Пачатак чэрвеня Нацыянальны гістарычны архіў прысвяціў Бабруйску – спачатку апублікаваў «План высокакультурнага горада Бабруйск 1794 г.», а следам – мапы нашага гораду, планы крэпасці, чарцяжы асобных будынкаў XIX стагодзя і напачатку XX-га. І трохі малюнкаў з паштоўкамі.
Склаў выставу Уладзімір Дзянісаў, усе здымкі падпісаныя, і пад выявамі, і ў асобным спісе выкладзеных дакумантаў, дададзена і падрабязная гістарычная даведка.
У першай дакладна вядомай згадцы ад 1387 году Бабруйск, ужо як цэнтр воласці, пазначаны як уладанне князя Скіргайлы. А ўжо ў 1392-м горад падпарадкоўваўся вялікаму князю Вітаўту, кіраваў тут вялікакняжацкі намеснік, стараста.
З таго ж XIV стагоддзя вядома і пра існаванне Бабруйскага замку.
Напрыканцы XV стагоддзя Бабруйск цярпеў ад набегаў крымскіх татар, потым у XVI ст. спусташаўся войнамі Маскоўскага княства супраць ВКЛ.
З XVI стагоддзя Бабруйск належаў да Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства, а ў часовае кіраванне перадаваўся прадстаўнікам найбольш магутных шляхецкіх родаў. У другой палове XVI ст. пры царкве Святога Мікалая існавала праваслаўнае брацтва. У 1615-м заснаваны парафіяльны касцёл Святых Пятра і Паўла, у 1618-м – езуіцкая місія.
Па стану на 1626 год у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліц, 2 завулкі, 75 крамаў. Горад быў абнесены земляным валам з драўлянымі сценамі, якія мелі каля 10 двухпавярховых вежаў і 5 брам: Падольную, Свіслацкую, Кісялёўскую, Слуцкую і Прудовую. Гэта не лічачы ўмацаванняў замка – там свае дубовыя сцены з трыма вежамі і адной брамай з мастом.
Пад час казацкага паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім у кастрычніку 1648 года пры падтрымцы часткі мяшчан казакі захапілі горад і два першых месяцы 1649-га трымалі аблогу ўрадавых войскаў. 21 лютага рамеснікі, гандляры, багатыя мяшчане і духавенства здалі горад польнаму гетману ВКЛ Янушу Радзівілу, за што горад не быў войскам абрабаваны, хаця казакі і паўстанцы былі жорстка пакараныя. Гэтыя падзеі – уцёкі казакаў і падпал імі гораду, уваход у Бабруйск урадавых войскаў – адлюстраваў галандскі мастак Абрагам ван Вестэрфельд, які быў пры войску Радзівіла.
У 1793 годзе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай значная частка сёняшняй Беларусі разам з Бабруйскам была далучана да Расійскай імперыі. У 1795-м у горадзе налічвалася 314 дамоў і 1884 жыхара, ён стаў цэнтрам павета Мінскай губерніі.
1794-м годам датуецца першы вядомы дэтальны план гораду. Існуе ён у некалькіх варыянтах, у Бабруйскім музеі – чорна-белы, а ў Нацыянальным гістарычным архіве – каляровы. Арыентацыя плану амаль дакладна з поўначы ўверсе на поўдзень. Месцы самых адкрытых цяпер бастыёнаў крэпасці і пляцоўка «Бабруйск-арэны» – зверху і за краем выявы, цяперашні цітаўскі мост – над правым верхнім кутом. У ніжняй частцы, пад празрыстай рэстаўрацыйнай стужкай – рэчка Бабруйка. Цікава, што ў тыя часы на ёй была вялікая запруда на паўднёва-заходнім ускрайку гораду.
Літарамі «М» пазначаны падворкі мяшчан. «G» – дамы старасты. У паўночнай частцы літара «C» – тэрыторыя езуіцкай місіі з кляштарам і касцёлам. Крыху ніжэй літара «B» – парафіяльны касцёл Святых Пятра і Паўла. Яшчэ праз «квартал» уніз, ля Бярэзіны, пад літарай «A» – царква Святога Мікалая. Па дыяганалі ўлева ўніз ад яе, па той жа шырокай вуліцы – царква Святога прарока Іллі. На той час усе храмы ў Бабруйску былі ці рымска-каталіцкія, ці уніяцкія (Мікольская царква перайшла ва ўніяцтва адной з першых, у хуткім часе пасля падпісання Берасцейскай уніі ў 1596 годзе).
Між парафіяльным касцёлам і царквой св. Мікалая, на высокім беразе Бярэзіны вялікі пусты авал – тут быў Бабруйскі замак. Ужо тады па ім застаўся толькі след.
Перад уваходам у Мікольскую царкву – гандлёвыя рады, за ёй – маленькі простакутнік на беразе, яўрэйская школа. Перад касцёлам Пятра і Паўла – пошта. На тэрыторыі езуіцкай місіі доўгі простакутнік – школа, злева ад кляштара – яшчэ адні гандлёвыя лаўкі.
Амаль усё гэта праз 16 год пасля прыходу Расійскай імперыі было знішчана. І замест сярэднявечнага гораду ў 1810-м паўстала вайсковая крэпасць. Бабруйчане былі адселены на фарштаты – Слуцкі, Мінскі і Бярэзінскі. На наступнай мапе 1822 г. з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіву адлюстраваны менавіта гарадскія, цывільныя землі Бабруйску (тэрыторыя крэпасці проста не ўказана, замест яе – пустая пляма) і землі ўздоўж Бярэзіны на поўнач (тут направа), да Крывога Круку і Назараўкі.
Бачна, што крэпасць знішчіла і запруду на Бабруйцы, і рэчка ўжо ператварылася ў вядомую нам тонкую стужку.
А тут ужо паказаны абрысы крэпасных умацаванняў і дакладны генеральны план гарадской зямлі, фарштатаў па стану на 14 лютага 1853 г.
Тым часам на тэрыторыі былога гораду, а цяпер крэпасці, разбяруць праваслаўна-уніяцкую царкву св. Мікалая і ў 1812-м перанясуць у Парыцкае прадмесце, а ў 1829-м – у Мінскае. На ейным былым месцы будзе Рагачоўская брама крэпасці.
Касцёл св. Лайолы (езуіцкі) пераробяць на вайсковы склад, цэйхгауз. А на іншым баку вуліцы ад былога езуіцкага касцёлу ў 1827-м пабудуюць праваслаўны сабор Аляксандра Неўскага (у 1934-м яго ўзарвуць, з 2009 году аднаўляюць).
А касцёл Пятра і Паўла ў сваім выглядзе прастаіць да канца 1885-га. Да пажару. Напачатку XX стагоддзя на яго месцы пабудуюць вайсковы двухпавярховік. І скалечаны да непазнавальнасці, але ў аснове ўсё яшчэ той самы езуіцкі касцёл 1747 году пабудовы застанецца адзіным сведкам дакрэпаснога Бабруйска, самым старым будынкам нашага гораду.
– Частка гэтых планаў у нас была, асабліва па крэпасці, – пракамэнтавала «ВБ» гэтую архіўную падборку Іна Аўсейчык, старэйшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музэю. – Мы замовілі іх сабе ў 2003-м. Напрыклад, планы камэндантскага і афіцэрскага дамоў, рэдзюітаў, Рагачоўскай брамы. А чагосьці няма. Тут ёсць што вывучаць і вывучаць, толькі трэба працаваць ужывую ці замаўляць электронныя копіі, бо цяпер на сайце архіву выкладзена не ў лепшай якасці.
Цікава, што ёсць фасады прысутных месцаў, астрогу, флігелю – дзе цяпер жаночы манастыр. Бачна каменная агароджа там і што ўезд быў з супрацьлеглага боку ад сённяшняга. Ёсць чарцяжы царквы ў шпіталі (які пабудавалі на месцы замка) і ейнага іканастасу. І вельмі цікавы апошні ў падборцы план гораду 1914-га году. На ім указаныя ўсе вуліцы (хоць ў такой якасці і слаба чытаецца) – цэнтральныя-та мы ведаем, а назвы вуліц на ўскрайках трэба ўдакладніць.
Нешта знікла. А нешта і тады засталося ў праектах, не реалізавалі. Выкладзены праект дэкаратыўнага сада ва двары вайсковага шпіталя – напэўна, гэта варыяцыя таго батанічнага сада, пра які ішла размова пад час прыезду ў Бабруйск імператара Аляксандра I ў 1817-м.
А што, раз ужо Бабруйскі замак не дажыў да нашых часоў нават на хоць трохі дакладных выявах, дык батанічны сад на яго месцы – зусім не дрэнная ідэя.
Што яшчэ да нашага зніклага, дык вялікая карысць ад гэтых дакумантаў у тым, што захаваліся і чарцяжы і малюнкі фасадаў многіх пабудоваў. Як адзначыла спадарыня Іна Аўсейчык, наяўнасць выяваў гістарычнага выгляду будынкаў, а пажадана, чарцяжоў, тым больш фасадаў – неабходная частка працы рэстаўратараў. А тут гэта ёсць. Нават Бабруйск 18-га стагоддзя быў знішчаны не дашчэнту, і па гэтых планах і чарцяжах можна яшчэ шмат што аднавіць. Было б жаданне.