Як выглядалі бабруйскія касцёлы і што цікавае знайшлося ў старых архівах

4025
Дзяніс НОСАЎ, калаж аўтара
Варшаўскі Інстытут Polonika выдаў альбом пра каталіцкія храмы і манастыры з Расійскай імперыі XIX ст. – там ёсць і пра Бабруйск, і нечаканае.
Былы езуіцкі касцёл у Бабруйску – фасад тады і тыл цяпер
Былы езуіцкі касцёл у Бабруйску – фасад тады і тыл цяпер

Варшаўскі Інстытут Polonika выдаў двухтомны альбом «Расійскія планы кляштараў, скасаваных у 1832 г.». Выданне складаецца з планаў і абмерных чарцяжоў рымска-каталіцкіх кляштараў і касцёлаў, скасаваных пасля задушэння расійскімі ўладамі паўстання 1830–1831 гг. на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў Беларусі. У паўстанні прымала ўдзел і рымска-каталіцкае духавенства, таму рэпрэсіі закранулі і кляштары. У сувязі са скасаваннем кляштараў і перадачай іх войскам ці цывільным арганізацыям расійскія ўлады іх інвентарызавалі – усяго каля 200. Вядомая польская мастацтвазнаўца Марыя Каламайская-Саід, пераважна ў пецярбургскіх і маскоўскіх архівах, а таксама ў архівах Вільні, Мінска і Гродна выявіла матэрыялы гэтай інвентарызацыі, а таксама праекты прыстасавання і рэканструкцыі будынкаў.

Бабруйск, XIX ст., "фасады Костьолу и кляштору Эксъ-Эзуицкому"
Бабруйск, XIX ст., "фасады Костьолу и кляштору Эксъ-Эзуицкому"

Выяўленыя Марыяй Каламайскай-Саід матэрыялы без перабольшвання ўнікальныя. Бо даюць уяўленне пра помнікі дойлідства Беларусі, Літвы, Украіны, Латвіі, Расіі і Польшчы, з якіх толькі 10% захаваліся да нашага часу ў першапачатковым выглядзе. А многія наогул ужо не існуюць.

– Асноўная маса гэтых аб’ектаў знаходзіцца на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны. І тая, і другая краіна для польскай навукі і турыстаў цяпер недаступныя, а людзі, якія там жывуць, гісторыкі і даследчыкі спадчыны гэтых краін, адрэзаны ад кантактаў з польскімі навуковымі цэнтрамі, – перажывае Марыя Каламайская-Саід. – Цяпер нават няма як выслаць туды гэтыя кнігі, не гаворачы пра Расію. Бо ёсць такая традыцыя, калі аўтар перадае свае кнігі ў тыя ўстановы, чыімі матэрыяламі карыстаўся. І цяпер няма як выканаць гэты абавязак – перадаць у архівы Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска гэтыя кнігі з падзякай за магчымасць карыстання іхнымі зборамі. Толькі ў Літву можна будзе свабодна перадаць гэтыя кнігі. Шкада, што немагчыма падзякаваць тым, каму трэба падзякаваць.

Трэба адзначыць, што я своечасова ўзялася за вывучэнне гэтага матэрыялу, бо апошнія падзеі паказваюць, што калі б я яшчэ пачакала, то не змагла б усё гэта зрабіць.

Бабруйск, 13.07.23. Былы езуіцкі касцёл, самы стары будынак гораду. Фота Дзяніса Носава
Бабруйск, 13.07.23. Былы езуіцкі касцёл, самы стары будынак гораду. Фота Дзяніса Носава

У першую чаргу будынкі зачыненых каталіцкіх касцёлаў і кляштараў перадавалі імпэрскаму войску, што падцвердзіла і праца даследчыцы. У войску кляштары часта рабіліся казармамі або шпіталямі, часам іх прыстасоўвалі пад школы. Калі кляштар не падыходзіў для патрэб войскаў, яго перадавалі цывільным уладам. Тыя прыстасоўвалі кляштары пад паліцыю, турмы, розныя ўстановы. Кляштары цудоўна адпавядалі патрэбам турмаў: доўгі калідор і па баках асобныя пакоі – келлі, якія сталі камерамі.

Некаторыя будынкі, здавалася, зніклі. Аднак выяўленыя Марыяй Каламайскай-Саід чарцяжы і малюнкі дазволілі даказаць, што тое, што лічылася страчаным, дагэтуль існуе, хаця і ў моцна перабудаваным выглядзе. Бабруйчане ведаюць гэткі прыклад.

Якім Бабруйскі езуіцкі касцёл цяпер ёсць – і якім быў. І якім можа зноў стаць. Калаж A.Neva
Якім Бабруйскі езуіцкі касцёл цяпер ёсць – і якім быў. І якім можа зноў стаць. Калаж A.Neva

Гэта, вядома ж, езуіцкі касцёл, што цяпер на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Самы старажытны будынак Бабруйска – яшчэ з таго гораду, што быў амаль цалкам знішчаны ў 1810г. для пабудовы крэпасці. Будынак, ранейшы выгляд якога ў тым, што засталося, не пазнаць.

Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Від з месца, дзе стаяў калегіюм, на касцёл. Фота Дзяніса Носава
Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Від з месца, дзе стаяў калегіюм, на касцёл. Фота Дзяніса Носава

Інстытут Polonika падзяліўся з намі фрагмэнтамі кнігі, якія датычацца нашага езуіцкага касцёла.

Фасад бабруйскага езуіцкага касцёлу ў стылі Віленскага барока (чарцёж канца 18 - пачатку 19 стагоддзя)
Фасад бабруйскага езуіцкага касцёлу ў стылі Віленскага барока (чарцёж канца 18 - пачатку 19 стагоддзя)

Па вядомых цяпер версіях у 1615-18 гадах бабруйскі староста Пётр Трызна заклаў і фундаваў будаўніцтва ў горадзе парафіяльнага касцёлу. У 1618-м у Бабруйску з'явіліся езуіты (манахі Таварыства Езуса). Гэта былі місіянэры Нясвіскага езуіцкага калегіюму. Пётр Трызна ўсяляк дапамагаў і ім, перадаў езуітам свае маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла. У 1623-30 гадах у горадзе паўстала езуіцкая рэзыдэнцыя. Яе першым кіраўніком, супэрыёрам у 1630-33 гадах быў святы Андрэй Баболя. Напачатку асобнага касцёлу ў місіі не было, маліліся ўва ўнутранай капліцы і ў парафіяльным касцёле па суседзтву – айцы-езуіты яго і дапамагалі будаваць. У 1648-49х гадах драўляныя будынкі езуіцкай місіі ў Бабруйску, і не толькі яны, былі спаленыя казакамі (Каламайская-Саід піша што ў 51-м). Потым іх аднавілі мураванымі.

А ў 1747-м для місіі пабудавалі касцёл ў новым стылі Віленскага барока, самым папулярным у ВКЛ і на землях сёняшняй Беларусі. Яго архітэктары – езуіты Казімір Мацелякоўскі і Томаш Жаброўскі. Старшыня парафіяльнай рады касцёлу Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, даследчык Віктар Маліноўскі сцвярджае, што касцёл насіў імя заснавальніка ордэну езуітаў святога Ігнацыя Лаёлы, абраз якога месціўся ў галоўным алтары, ці аднаго з заснавальнікаў ордэну св. Францішка Ксаверыя, або св. Станіслава Косткі. Таксама пры місіі былі калегіюм і школа.

План Бабруйскай езуіцкай рэзыдэнцыі, XVIII ст.
План Бабруйскай езуіцкай рэзыдэнцыі, XVIII ст.

На плане езуіцкай рэзыдэнцыі XVIII ст. апроч касцёлу ёсць будынкі калегіюму, школы, злева кузьня, хлеў ды іншыя гаспадарчыя пабудовы, наверсе, бліжэй да ракі склеп для харчоў (piwnica), склеп для лёду, памяшканні для, напрыклад, гасцей (officyny)... І ogród fruktowy, i ogród jarzynny, тобок уласна агарод, для гародніны. Від гэтага плану знізу ўверх адпавядае той кропцы, з якой рэшткі касцёлу відаць цяпер, з вуліцы. Толькі падпісаныя яны на ахоўнай шыльдзе "гауптвахтай" крэпасці, а не касцёлам старога Бабруйска. А будынак калегіюму ды іншыя пабудовы рэзыдэнцыі даўно знішчаны цалкам. Але на трансфарматарнай будцы, што цяпер на месцы былой езуіцкай рэзыдэнцыі, намаляваная чамусці не яна.

Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Цяпер ані калегіюму, ані школы, і дзікага саду рэшткі. Фота Дзяніса Носава
Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Цяпер ані калегіюму, ані школы, і дзікага саду рэшткі. Фота Дзяніса Носава
Праект перабудовы касцёлу пад артылерыйскі склад, 1811г.
Праект перабудовы касцёлу пад артылерыйскі склад, 1811г.

У 1773-м Ордэн Езуітаў быў распушчаны, і хаця ў Расійскай імпэрыі дзейнічаў да 1820-га, з Бабруйску езуіты сыйшлі. У 1810-м стары Бабруйск знішчылі пад вайсковую крэпасць. А з былога езуіцкага касцёлу сабраліся зрабіць склад артылерыйскіх снарадаў, «цейхгауз». Вось план касцёлу і яго перабудовы: на верхнім малюнку, на плане падмуркаў зверху, касцёльная аснова ў асноўным захаваная, яе добра відаць. А ўнізе ўжо фасад звычайнай для 19 стагоддзя канцылярскай "каробкі", у якой нядаўні касцёл не пазнаеш.

Гэта напэўна копія першага плану, бо чарцяжы суправаджаюцца подпісам (у якім па вачах б'юць не толькі цвёрдыя знакі):

«Nаподлинномъ напісано: утверждeнъ съ тою только отменою, чтобы верхней потолокъ былъ накатной изъ толстыхъ брусьевъ, дабы въ случаю ocaды снявъ кровлю, покрыть оный землею; подписалъ генералъ маіоръ Опперманъ»,

і «Съ подлиннымъ верно, инженеръ полковникъ Федоров».

Па гэтым праекце муры цэйхгауза захоўвалі арыгінальную, касцёльную вышыню. Праект быў рэалізаваны па іншаму.

Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Від з месца, дзе стаялі гаспадарчыя і гасцявыя пабудовы, на касцёл. А злева была школа. Фота Дзяніса Носава
Бабруйск, 13.07.23. Тэрыторыя былой езуіцкай рэзыдэнцыі. Від з месца, дзе стаялі гаспадарчыя і гасцявыя пабудовы, на касцёл. А злева была школа. Фота Дзяніса Носава

Гэткія падрабязныя схемы цікавыя, але шмат якія з падобных былі вядомыя і раней. А вось што сапраўды ў працы польскай даследчыцы новае і вельмі цікавае.

З гісторыі з'яўлення ў Бабруйску езуіцкай місіі нам было вядома, што паўстала яна дзякуючы старосце Пятру Трызне і ягонай жонцы Ганне Масалоўскай.

– Для мяне ў гэтай публікацыі ёсць зусім неспадзяваны факт – Пётр Трызна і Пётр Казімір Трызна гэта не адна асоба... – заўважыў Віктар Маліноўскі. – Паўсюль сцвярджаецца, што ў Пятра была толькі адна дачка, і што ён быў бабруйскім старостам да 1639 года. А ў гэтай даследчыцы даводзіцца, што з 1630 да 1640 х гадоў старостам быў Пётр Казімір. Тут патрэбны іншыя крыніцы. Я ўжо даведваўся ў навукоўцаў. Пакуль пытанне трэба вывучаць.

Марыя Каламайская-Саід кажа, што ахвяраванні для місіі павялічыў сын фундатараў Пётр Казімір Трызна з жонкай Сафіяй Валовіч пры дапамозе мясцовых землеўладальнікаў Пятра Сулатыцкага і Сцяпана Шпілеўскага. Выглядае даволі падрабязна, каб быць праўдай. Але пры гэтым пані Каламайская-Саід у сваёй кнізе паўтарае адну вялікую памылку савецкіх часоў – распавядаючы пра езуіцкі касцёл, яна пачынае называць яго касцёлам імя Пятра і Паўла і казаць пра знішчэнне ў пажары – тобок блытае, накладае адно на адно гісторыі двух бабруйскіх касцёлаў, езуіцкага і парафіяльнага. Так што яшчэ правяраць і вывучаць.

План павятовага Бабруйска. Канец XVIII ст.
План павятовага Бабруйска. Канец XVIII ст.
Бабруйск, канец XVIII ст. 1 - уніяцкая царква, 4 - касцёл і калегіюм езуітаў, 5 - ужо павятовая школа, 6 - парафіяльны касцёл, 6 - пошта, 10 - яўрэйская школа
Бабруйск, канец XVIII ст. 1 - уніяцкая царква, 4 - касцёл і калегіюм езуітаў, 5 - ужо павятовая школа, 6 - парафіяльны касцёл, 6 - пошта, 10 - яўрэйская школа

А парафіяльны касцёл імя Пятра і Паўла ў Бабруйску дабудавалі ў 1630-м, разам з адкрыццём езуіцкай рэзыдэнцыі – напэўна таму гэтыя касцёлы часта і блытаюць. У 1885 годзе ў ім адбыўся пажар, пасля якога, як распавядае Віктар Маліноўскі, праз нядбайнасць ксяндза ён стаяў без рамонту, наадварот рэшткі даху і муры былі разабраныя і прададзеныя...

Бабруйск. Тут чатыры з паловай стагоддзі стаяў парафіяльны касцёл імя Пятра і Паўла. Фота Дзяніса Носава
Бабруйск. Тут чатыры з паловай стагоддзі стаяў парафіяльны касцёл імя Пятра і Паўла. Фота Дзяніса Носава
Праект (1890г.) аднаўлення бабруйскага касцёлу імя святых апосталаў Пятра і Паўла (з фондаў РГИА)
Праект (1890г.) аднаўлення бабруйскага касцёлу імя святых апосталаў Пятра і Паўла (з фондаў РГИА)

На днях Васіль Манкевіч знайшоў у расійскім дзяржаўным гістарычным архіве і падзяліўся з суполкай «Аднаўленне бабруйскага касцёла», што ў 1890-м існавалі планы аднаўлення бабруйскага касцёла імя Пятра і Паўла. Там жа знайшліся чарцёж касцёла 1881г., да пажару, і «Дело об отпуске денежных сумм на постройку римско-католических церквей в городе Бобруйске Минской губернии и о разрешении совершать богослужения в римско-католических каплицах в местечке Шатилки и "Замен-Рыдля" Бобруйского уезда Минской губернии». Шацілкі, нагадаем – цяперашні Светлагорск.

Праект (1890г.) аднаўлення бабруйскага касцёлу імя святых апосталаў Пятра і Паўла (з фондаў РГИА)
Праект (1890г.) аднаўлення бабруйскага касцёлу імя святых апосталаў Пятра і Паўла (з фондаў РГИА)

Але замест аднаўлення старога баракальнага касцёла на тэрыторыі старога Бабруйска ў 1906-м у новым Бабруйску, на месцы згарэўшага ў 1902-м драўлянага касцёла пабудавалі новы, нэагатычны. Які прастаяў да 1963-га, калі яму знеслі вежу і фасад, прыляпіўшы да неагатычнага цела касцёла безгустоўную каробку будаўнічага трэсту. Будтрэста там даўно няма, але дагэтуль з вуліцы будынак касцёла не пазнаць і не відаць.

3D-рэканструкцыя выгляду бабруйскага касцёла Незаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі (1906г). 
Праца Зміцера і Ганны Башмакоў
3D-рэканструкцыя выгляду бабруйскага касцёла Незаганнага зачацця найсвяцейшай Панны Марыі (1906г). Праца Зміцера і Ганны Башмакоў