«За мурамі грэху ёсць святыня!» Рэдкія кадры бабруйскага касцёла і некалькі фактаў з яго гісторыі

4290
Падрыхтаваў Віктар МАЛІНОЎСКІ. Фота з архіваў касцёла
Вось ўжо 34-ты раз парафіяне бабруйскага рыма-каталіцкага касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі будуць адзначаць Вялікдзень у вернутай пасля шасцідзесяцігадовага здзеку і знявечання, але не аддадзенай святыні.

На жаль, працэс паўнапраўнага вяртання касцёла вернікам і годнага аднаўлення гожай неагатычнай пабудовы зацягнуўся аж занадта. І хоць сёння ў гэтым працэсе акрэсліліся пэўныя зрухі, ды назваць іх можна хіба суцяшальнымі. Напэўна, усе бабруйчане ведаюць, што, з якога боку ні паглядзі на касцёл па вул. Кастрычніцкай, 121, гэта будуць выключна пакутныя ракурсы…

Касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.
Касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.

Будавалі ўсёй грамадой

Ксёндз Ян Красоўскі (1868 г.-1913 г.).
Ксёндз Ян Красоўскі (1868 г.-1913 г.).

Вынішчальны пажар 22 красавіка/5 мая 1902 г. знішчыў драўляны касцёлік, які месціўся непадалёк ад цяперашняга касцёла. (Трагедыя адбылася праз два дні пасля самага вялікага пажару ў гісторыі Бабруйска, падчас якога драўляны горад быў знішчаны амаль цалкам).

Крыху ачомаўшыся ад трагедыі, каталіцкая грамада Бабруйска на чале з новапрызначаным пробашчам (настаяцелем), ксяндзом канонікам Янам Красоўскім распачала захады па будаўніцтву новай, мураванай каталіцкай святыні ў Бабруйску.

Праект неагатычнага трохнефнага касцёла распрацаваў славуты архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Бацькі яго жылі ў Бабруйску, а бацька Даніэль Янавіч меў чын надворнага саветніка і з’яўляўся сябрам гарадской Дваранскай апекі. (Магіла Даніэля Шабунеўскага захавалася на цэнтральнай алеі «Мінскіх» могілак).

Касцёл будаваўся выключна за сродкі мясцовых каталіцкіх вернікаў. Найбольшыя ахвяраванні склалі нашыя землякі, прадстаўнікі заможных шляхецкіх родаў, а асабліва: Вінцэнт і Марыя Паклеўскія-Казелічы (дарэчы, менавіта так гучыць іх прозвішча ў «Инвентарной описи Бобруйского Римско-католического приходского костела II класса» за 1913 г. – аўт.), сем’і Яблонскіх, Радзівілаў, Кяльчэўскіх, Зарубаў, Сыракомляў-Булгакаў, Забэлаў, Гардзялкоўскіх, Яна Радзівіл, Лізавета Веляпольская, Баляслаў Тышкевіч, Юзэфа фон Урдман, Караль і Барбара Незабытоўскія, Пётр Трансон, Мікалай і Амелія Хутаровічы, Мамерт Паўлюць, Роза Рэвальці, Анэля Лапо, Сымон Забэла і Эдгар Булгак.

Наколькі шыкоўным быў першапачатковы выгляд касцёла, можно пабачыць з 3D-візуалізацыі святыні, якую распрацавалі гомельскія архітэктары Дзмітрый і Ганна Башмак.
Наколькі шыкоўным быў першапачатковы выгляд касцёла, можно пабачыць з 3D-візуалізацыі святыні, якую распрацавалі гомельскія архітэктары Дзмітрый і Ганна Башмак.
3D-візуалізацыя бабруйскага касцела аўтарства гомельскіх архітэктараў Дзмітрыя і Ганны Башмак.
3D-візуалізацыя бабруйскага касцела аўтарства гомельскіх архітэктараў Дзмітрыя і Ганны Башмак.
Так выглядаў касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі у 1919 годзе.
Так выглядаў касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі у 1919 годзе.

Вуглавы камень у падмурак будучага касцёла быў урачыста закладзены 8 мая 1903 года. Асноўнае будаўніцтва касцёла было скончана ў 1906 годзе. Урачыстую кансэкрацыю галоўнага алтара, а разам і касцёла, 9 верасня 1912 года ўчыніў Мітрапаліт арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі.

Расстраляны, памёр у ГУЛАГу...

З 1935 па 1941 гады службы ў касцёле забаранілі, а святыню выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах.

Лёсы святароў, якія ў тыя гады служылі ў касцёле, таксама склаліся трагічна.

Так, ксёндз-пробашч Вінцэнт Латарэвіч 19 сакавіка 1919 года быў расстраляны чырвонаармейцамі ў Мірскім замку.

Бабруйскі дэкан і адміністратар парафіі ў 1921 годзе ксёндз Тэадор Рыло памёр у ГУЛАГу ў 1950-м.

З 1922 года адміністратарам парафіі служыў ураджэнец Бабруйска ксёндз Ян Жаўрыд. 21 красавіка 1928 года святара арыштавалі, а 25 сакавіка 1929 года калегіяй АДПУ ён быў асуджаны да 10 год Салавецкіх лагероў. 1 лістапада 1937 года ксяндза Яна паводле прыгавору НКУС расстралялі ў турме.

Забудоўванне фасада касцёла ў Бабруйску у 1963 годзе.
Забудоўванне фасада касцёла ў Бабруйску у 1963 годзе.

У 1929-1930-я адміністратарам парафіі працаваў ксёндз Казімір Мустэйкіс, які быў абвінавачаны паводле паклёпніцкага даноса і прыгавораны да трох гадоў турмы.

З 1931-га пробашчам парафіі быў ксёндз Францішак Выліжынскі, выпускнік Санкт-Пецярбуржскай духоўнай семінарыі. Напрыканцы 1934 года быў арыштаваны і асуджаны да 5 год лагероў. З 1934 года знаходзіўся ў Карлагу, вызвалены ў 1940-м. Па вяртанні ў Бабруйск працаваў вартаўніком. Але зноў быў арыштаваны і адпраўлены ў Пячорлаг. Праз некаторы час быў амніставаны і зноў вярнуўся на працу ў Бабруйск. Памёр у 1940-х, пахаваны на «Мінскіх» могілках.

«Замураваны», але касцёл

З 1946 года пэўны час у будынку святыні дзейнічаў кіналекторый.

У 1963 годзе фасад касцёла часткова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак. Парафіянамі ў гэты час (1955-1970) апекаваўся ксёндз Мечыслаў Малыніч, які жыў у Слуцку.

У кастрычніку 1989 года было прынята рашэнне аб вяртанні касцёла вернікам, перадалі святыню ў сакавіку 1990 года. Аднак, першасны выгляд касцёла пакуль не адноўлены.

Пробашчамі адроджанай парафіі ў розныя гады былі: Анджэй Шчэнсны, Раман Факсінскі, Антоній Клімантовіч, Аляксандр Тарасевіч, Генрых Акалатовіч, Уладзімір Русак, Юрый Быкаў.

З 3 жніўня 2014 года парафіяй кіруе ксёндз канонік Андрэй Яркавец.

11.11.2017, Бабруйск. Галоўны алтар касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.
11.11.2017, Бабруйск. Галоўны алтар касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ.

Мадонна Беззаганная ў Бабруйску

За мурамі грэху ёсць святыня,

Што зазнала недаверкаў здзек.

У святыні той абраз Марыі,

Над якой не меў улады грэх.

Ціхмянасць постаці ў бляску,

Блакіт плашча – да вечнасці прасцяг.

Мадонна Беззаганная ў Бабруйску,

Ты асвятляеш нам да Бога шлях.

Яна срозь з намі, у любой прыгодзе,

Засцеражэ ад злыбед і навал.

Мы праз Марыю да Хрыста прыходзім,

Каб палюбіць Яго так, як Яна!

Маці Збаўцы, Нашая Матуля,

Панна невымернай чысціні,

На вышынях неба памаліся

Ты за святасць нашу на зямлі.

Ціхмянасць постаці ў бляску,

Блакіт плашча – да вечнасці прасцяг.

Мадонна Беззаганная ў Бабруйску,

Ты асвятляеш нам да Бога шлях.

Аўтар верша – Віктар МАЛІНОЎСКІ

Яшчэ некалькі рэдкіх фотаздымкаў бабруйскага касцёла

Меркавана, гэта фота другой паловы 1930-х або першай паловы 1950-х, дакладна не вызначана. (Калі нехта з нашых чытачоў памятае тыя часы ці пазнаў гэтыя кадры – падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўспамінамі! Чакаем зваротнай сувязі па адрасу рэдакцыі: red-vb@yandex.ru альбо па тэлефонах: (8-0225) 72-01-16, 77-79-88, +375-33-301-45-62).

Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ля бабруйскага касцёла.
Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ля бабруйскага касцёла.
Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ля бабруйскага касцёла.
Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ля бабруйскага касцёла.
Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ў бабруйскім касцёле.
Меркавана, 1930-я-1950-я. Сельскагаспадарчая выстава ў бабруйскім касцёле.
Меркавана, 1950-я. Кіналекторый у бабруйскім касцёле.
Меркавана, 1950-я. Кіналекторый у бабруйскім касцёле.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з кнігі Віктара Маліноўскага «…І будуць расчынены брамы. Гісторыя касцёлаў Бабруйска» (Мінск, 2008 г.) і з іншых публікацый аўтара.