Ныраць у лёд не абавязкова, а працаваць можна. Вадохрышча і іншыя зімовыя святы па-бабруйску

3429
Дзяніс НОСАЎ. Фота з архіваў «ВБ» і Людмілы Крыловай. Відэа аўтара
Так ці трэба лезці ў ледзяную палонку? Якія наогул традыцыі святкавання Вадохрышча ды ўсіх калядных святаў былі на Бабруйшчыне.
13.01.2023. Бабруйскі раён. Калядоўшчыкі ідуць па Мартынаўцы - Мачулках - Пятровічах
13.01.2023. Бабруйскі раён. Калядоўшчыкі ідуць па Мартынаўцы - Мачулках - Пятровічах

12 дзён – ад Раства Хрыстова да вечару перад Богаз'яўленнем – лічацца Каляднымі святамі. Гэта час, калі сонечны дзень пачынае расці – таму вельмі важны святочны і магічны пэрыяд шчэ з паганскіх часоў, як люстраны зімовы адбітак летняга сонечнага свята Купалля. У хрысціянстве ж гэты пэрыяд прывязаны да нараджэння Хрыста і пачынаецца 25 снежня, а Калядкі ідуць да 6 студзеня.

Але Руская праваслаўная царква жыве па старым, Юліянскім календары, і даты святкавання іншыя: 6 студзеня толькі пачынаюцца, а завяршаюцца 19 студзеня. Дзень Богаз'яўлення ў праваслаўных – свята ў гонар прыходу трох валхвоў да новароджанага Ісуса, а таксама ў гонар хрышчэння, якое прыняў ужо дарослы, 30-гадовы Ісус ў водах ракі Іярдан ад Яна Хрысціцеля – адсюль і другая назва, Хрышчэнне Гасподняе. Беларуская праваслаўная назва гэтага свята – Вадохрышча – адразу паказвае, што, хоць свята і завяршае два Калядныя тыдні, яно больш звязана з хрышчэннем у Іярдане. Таму месцамі і пайшла традыцыя акунацца ў ваду, а раз у нашых краях у гэты час зіма, і вада звычайна пад ільдом – значыць, так пашанцавала, трэба лезці ў ледзяную. Праўда, гэткія зімовыя купанні не былі так уж распаўсюджанымі.

Вадохрышча ў Бабруйску
Вадохрышча ў Бабруйску

У каталікоў жа 6 студзеня – найперш Дзень Богаз'яўлення валхвам, таму народная назва свята – Тры Каралі, і ў палонку лезці ня трэба. А свята Хрышчэння да яго прывязанае і адзначаецца ў першую нядзелю пасля 6 студзеня.

З-за даўнасці шмат якія абрады святкавання перанялі і паганскія, і хрысціянскія рысы. Цяпер з традыцыі святкавання Хрышчэння ў народзе добра калі засталася дзе ў вёсках куцця, а ў асноўным – толькі плясканне ў ледзяной вадзе. Дарэчы, царква не лічыць акунанне ў палонку за свой абавязковы чын, і знаўцы абрадаў наракаюць на паводзіны «купальшыкаў» – напрыклад, што цяпер жанчыны часта акунаюцца з непакрытай галавой, а трэба з пакрытай, як і ў царкву хадзіць.

Вадохрышча ў Бабруйску
Вадохрышча ў Бабруйску
Людміла Крылова на свяце Юр'я пад Гомелем у 2021г.
Людміла Крылова на свяце Юр'я пад Гомелем у 2021г.

– У Бабруйскім раёне, на жаль, дзірка ў вывучэнні старажытных абрадаў, – лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры 34-й бабруйскай школы ды ўдзельніца шматлікіх фальклёрных фэстаў Людміла Крылова. – У Калядныя святы, ад Раства да Вадохрышча, у беларусаў шмат розных абрадаў праводзілася: калядкі, «Жаніцьба Цярэшкі» ды іншыя, але яны добра даследваныя і нават жывыя ў іншых частках краіны, а на Бабруйшчыне і па Магілёўскай вобласці іх зараз амаль няма, і што было, вядома мала. «Жаніцьба Цярэшкі» (рэпэтыцыя вясельных абрадаў для моладзі), напрыклад, дагэтуль жывая на Полаччыне, і нават хлопцы ў ёй актыўна ўдзельнічаюць. На Гомельшчыне свой забаўны абрад «Пячы кату» – выпякаюць фігурку ката, падвешваюць пад столь і потым у скачку кусаюць. А ў нашых мясцінах толькі ў Клічаўскім раёне «Каляда на дуба» захавалася, і ў Бярэзінскім яна ёсць. Збіраецца, як здаўна, вялікая працэсія, ідзе праз усю вёску, на дуб Каляднае кола зацягваюць – і вісіць яно там цэлы год, да новага свята.

Вось танцы бабруйскія шукалі добра, іх сталічныя харэографы глыбока даследвалі, адметную, унікальную бабруйскую «Лявоніху» нашая Юлія Літвінава аднаўляе. А з абрадамі справа горш.

«Жаніцьба Цярэшкі» ў бабруйскім тайм-клубе «13:87»
«Жаніцьба Цярэшкі» ў бабруйскім тайм-клубе «13:87»

Выканання традыцыйных абрадаў у нас мо і мала, але ёсць. Як ходзяць калядоўшчыкі па Пятровічах і ваколіцах, мы толькі што ў чарговы раз расказвалі і паказвалі.

А спадарыня Людміла родам з Цялушы і пра свае звычаі ведае нямала. Бацькі і калядавалі, і іншыя святы спраўлялі, бабуля старыя завядзёнкі расказвала – малыя вучыліся.

Людміла Крылова (справа) на фэсце «Пятровіца» ў Любані ў 2019г.
Людміла Крылова (справа) на фэсце «Пятровіца» ў Любані ў 2019г.

– 18-га гатавалі куццю, ужо трэццю за калядныя святы, – расказвае Людміла. – Першая, посная, была 6-га па новым стылі, перад Раством. Другая, багатая – на стары Новы год. І на Вадохрышча – трэцяя, зноў посная. Гатаваць гэтыя куцці мусіла адна й тая ж жанчына ў хаце. А страваў мусіла быць 12 – гэта ж завяршэнне году, як 12 месяцаў. А калі сям'я бедная – тады 5 ці 7. Елі куццю да першай зоркі.

А пасля першай зоркі «адкрывалі 7 калодзежаў» і набіралі з усіх іх ваду. Калі была б рака, крыніца – бралі б адтуль, але ад Цялушы рэчка далёка, таму калодзежы, і трэба сем. І ранкам гаспадар абыходзіў усе пабудовы і свяціў іх гэтай вадой.

Няма ракі і ў Пятровічах, таму, як сведчыць кіраўніца гурткоў пры мясцовым Доме народнай творчасці Валянціна Гайшун, і там у палонку не акуналіся, толькі хадзілі ў царкву ў Гарбацэвічы.

Вадохрышча ў Бабруйску
Вадохрышча ў Бабруйску

– А бабуля «рабіла крыжы», – працягвае Людміла Крылова, – вакол хаты на зямлі ці снезе з чатырох бакоў свету чарціла крыжы-абярэгі. І не звязвала гэта з царквой.

Царква, як вядома, і варажбу забараняе – спадарыня Людміла кажа, што ў Цялушы на само Раство і не варажылі. Вось на Вадохрышча – ужо так.

А як спраўляліся з народна-царкоўнай забаронай працаваць у святы? Па вялікім рахунку ж, святы аж з 7-га па 19-е, усё Калядныя дні. На Бабруйшчыне выкручваліся так:

– Трэба ўдзень 7-га зрабіць па гаспадарцы хоць трошачкі, хоць пару сцяжкоў прашыць – і тады ўсе Каляды можна рабіць. Але толькі засветла, вечары – святыя. А калі 7-га нічога не зробіш – тады ўвесь час нельга. Таму, – прызнаецца Людміла Крылова, – бабця нас спачатку ганяла раніцай 7-га, каб што-небудзь у хаце зрабілі, а як не – потым усе дні, каб і не браліся. Прычым, лічылася, што пасля 19-га яшчэ тры дні – святыя, у якія працаваць не трэба было б. Але мы ўжо пачыналі паціху рабіць, хоць бабця і бухцела.

Вадохрышча ў Бабруйску
Вадохрышча ў Бабруйску

Читайте также: