламу пробашчу, ксяндзу каноніку Андрэю Яркаўцу, які ўзначальваў бабруйскую парафію і быў бабруйскім дэканам апошнія 10 год.
Як даведаўся «ВБ», ксёндз канонік Андрэй Яркавец пакінуў пасаду па стану здароўя. Яго памочнік ксёндз Канстанцін распавёў, што айцу Андрэю не ўдалося развітацца са сваімі прыхаджанамі – ён меўся прыехаць на прадстаўленне новага пробашча, але не атрымалася. Аднак ён яшчэ прыедзе ў Бабруйск.
Біскуп Юры Касабуцкі патлумачыў «ВБ», што Андрэю Яркаўцу з-за хваробы патрэбны адпачынак. Таму яго перавялі на дапаможную службу ў Барысаў.
Між тым, вернікі не шкадавалі добрых слоў у адрас папярэдняга айца Андрэя.
– Мы прыехалі з клічаўскай невялічкай каплічкі Маці Божай Фацімскай падзякаваць ксяндзу Андрэю Яркаўцу за добрае служэнне, – сказала Люцыя Вашчыла. – Ён прыязджаў да нас у любое надвор'е, і вянчаў, і адпяваў, шмат высілкаў прыклаў, каб давесці да ладу нашую каплічку. Жадаем яму моцнага здароўя! І новаму айцу Андрэю жадаем здароўя і запрашаем да нас у Клічаў.
– Тое, што ляжыць у нас на сэрцы да айца Андрэя Яркаўца, тое часам нават невымоўна, – сказаў старшыня парафіяльнай рады Віктар Маліноўскі. – Калі ён пачынаў служэнне, мы таксама ставіліся да яго з пэўнай перасцярогай, як да новенькага. Але за дзесяць год ён аддаў усяго сябе святарскаму служэнню ў Бабруйску і Клічаве. Новаму ксяндзу Андрэю дай Бог прыняць хутчэй нас, а нам – прыняць Вас!
Ксёндз Андрэй Таўрук нарадзіўся ў Жалудку Гродзенскай вобласці, яму 44 гады. Перад прызначэннем у Бабруйск служыў у Пастаўскім раёне, да таго – ў розных вёсках Віцебскай дыяцэзіі і ў райцэнтры ў Міёрах. У Бабруйск ён прыехаў напярэдадні першай службы, у суботу.
– Вельмі сымбалічна, што новы пробашч з'явіўся сёння, бо сёння свецкія людзі адзначаюць Дзень настаўніка. І мы ў Дзень настаўніка атрымалі свайго новага духоўнага настаўніка, – з такімі вітаннямі новаму пробашчу выступілі прыхаджане бабруйскага касцёла.
Дарэчы, справа ля ўвахода ў касцёл ужо стаіць новы паклонны крыж, каменны. На ім – медальён святога Бенедыкта (480 - 547) – пачынальніка заходняй манаскай традыцыі, святога ў каталіцкай і ў праваслаўнай Царкве. Літары на ім азначаюць: C S P B – Crux Sancti Patris Benedict, Крыж святаго айца Бенедыкта, C S S M L – Crux Sancta Sit Mihi Lux, Святы Крыж хай мне свеціць, ды малітву супраць сатаны.