Фестываль беларускай кухні ў Магілёве: таямніца ружовага халадніка, гумар і іншыя загадкі ў беларускамоўным кафэ «Шпаркі лось»

1170
Ольга ВИР, magilev.by. Фото автора
Чарговы фестываль ежы, падобны па сваёй канцэпцыі да улюбёнага беларусамі Гастрафэсту, праходзіць ў Магілёве з 27 червеня па 3 ліпеня. 14 кафэ і рэстаранаў падрыхтавалі сваім гасцям кулінарныя вынаходствы, якія маюць фіксаваную цану – 30 рублёў. Але асаблівасць гэтага мерапрыемства ў тым, што сэты складаюцца не з нейкіх там заморскіх страў, а з нашых родных, нацыянальных.

На другі дзень фестывалю мы наведалі кафэ «Шпаркі лось», каб пакаштаваць фірменны «Сэт ад Кухара Лася».

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Прыйшлі у кафэ каштаваць «Сэт ад Кухара Лася».
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Прыйшлі у кафэ каштаваць «Сэт ад Кухара Лася».

Карысная інфармацыя

Адрас: вул. Першамайская 22а. Знаходзіцца ў цокальным памяшканні ГЦ «Гранд Цэнтр».

Калі можна наведаць: штодзённа з 11 да 23-00.

Забраніраваць столік можна па тэлефоне: (29) 954-77-54 або праз дырэкт у Інстаграме.

У Фестывальнае меню ўваходзілі 3 сапраўды беларускія стравы з самых што ні на ёсць звычайных прадуктаў: бульбы, сала з мясам, мукі, яблыкаў і бурака, якія заўжды былі на сталах нашых продкаў – ад беларускага пана да звычайнага селяніна.

  • Халаднік па-беларуску
  • Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі
  • Яблычны пірог.

Загадкі на стале і ў талерцы

Пачалося ўсё зусім нечакана – з загадак. Яны былі паўсюль на сталах, таму нам было чым заняцца падчас чакання смачнай вячэры з нацыянальным каларытам. Загадкі не былі складанымі, але ж калі нехта не здагадаецца, напрыклад, хто на сваёй галаве лес носіць, для таго ёсць маляваныя падказкі.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Загадкі на сталах.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Загадкі на сталах.

Халаднік па-беларуску

Ну добра, адказваць на пытанні асабіста мне прыходзілася не раз. А вось разгадваць страву – ніколі. Аказалася, што звычайны з выгляду ружовы халаднік з яйкам и зелянінай, які нам прынеслі разам з бульбянымі дзелькамі на гарнір, – не такі ўжо і звычайны, а мае свой асабісты сакрэт. Пра гэта распавяла адміністратарка кафэ. Я спрабавала есці гэты халодны суп па-усялякаму: і з заплюшчанымі вачыма, і з расплюшчанымі. Нешта сапраўды ў ім было такое незвычайнае, але менавіта што – мы так і не здагадаліся. Падказак не было, а кухар не прызнаўся, які сакрэтны інгрэдыент дабавіў у халаднік. Адно магу сказаць: мне спадабаўся ў ім свежы смак хрумсткай гародніны. Дзелькi таксама парадавалi. Яны были жоўценькія ды румяныя, як з сапраўднай вясковай печкі і рабілі ўражанне ад прыгожай стравы больш поўным. А на адгадкі ёсць яшчэ час да наступнага панядзелка, а потым, магчыма, з’явіцца і новы сакрэт.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Халаднік па-беларуску.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Халаднік па-беларуску.

Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі

Наступная страва была таксама з бульбы. З бульбачкі. Калі прынеслі аладкі, я спачатку падумала, што гэта нешта падобнае да дранікаў. Але высветлілася зусім іншае. Як быццам звараную гародніну растаўклі ў пюрэ і падсмажылі на патэльні са шкваркамі. Гэта вельмі смачна і сытна. Упэўнена, што такія ж аладкі пекла ў вёсцы мая прабабуля свайму дзеду. Падаваліся яны разам з марынаванымі гуркамі-памідорамі і мясным суправаджэннем – сакавітай і мяккай свінінкай з салам. Наеліся мы з маім спадарожнікам да паліцы, сапраўды па-панску.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Бульбяныя аладкі з зажаркай і разнасоламі.

Яблычны пірог

Салодкае ужо нікуды не змяшчалася, бо страўнік не гумовы. Але румяны яблычны пірог і белае, як снег, марозіва з надзвычай свежымі зялёнымі лісцікамі мяты выглядалі надта апетытнымі. Нікуды мы не дзеліся – з’елі усё да апошняй кроплі. Пірог быў мяккім і духмяным, а яблыкі ў ім – кісла-салодкімі, як і мае быць у яблычных пірагах. Спалучэнне халоднага марозіва і цёплага печыва з аднаго боку уразіла кантрастам: цеплыня і холад, а з другога – мяккасцю і далікатнасцю смаку. Раней я так не спрабавала, каб адно да аднаго. Але ж, на тое і патрэбныя такія кафэ, як «Шпаркі лось», у якіх нават звычайнае падаецца па-іншаму, каб нечым здзівіць госця.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Яблычны пірог.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Яблычны пірог.

Вынікі

Шчыра кажучы, мяне уразіць сэтам ад кухара Лася цалкам атрымалася. Нягледзячы на тое, што за вакном быў дождж – лянівы лівень. Цёпла засталося на сэрцы. Ці то ад смачнай ежы, ці то ад келішка халоднага піва, ці то ад таго, што зноўку апынулася ў беларускамоўным асяроддзі. Гэта той самы момант, калі адчуваешь сябе дома, у сваёй краіне, сярод такіх жа, як і ты, беларусаў. Тут нават знізяць табе цану за сняданак толькі за тое, што ты размаўляў па-беларуску. Мы таксама размаўлялі на роднай мове, але зусім не дзеля таго, каб атрымаць зніжкі.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Беларускія словы на сцяне каля ўвахода.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Беларускія словы на сцяне каля ўвахода.

Упэўнена, што сюды прыходзяць не толькі паесці, але і за добрым настроем. Ну як яму не з’явіцца, гэткаму настрою, калі заходзіш нават у прыбіральню, а там нешта пра разумовае напружання кажуць і знак вісіць: «Купанне і рыбалка забаронены» і прапанова заставацца на месцы да канца прадстаўлення. Я вельмі цаню гумар.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Зона разумовага напружання ў прыбіральні.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Зона разумовага напружання ў прыбіральні.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. На ўсялякі выпадак вісяць папярэджанні. Не ведаю, ці прадугледжаны штраф за купанне ў неналежным месцы.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. На ўсялякі выпадак вісяць папярэджанні. Не ведаю, ці прадугледжаны штраф за купанне ў неналежным месцы.

Магу дакладна сказаць, што гэтае кафэ цалкам для мяне. Яно адрозніваецца, на мой погляд, ад іншых. Ёсць у ім свой шарм і асаблівасць. Вось такія думкі і пачуцці пасля звычайных будзённых пасядзелак у кафэ «Шпаркі лось». Раю прыйсці сюды, паспець паспрабпваць фестывальны сэт ад кухара Лася і ўбачыць усё, што не апісаць словамі, на свае асабістыя вочы.

«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Шклянка з квасам.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Шклянка з квасам.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Натхняльны надпіс на сцяне.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Натхняльны надпіс на сцяне.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Беларускія словы паўсюль.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023. Беларускія словы паўсюль.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023.
«Шпаркі лось», Магілёў. 28.06.2023.