Як бабруйчане ў Будслаў на свята ішлі

3727
Дзяніс НОСАЎ. Фота прыхаджанаў бабруйскага касцёлу
1-2 ліпеня традыцыйнае каталіцкае свята Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. І традыцыйныя пілігрымкі ў Будслаў адусюль. Зноў пайшлі і бабруйчане, двума групамі. Расказваем і паказваем свята іхнымі вачыма.
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы ля Архікатэдральнага касцёлу
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы ля Архікатэдральнага касцёлу

Абраз Маці Божай Будслаўскай – адзін з найбольш шануемых каталіцкіх абразоў, лічыцца цудадзейным. Ён падараваны Будслаўскаму кляштару бэрнардынцаў Папай Рымскім Кліментам VIII у 1598 годзе. Праз 400 год, у 1996-м, Папа Рымскі Ян Павел II абвясціў гэтую ікону патронкай Беларусі.

Святы Маці Божай Будслаўскай адбываюцца 1-2 ліпеня ці ў бліжэйшыя выходныя. І штогод у Будслаў ідуць пілігрымы з усіх куткоў Беларусі, а ў добрыя часы – і не толькі з Беларусі. І не толькі каталікі.

Будслаўскі фэст – 2023. Сястра-дамініканка Наталля Бяляева і бабруйскія пілігрымы ля сталічнай катэдры перад паходам да Будслава.
Будслаўскі фэст – 2023. Сястра-дамініканка Наталля Бяляева і бабруйскія пілігрымы ля сталічнай катэдры перад паходам да Будслава.
Будслаўскі фэст – 2023. Сястра Наталля і бабруйскія пілігрымы
Будслаўскі фэст – 2023. Сястра Наталля і бабруйскія пілігрымы

Бабруйскія пілігрымы ў гэтым годзе – апроч тых хто дабіраўся самастойна – падзяліліся на дзве арганізаваныя групы. Другая ў складзе 28 чалавек паехала 30-га чэрвеня з Бабруйску на аўтобусе. А першая, больш маладзёвая, 12 чалавек пад кіраўніцтвам сястры-дамініканкі Наталлі Бяляевай, 26-га сабралася ў Мінску ля Архікатэдральнага касцёлу. Там бабруйчане аб'ядналіся з мінскімі групамі і рушылі на Будслаў пешшу.

Самастойна ісці з самога Бабруйску, кажа сястра Наталля, цяжка арганізацыйна і накладна, таму не заўсёды атрымліваецца. У 2009 годзе так здолелі зрабіць, ішлі самі роўна з Бабруйску да Будславу. А часцей з кім-небудзь аб'ядноўваюцца – так, летась ішлі з ракаўскімі, а сёлета – з мінскімі.

Мінска-бабруйскую калону пілігрымаў на старце склалі 250 чалавек. Адлегласць з Мінску да Будславу – каля 130 км, больш дакладна – у залежнасці ад маршруту. У гэты раз ішлі 5 дзён.

Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскія пілігрымы
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскія пілігрымы

Пілігрымы ідуць доўга, але весела – з харугвамі, сцягамі ды песнямі (якія пяюць і самі, і з дапамогай перасоўных калонак, што заадно патрэбныя і для агучвання абвестак; ташчыць іх адмыслова прызначаны ды-джэй).

Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы ля касцёлу ў Альковічах
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы ля касцёлу ў Альковічах

Апроч звычайных прыпыначкаў на перакус і адпачынак спыняліся ў вёсках, дзе ёсць касцёлы.

Там праводзілі імшу, добра падсілкоўваліся, і, калі яшчэ дзень, ішлі далей.

– Часам на нашым шляху людзі выходзілі са сваіх хатаў, – кажа сястра Наталля, – махалі нам, рабілі знак крыжа.

Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы

Ішлі то аўтамабільнымі трасамі, то палявымі сцежкамі. І ў сонца і ў дождж.

Начавалі двойчы ў вясковых школах, астатнія ночы ў палях у намётах.

Будслаўскі фэст-2023. Начоўка бабруйска-мінскіх пілігрымаў
Будслаўскі фэст-2023. Начоўка бабруйска-мінскіх пілігрымаў

Зрэшты, некаторыя начавалі ў намётах увесь паход. Зрэшты, некаторыя менавіта начавалі мала – бо як жа не пасядзець ля вогнішча, не пагаманіць, не паспяваць.

Будслаўскі фэст – 2023. Начоўка бабруйска-мінскіх пілігрымаў у Даўгінава
Будслаўскі фэст – 2023. Начоўка бабруйска-мінскіх пілігрымаў у Даўгінава

– У Даўгінава да школы прыйшлі змучаныя, галодныя, у дождж, – расказвае сястра Наталля. – Ставілі намёты, хавалі ад дажджу рэчы. А нашаму Даніку нічога не перашкаджала – раз галодны, трэба тэрмінова перакусіць.

Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскі пілігрм Данік у Даўгінава
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскі пілігрм Данік у Даўгінава

Добра, што мясцовыя, як у тым Даўгінава, сустракалі хлебам-соллю.

Будслаўскі фэст – 2023. Хлеб-соль пілігрымам ад даўгінаўскіх
Будслаўскі фэст – 2023. Хлеб-соль пілігрымам ад даўгінаўскіх
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскія пілігрымы раніцай перад выхадам з Даўгінава
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйскія пілігрымы раніцай перад выхадам з Даўгінава

А апошнія кіламетры да Будслава ішлі Крыжовым шляхам.

Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы прыйшлі да Будслаўскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Будслаўскі фэст – 2023. Бабруйска-мінскія пілігрымы прыйшлі да Будслаўскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Пешшу ўвайшоў у Будслаў і спецпасланнік Папы Рымскага на будслаўскіх урачыстасцях, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці – на апошніх кіламетрах ён далучыўся да пілігрымаў з Нарачы.

Будслаўскі фэст – 2023. Спецпасланнік Папы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці з Нарачанскімі пілігрымамі
Будслаўскі фэст – 2023. Спецпасланнік Папы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці з Нарачанскімі пілігрымамі
Будслаўскі фэст – 2023. Пілігрымы падыходзяць да Будслаўскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Будслаўскі фэст – 2023. Пілігрымы падыходзяць да Будслаўскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Сёлетнія ўрачыстасці былі юбілейнымі: 25 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтэк па распараджэнні Папы святога Яна Паўла ІІ каранаваў цудадзейны будслаўскі абраз Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловай каронай, цяпер Маці Божая – Каралева Беларусі.

Будслаўскі фэст – 2023. Святары перад абразам Маці Божай Будслаўскай
Будслаўскі фэст – 2023. Святары перад абразам Маці Божай Будслаўскай

30 чэрвеня, перад Імшой для пілігрымаў, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да беларускіх вернікаў з пасланнем ад Папы Францішка (цытуем Catholic.by):

Будслаўскі фэст – 2023. Юныя бабруйскія пілігрымы
Будслаўскі фэст – 2023. Юныя бабруйскія пілігрымы

– Вы – надзвычай прыгожы народ! І Папа вас вельмі-вельмі моцна любіць! Ён ведае гісторыю вашага народа, усё, што вам давялося перажыць, усе вашыя цяжары, і хоча сказаць вам: «Я з вамі!» І яшчэ ён хоча, каб я разам з вамі ўкленчыў перад нашай Маці Божай Будслаўскай. Таму што тут вы маеце скарб, які ведаюць ва ўсім свеце, які любяць ва ўсім свеце, які ён хацеў бы ўбачыць уласнымі вачыма, як мы яго бачым, але не можа.

І ёсць таксама шмат тых, якія мне напісалі: «Памаліцеся да Маці Божай за мяне», – бо яны не могуць сёння тут прысутнічаць. Таму прывітаем воплескамі ўсіх тых, якія чакаюць ад вас, каб вы сталі выразам той малітвы, якую яны ўзносяць здалёк.

– Ведаеце, што такое пілігрымка? – таксама сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. – Пілігрымка – гэта нашае жыццё. Яна распачынаецца, калі мы нараджаемся, і завяршаецца, калі паміраем. Часам мы падаем, але ж падымаемся. А ў канцы дарогі ведаеце, хто нас чакае? Маці Божая, Маці Божая Будслаўская, з раскрытымі абдымкамі, якая вытра слёзы кожнаму з вас і запаліць на вашых тварах усмешкі.

Паколькі я ўжо немалады, я буду чакаць вас разам з Маці Божай і прывітаю вас па-беларуску разам з Маці Божай у Раі.

Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія
Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія

Апоўначы на плошчы перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі прайшла традыцыйная святочная працэсія з копіяй цудадзейнага абраза і імша з удзелам рымска-каталіцкіх і уніяцкіх iерархаў і тысяч вернікаў.

Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія
Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія
Будслаўскі фэст – 2023. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек
Будслаўскі фэст – 2023. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек

Па падліках Catholic.by, у 2023 годзе у Будслаў прыйшлі 16 арганізаваных пешых пілігрымак і 2 арганізаваныя пілігрымкі на роварах. Толькі такім шляхам – без уліку аўтобусных груп і тых, хто дабіраўся любым чынам самастойна – у Будслаў прыбылі 1862 пілігрымы.

Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія
Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія

Святкаванні ішлі з вечару пятніцы да сярэдзіны дня суботы. Бабруйскія пілігрымы ў начы хто трохі адаспаўся ў аўтобусе, хто ўдзельнічаў ува ўсіх начных службах.

А 2-га ліпеня, у Дзень Маці Божай Будслаўскай, вярнуліся дамоў. І пайшоў дождж. Лічыцца, што калі будслаўскія святкаванні сканчаюцца дажджом, значыць, Маці Божая працягне апекавацца Беларуссю і на наступны год.

Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія
Будслаўскі фэст – 2023. Начная святочная імша і працэсія

Касцёльны комплекс Будслава – Нацыянальны санктуарый Беларусі. Ватыкан надаў Будслаўскаму касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ганаровае званне Малой Базілікі, значыць, выбітнай гістарычнай каштоўнасці, якая з’яўляецца месцам літургічнага і пастырскага паломніцтва. У Беларусі Малых Базілік тры: яшчэ ў Пінску аднайменны будслаўскаму кафедральны касцёл ды ў Гродне кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя. А Вялікіх Базілік, то бок касцёлаў больш высокага рангу за Будслаўскі, у свеце ўсяго шэсць: 4 – ў Рыме і 2 – ў Асізі.

Урачыстасць у гонар шанавання іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) уваходзіць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNECO.

Будслаўскі фэст – 2023. Чарговыя пілігрымы ўваходзяць у Будслаў
Будслаўскі фэст – 2023. Чарговыя пілігрымы ўваходзяць у Будслаў