Пасля мірнага падзення Берлінскага муру ў лістападзе 1989-га пачаўся працэс уз'яднання падзеленай пасля 2-й сусветнай вайны Германіі. Важнай вехай стала 12 верасня 1990 года, калі паміж Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай і Федэратыўнай Рэспублікай Германія, з аднаго боку, і дзяржавамі-пераможцамі ў Другой сусветнай вайне (ЗША, СССР, Францыя і Вялікабрытанія, якія і падзялілі Германію), з другога, у Маскве быў падпісаны Дагавор аб канчатковым урэгуляванні ў дачыненні да Германіі, таксама вядомы як Дагавор «Два плюс чатыры». З падпісаннем гэтага Дагавора дзве германскія дзяржавы атрымлівалі згоду на аб'яднанне. У дамове рэгуляваўся знешні і ўнутраны суверэнітэт аб'яднанай Германіі, а таксама былі зацверджаны межы ў Центральнай Еўропе і было заяўлена, што Германія не прад'яўляе ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да іншых дзяржаў. Акрамя гэтага былі дасягнуты пагадненні аб вывадзе савецкіх войск з тэрыторыі Усходняй Германіі да канца 1994 года і аб праве аб'яднанай Германіі на прыналежнасць да альянсаў.
Уз'яднанне юрыдычна завяршылася 3 кастрычніка 1990 года далучэннем ГДР да Федэратыўнай Рэспублікі Германія. У ноч на 3 кастрычніка ўз’яднанне Германіі святкавалі ў Берліне каля мільёна чалавек.
«Падзел Германіі і сцяна, узведзеная ўладамі ГДР і СССР, не толькі дзялілі на часткі краіну, але і разлучалі людзей: сяброў і сем’і, – гаворыцца ў святочнай заяве Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь. – Тым, што атрымалася пераадолець гэты падзел і ўз’яднаць краіну, мы абавязаныя, перш за ўсё, мужнасці жыхароў Усходняй Германіі».
«Мы адзначаем Дзень Германскага Адзінства і адначасова 35-годдзе мірнай рэвалюцыі, – кажа глава Пасольства, новы Часовы павераны ў справах Германіі ў Беларусі Андрэа Віктарын. – Будучыня свабоднай і суверэннай Беларусі па-ранейшаму важная для нас, і мы працягнем працаваць для яе, як на двухбаковым узроўні, так і ў супрацоўніцтве з нашымі еўрапейскімі партнёрамі».
У гонар галоўнага свята нямецкай дзяржавы Пасольства ФРГ зладзіла 2 кастрычніка ў Мінску святочны прыем для прадстаўнікоў Беларусі і дыпламатычнага корпусу.
З падзення Берлінскага муру і уз'яднання Германіі пачалася і дыпламатычная кар'ера спадарыні Андрэа Віктарын, нядаўна прызначанай ў Мінск Часовай паверанай. Для спадарыні Віктарын гэта першае святкаванне Дня Германскага Адзінства ў якасці главы Пасольства ў Беларусі, але ў Беларусі яна далека не першы раз. Яна была ўжо намеснікам Пасла Германіі ў нашай краіне з 2000 па 2003 гады, а з 2015 па 2019-ты ўзначальвала Прадстаўніцтва ЕС у Мінску. Таксама ў розныя гады яна працавала Паслом Германіі ў Латвіі, Нідэрландах і Арменіі.
А ў самой Германіі гэтае свята ўрачыста адзначаецца кожны год у новым месце, у адной з шаснаццаці федэральных зямель. У гэтым годзе свята праходзіць у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, у Шверыне. Мэр назваў свой горад «самым невялікім, але затое самым прыгожым сярод сталіц федэральных зямель Германіі».
Якраз у гэтым годзе Шверынскі замак увайшоў у спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Ідэнтычнасць Мекленбурга-Пярэдняй Памераніі цесна звязаная з Балтыйскім морам, таму дэвіз свята ў гэтым годзе: «Паднімаем ветразі разам: узмацняем дэмакратыю і разнастайнасць агульнымі намаганнямі».