Шмат гадоў паабапал уваходу ў бабруйскі касцёл стаялі два высокіх драўляных паклонных крыжы. Яны з вуліцы паказвалі, што тут не проста савецкая «каробка» нейкай канторы, а што за ёй хаваецца храм. Цяпер аднаго крыжа, што стаяў справа ад уваходу, між касцёлам і крамай, няма.
Але ў гэтым нічога крымінальнага ці сэнсацыйнага. Крыж знялі з бласлаўлення ксяндза Андрэя Яркаўца і з вельмі простай прычыны.
Драўляны сяміметровы крыж страціў трываласць, моцна пахіліўся, стаў аварыйным. Таму прыйшлося прыбіраць, пакуль не рухнуў сам. 19 кастрычніка яго акуратна дэмантавалі – і аказалася, што вельмі своечасова, бо і ля папярэчыны, і ў аснаванні, што было закапанае ў зямлю, дрэва спарахнела.
Другі паклонны крыж, што з боку стадыёну, металічны і з ім усё ў парадку.
А гэты, драўляны, быў зроблены прыхажанамі ў 1994 годзе і 14 траўня 94-га асвечаны біскупам Казімірам Свёнткам, будучым кардыналам.
Крыж прастаяў больш за 29 год, прыйшоў час мяняць. Ксёндз Андрэй замовіў новы, праца па яго стварэнні ўжо вядзецца. Дэмантаваны ж крыж не выкінуць на сметнік, яго разам з іншым крыжам з інтэр'еру касцёла чакае рэстаўрацыя. Цяпер зняты паклонны крыж на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства ў бабруйскай крэпасці, пасля рэстаўрацыі ён паедзе ў Клічаў.
Што да перадачы будынку касцёла грамадзе вернікаў у бязвыплатнае карыстанне – справа пакуль не вырашаная. Паўгода прайшло – касцёл працягвае плаціць арэнду за свой будынак, які афіцыйна знаходзіцца ў камунальнай уласнасці гораду. Як мы пісалі, па дамоўленасці з камунальнікамі арэндная плата зніжаная, улічваецца не ўся плошча былога будаўнічага трэсту а толькі тая, што сапраўды занятая памяшканнямі касцёла.