У Беларусі гулялі ў хакей 155 год таму! Сэнсацыйная знаходка ў старой прэсе

1692
Дзяніс НОСАЎ па маэрыялах Bar24by. Фота на тытуле з Канадкай энцыклапедыі
Гульня, што надзвычайна блізка нагадвае сучасны хакей, існавала пад Баранавічамі і Нясвіжам тады, калі нават у Канадзе гэты спорт яшчэ толькі зараджаўся.

Баранавіцкі партал Bar24 знайшоў у старым часопісе «Kłosy» (выдаваўся ў Варшаве з 1865 па 1890 гады) сэнсацыйныя звесткі. У №236 за 1870 год (можна паглядзець на сайце бібліятэкі універсітэту Лодзі, на 15-й старонцы збору матэрыялаў «Каласоў») апублікаваны працяг падарожных нататак Эдварда Хлапіцкага «Карткі з дарожнай папкі», дзе аўтар расказвае пра свае паездкі па сёняшніх Нясвіжскім і Баранавіцкім раёнах напрыканцы 1869 года. І аказваецца што там і тады ён бачыў гульню, у якой немагчыма не пазнаць сучасны хакей. За 6 год да першага афіцыйнага хакейнага матчу ў Канадзе.

Старонка часопісу «Kłosy» за 1870 год з апісаннем гульні ў хакей ў вёсцы Лысіца ў Беларусі ў 1869-м
Старонка часопісу «Kłosy» за 1870 год з апісаннем гульні ў хакей ў вёсцы Лысіца ў Беларусі ў 1869-м

«За Ішкалдзю, сярод раўнін досыць манатонных, праязджаю вёрст 10 і за схілам лёгкага ўзгорка заязджаю да Лысіцы (цяпер вёска ў Нясвіжскім раёне на мяжы з Баранавіцкім). Яна складаецца з сялянскай вёскі і шляхецкага засценка.

Праязджаючы гэтую вёску, спыніліся на нейкі час, каб даць каням адпачынак. На пляцоўцы каля карчмы адбывалася ў гэты святочны дзень дзіўная народная гульня пад назвай «Качалкі» альбо «Кружок» ( у аўтара krążka, цяпер па-польску хакейная шайба – krążek).

Вясковая моладзь, падзеленая на дзве групы, стаяла за 40 сажняў (больш за 80 метраў) адна ад другой. Кожны хлопец быў узброены доўгай, на пару локцеў (каля 1м), палкай. Пасля пастраення ў роўную лінію адна з груп пачала піхаць кіямі кінуты перад ёю кружок. Кружок быў тры цалі шырынёю і цалю вышынёю (цаля ці дзюйм – 2,54 см, тобок шайба была прыкладна 7,5 см у дыяметры і 2,5 см таўшчынёю). Сам кружок быў драўляны. Другая каманда ўвесь час адбівала сваімі кіямі гэты кружок у іншы бок. Адбіванне тое адбывалася ў розных напрамках, падобна, як стрэлы з гармат. Тобок гарызантальна, рыкашэтам, з падлётам у вышыню – у залежнасці ад удару. Адбіты такім чынам кружок уздымаўся ў паветра, часта наносячы забойчыя ўдары па розных часцях цела, калі толькі яго не паспявалі адбіць, і тады ён ляцеў далей».

Аўтар адзначае, што падарожнікі былі ўсцешаныя відовішчам гэтай народнай гульні, якая сведчыла пра энэргію і адвагу мясцовых людзей.

Гульня ў хакей у Юконе (паўночна-заходняя тэрыторыя Канады) ў 1879г.
Гульня ў хакей у Юконе (паўночна-заходняя тэрыторыя Канады) ў 1879г.

Відавочна, што беларускія «Качалкі» гэта практычна той самы сучасны хакей на лёдзе, хіба без брамак з сеткай. Які ў тыя гады ў Канадзе толькі пачаў нараджацца, і брамак з сеткай і там шчэ доўгі час не было. І аказваецца, хакей у ваколіцах Баранавіч старэйшы за чыгунку – якую правялі ля вёскі Баранавічы толькі ў 1871 годзе.

У 1763 годзе брытанскія салдаты прывезлі з сабой у Паўночную Амэрыку хакей на траве. Аднак з-за доўгіх і суворых зім гулялі на замёрзлых рэках ды азёрах, прымацоўваючы да сваіх чаравікаў разакі для сыру. 3 сакавіка 1875 года ў Манрэалі на крытым катку «Вікторыя» быў праведзены першы хакейны матч, інфармацыя пра які была зафіксавана ў «Montreal Gazette». Кожная з каманд складалася з дзевяці чалавек. Гулялі драўлянай шайбай («шыні»), а ахоўную экіпіроўку запазычылі з бейсбола. Тады ж упершыню на лёдзе для кожнай каманды паставілі хакейныя брамкі – у выглядзе ўсяго двух невысокіх стаякоў, "штанг".

Гульня ў хакей на тым самым катку "Вікторыя" ў Манрэалі ў 1893г.
Гульня ў хакей на тым самым катку "Вікторыя" ў Манрэалі ў 1893г.

У 1877 годзе некалькі студэнтаў Манрэальскага Універсітэта Макгіл распрацавалі першыя сем хакейных правілаў. У 1879 годзе зрабілі шайбу гумовай. Гульня стала настолькі папулярнай, што ў 1883 годзе была прадстаўленая на штогадовым Манрэальскім зімовым карнавале. А ў 1885 годзе ў Манрэалі была заснавана Аматарская хакейная асацыяцыя. Наперадзе былі сусветная слава, сумесная з паўднёвымі суседзямі Нацыянальная хакейная ліга, чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні (першы раз хакей на лёдзе ў Алімпійскай праграме з'явіўся ў 1920-м у Антвэрпене на Летніх Алімпійскіх гульнях)

У Расійскай імперыі ў хакей не гулялі. Першыя матчы па «канадзкім хакеі» адбыліся ў СССР толькі 22 снежня 1946 года. Наперадзе было 4-е месца зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях 2002-га ў Солт Лэйк Сіці.