13 ліпеня – юбілей, 75 год, у славутага бабруйскага мастака Анатоля Концуба.
Славуты бабруйчанін – паляшук, родам з вёскі Колкі Столінскага раёну, у школьныя гады жыў у Давыд-Гарадку. Маленькі Толік размалёўваў усе вольныя паперкі проста на ўроках, але настаўнікі хутка прызвычаіліся, што пры гэтым ён усё выдатна чуе і добра вучыцца.
– У дзяцінстве на прамакашках малюеш, да кніжак ілюстрацыі хочацца маляваць, – кажа Анатоль Аляксандравіч. – Пазней у многіх праходзіць, а ў мяне не прайшло. Наадварот, я зразумеў, што гэта маё. І маці заахвочвала, у 5-6-м класах фарбы мне купляла, нават алейныя! Нават прасціну давала разрэзаць на халсты!
Вялікі ўплыў на юнага Толіка аказалі два ягоныя дзядзькі, вядомыя ў тых краях мастакі-самавучкі, муж цёткі Барыс Сыса, які працаваў маляром, а ў душы быў мастак і паэт, працаваў і для царквы, і брат маці Канстанцін Казелка, мастак і разьбяр па дрэве, кіраўнік гуртка малявання пры Доме піянераў. Апошні падштурхнуў дзесяцікласніка Толю паказаць свае працы студэнтам і выкладчыку тэатральна-мастацкага інстытуту, якія прыехалі на практыку.
– Яны мой талент прызналі, але сказалі, што ў інстытут я не паступлю, не хопіць падрыхтоўкі. Падрыхтавацца да інстытуту, вядома ж, не было дзе, на іспытах аголеную натуру трэба ўмець маляваць, а дзе я яе ў Давыд-Гарадку знайду? – распавядае Анатоль Аляксандравіч. – Параілі ісці ў Глебаўскую вучэльню. Але як гэта: усе сябры – у інстытуты, а я – у вучэльню? Прыехаў у тэатральна-мастацкі. А там той самы выкладчык, загадчык кафедры керамікі Міхаіл Веніямінавіч Бяляеў. Яшчэ раз папярэдзіў мяне, што на графіку не прайду, параіў ісці на кераміку. І там з 35-ці бралі толькі шэсць чалавек, але я прайшоў. І ні разу не пашкадаваў. Нават думаў, што ўсё жыццё буду займацца керамікай, але, як сыйшоў з «пятнашкі», і тэхнічна гэта стала складана, зноў актыўна заняўся жывапісам. А кераміку ўзгадваю на «Арт-Жыжалі».
Па завяршэнні вучобы Анатоль Концуб атрымаў персанальнае запрашэнне з Бабруйскага мастацкага вучылішча №15 ад дырэктара Аркадзя Ягоравіча Ларына, тады тут толькі адкрылі аддзяленне керамікі. Так у 1971-м апынуўся ў Бабруйску. Некаторыя студэнты былі старэйшыя за яго, напрыклад, Валер Калтыгін. А ў іншай групе вучылася Марыя Малойчык з Парыч...
– Спадабалася яна мне, – усміхаецца суразмоўца. – Ну і я ёй. «На бульбе» пазнаёміліся бліжэй – усё акуратна, прыстойна. Але начальству данеслі як скандал, і на ўсялякі мяне адправілі ў армію. Яна да мяне прыязджала, у 74-м я скончыў армію, а яна – вучобу, і ажаніліся.
Працавалася добра, але думаў, што адбуду размеркаванне ды з'еду. А Ларын мне пакой у інтэрнаце выбіў, і жонку пакінулі працаваць у вучэльні – так і застаўся ў Бабруйску. І добра. У нас дачка, сын і унучка. І аказалася, што ў Бабруйску жыць можна, з аднаго боку – спакойны горад, але шмат мастакоў, а калі хочацца большага, Мінск зусім блізка.
Больш за 30 год Анатоль Аляксандравіч выкладаў у вучэльні, знакамітай «пятнашцы», што потым стала каледжам імя Ларына. Атрымаў званне Заслужанага работніка адукацыі. У 2000-м скончыў з выкладаннем, займаецца толькі творчасцю, жывапісам ды керамікай. Сябра Саюзу мастакоў, удзельнік шматлікіх гарадскіх, нацыянальных і міжнародных выстаў, плэнераў і праектаў, кшталту кітайскай праграмы «Падарожжы мастакоў дзеля міру». Працаваў і выстаўляўся ў Польшчы і Аўстрыі, Бельгіі ды Сербіі, Арменіі ды Кітаі...
– Але апошнім часам, пасля кавіду, ціха, толькі ў мінулым годзе з'ездзіў у Сербію, – кажа мастак. – Добры быў пленэр на Сярэбраным возеры, 50 мастакоў з 12 краін, нават з Эфіёпіі. Намаляваў там дзве карціны, аддаў арганізатарам за прыём. Там і з Тунісу быў мастак, і потым запрасілі мяне ў Туніс – але як даехаць, больш за тысячу еўра ў адзін бок... І ў Арменію зноў звалі, але па часе супадае з маёй выставай.
Сёлета арт-галерэя з Мінску хацела зладзіць маю выставу, але ім не ўзгаднілі ў Мінкульце. А Саюз мастакоў штогод ладзіць выставы юбіляраў, гэта як адна падзея з некалькіх частак, арганізацыя гэткіх мерапрыемстваў у Статуце прапісаная – то і я трапіў у спіс, і з 16 ліпеня па 3 жніўня ў Мінску пройдзе мая юбілейная выстава. У арт-салоне «Мастацтва» на праспекце ля паштамту, насупраць кінатэатру «Цэнтральны». Выстава будзе называцца «Дарога да дому», і карціна ёсць аднайменная. А потым мая выстава стаіць у плане Бабруйскага мастацкага музея, горад «за», і за вялікую выставу. Дзве залы можна задзейнічаць, і новыя, і старыя працы паказаць, і жывапіс, і кераміку.
А паказаць ёсць што. Працую, штодня ў майстэрні. Хаця цяпер на лецішчы, але тут у альтанцы стаіць мальберт, холст, і тут працую. Як праз пару гадзін нешта ў вачах робіцца, бяру рыдлёўку і – на гарод, пакорпацца хвілін 15. А потым зноў у альтанку. Запал, мо, і не той, што гадоў у 30 ці 50, ужо, бывае, трэба і пасядзець-адпачыць, але не знікае. Так накапіў ужо каля 70-ці прац жывапісных. Як бы там ні складвалася з выставамі, мы з сябрамі жартуем: «Напісанае застаецца!»
Пра новыя працы майстар расказвае са смехам:
– Адкрываю для сябе новыя тэмы. Намаляваў тэтрапціхі «Пурпур», там колер аб'ядноўвае, і «Zoo» – для мяне тэма незвычайная. Сябры смяюцца, што «партрэт зайца», але прыкольна. І там гульня назваў і выяваў.
А пра самыя «свае» – адразу сур'ёзна:
– А самыя частыя мае сюжэты, так – караблі, дарогі, пілігрымы... Бо мы ідзем па жыцці, гэта доўгае падарожжа.
А як збіраецца святкаваць юбілей?
– Ніякіх святаў! 75 – гэта хіба ўсплакнуць, – смяецца юбіляр. – Сям'ёй збярэмся на лецышчы, пасядзім пад дрэвамі, пагаворым.
Моцнага здароўя і творчага імпэту, спадар Анатоль! Дзякуй Вам ад Бабруйска, не толькі «Вячэрняга».