Ікона Маці Божай Бялыніцкай шанавалася і шануецца і каталікамі і праваслаўнымі. Яна была другой іконай у ВКЛ, што атрымала Папскую карону – пасля ўніяцкай Жыровіцкай. Праваслаўнае паданне кажа, што старую бізантыйскую ікону вывезлі з Кіеву манахі, ратуючыся ад мангола-татарскага нашэсця, дайшлі да месца дзе цяпер Бялынічы, і ў першую ж ноч ікона заззяла. «Білы нічы!» усклікнулі манахі. Цуд паўтараўся, і мястэчка празвалі Бялынічамі. Па каталіцкім паданні, ікону напісаў анёл пад час спеву манахаў у Бялыніцкім кляштары кармэлітаў (заснаваны ў 1622г.) Большасць гісторыкаў схільная лічыць, што абраз створаны невядомым мастаком ў 1634-35 гадах (дарэчы, у 1634-м Бялынічы атрымалі Магдэбурскае права на самакіраванне).
У 1655-м, пад час вайны з Маскоўскай дзяржавай, кармэліты перавезлі ікону ва ўмацаваныя Ляхавічы, якія ў хуткім часе апынуліся ў аблозе. У 1660-м аблога была скончаная перамогай войскаў Рэчы Паспалітай, і абраз Маці Божай займеў славу цудадзейнага. Праз сто год яго з пашанай вярнулі ў Бялынічы ў адноўлены касцёл, і 20 верасня 1761-га адбылася ўрачыстая каранацыя іконы Папскай каронай. З канца XVIII стагоддзя ў Бялынічы рэгулярна хадзілі пілігрымкі.
У 1876-м расійскія ўлады зачынілі касцёл з кляштарам і перадалі будынкі Маскоўскаму патрыярхату. Ксёндз перадаў славутую ікону праваслаўным. У 20-х гадах XX-га стагоддзя і праваслаўны храм зачынілі, ікону Маці Божай Бялыніцкай здалі ў Магілёўскі краязнаўчы музей – адкуль на пачатку вайны яна разам з крыжом Еўфрасінні Полацкай знікла... А ў 1960-я на хвалі ўсесаюзнай барацьбы з рэлігіяй рэшткі Бялыніцкага храму і кляштару былі знішчаныя.
Але ёсць версія, што ксёндз Люцыян Гадлеўскі тады перадаў копію, а арыгінал схаваў. Цяпер існуе некалькі копіяў гістарычнай іконы, якія шануюцца і ў праваслаўных цэрквах і ў каталіцкіх касцёлах. А ў 1995 г. у касцёле ў Новай Мышы пад Баранавічамі здарыўся пажар. І калі там працавалі рэстаўратары, у адным з бакавых алтароў за абразом Унебаўзяцця Маці Божай, пад адным акладам, знайшлі іншую ікону. Гэта была выява Маці Божай Бялыніцкай. Копія гэта ці арыгінал, пакуль не разабраліся – але тое што яе так хавалі, схіляе да думкі, што арыгінал.
Беларускі касцёл збіраецца аднавіць у Бялынічах санктуарый Маці Божай Бялыніцкай, рыхтуецца праектная дакумэнтацыя для будаўніцтва новага касцёлу. Пакуль у Бялынічах у выкупленым будынку дзейнічае капліца.
І ўжо шосты год, як у Бялынічы аднавіліся пілігрымкі. У гэты раз прыйшлі і прыехалі вернікі з Бабруйска, Магілёва, Талачына, Баранавічаў. Як паведаміў «ВБ» бабруйскі пілігрым Юры Конанаў, бабруйчане ехалі ў Бялынічы арганізавана аўтобусам, дабіраліся на сваіх машынах, і ішлі пешшу з Магілёва разам з іншымі – агулам бабруйчан было каля 80 чалавек. Самай маленькай, Марыі, усяго паўтары гады.
Пешая група пайшла раніцай у суботу ад Магілёўскага катэдральнага сабору. Агулам было 60 чалавек, з іх бабруйчан пад кіраўніцтвам сястры-дамініканкі Наталлі Бяляевай дзевяць. Начавалі ў вёсцы Вішаў у мясцовых жыхароў. У нядзелю прыйшлі ў Бялынічы, дзе а 15-й гадзіне пачалася святая імша і святкаванні з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.
«Здзейсніць пілігрымку – гэта значыць выйсці са свайго дома, каб разам адчуць Божую прысутнасць, атрымаць досвед жыцця ў Касцёле, які з’яўляецца сям’ёю, – сказаў арцыбіскуп Станеўскі. – Бо, як кажуць, шчасце само не прыходзіць, яму трэба выйсці насустрач. І вы выйшлі з вялікіх і малых мясцін Магілёўскага краю».
На свята была выстаўленая самая старая з вядомых копій іконы, XIX стагоддзя, знойдзеная на вясковых могілках.