«Калі дзе тэатралізацыя – у нас аўтэнтыка!» Пакалядавалі пад Бабруйскам (+вiдэа)
5726
Дзяніс НОСАЎ, вiдэа аўтара. Фота: Аляксандр ЧУГУЕЎ
Жыхары Пятровічаў, Мачулак і Мартынаўкі Бабруйскага раёну зберагаюць свае традыцыі і калядуюць, як сотні гадоў таму. Карэспандэнты «ВБ» адзначылі з імі і Каляды, і... дзень народзінаў.
Дні пасля Раства па праваслаўным календары – час калядоўшыкаў. Калі ў горадзе Каляда збольшага зводзіцца да ватаг дзетвары, якія банальна выпрошваюць цукеркі, дзе-нідзе па вёсках можна сустрэць жывую гісторыю, убачыць, як калядаванне ішло раней і мусіць ісці. Пад Бабруйскам, у Пятровічах, дакладна можна.
– Нашыя бацькі калядавалі, мы з імі хадзілі, запаміналі, – расказвае Валянціна Гайшун з вёскі Пятровічы. – Марыя Цімафееўна Роскач з суседняй Мартынаўкі нам шмат парасказвала пра традыцыі. Яна дагэтуль нават куццю варыць, як належыць, па старыне.
І цяпер кожнага 13-га студзеня, пад вечар, з Мартынаўкі, ад хаты Роскачаў, стартуе святочная працэсія – жанчыны-шчадрухі з Каляднай зоркай, дзеці, гарманіст і «Каза», агулам чалавек дзесяць – і ідзе праз Мачулкі ў Пятровічы, вітаючы песнямі гаспадароў. Шчадрухі таксама – свае, пятровіцкія, у асноўным гэта ўдзельніцы гуртка «Спадарушка» пры Пятровіцкім Доме народнай творчасці.
– Мы адрадзілі сапраўдны старажытны абрад, – хваліцца Валянціна Гайшун, кіраўніца «Спадарушкі». – Калі дзе тэатралізацыя – дык у нас аўтэнтыка!
Далучаюць да справы і дзяцей. Самай старэйшай удзельніцы сёлета – 73 гады, а самай маладзейшай – якраз сёння 9! Так, дзень народзінаў дзяўчынкі прыпаў якраз на 13 студзеня!
Для Лізы гэта першае калядаванне. Хто прыдумаў, каб яна праводзіла свой дзень народзінаў у бадзяннях па цёмных зімовых вёсках?
– Ніхто не прыдумаў, я сама хачу! – смяецца Ліза. – А то і тата, і мама, і бабуля будуць хадзіць, і без мяне?
Бабуля Лізы – тая сама Валянціна Гайшун, бацька – ейны сын. І Ліза не проста хадзіла з імі, а спявала разам з усімі.
Раней, гадоў пяць таму, па суседніх вёсках ездзілі на конях. Цяпер коняў няма, бо няма ўжо тых гаспадароў, што іх трымалі. Калядоўшыкі ідуць дзе пешкі, дзе картэжам з двух-трох машын. На дварах ці ў хатах пяюць святочныя песні з вітаннямі гаспадарам па імёнах і зычэннямі іхным дзецям-унукам, таксама па імёнах. Калі гаспадары пушчаюць Казу, яна ўсім зычыць дабрабыту, ураджаю. І разыгрывае сцэнкі, каб атрымаць пачастункі.
«Дайце Казе сала, каб яна ўстала!
Дайце Казе гарэлкі, каб не біліся тарэлкі!
Дайце Казе грошай, каб не было ў яе вошай!»
– вось так трэба цукеркі прасіць.
Хтосьці (напрыклад, карэспандэнт «ВБ», які, ў адрозненне ад фатографа, быў у Пятровічах упершыню) чакаў, што Казой будзе проста нейкі чалавек у вывернутай куртцы і папяровай масцы. А яна аказалася анімаванай 3-D мадэллю з усімі рагамі, хвастамі і барадой пад пашчай, што цудоўна адкрываецца і з гучным ляпаннем закрываецца, забіраючы і сала, і грошы. Гразой многіх котак і сабак і некаторых зусім маленькіх дзетак. А малеча трохі старэйшая і ўважлівая паказвае бацькам: «У гэтай казы дзьве нагі!»
І ў гэтай Казы таксама дэбют. Казу зваць Мікіта. Яму 12 год, ён – брат Лізы, таксама ўнук Валянціны Гайшун. Раней Казой былі розныя людзі – і сённяшні гарманіст Андрэй, і бацька Мікіты, Генадзь. Сама ж ўнікальная пятровіцкая казіная канструкцыя вельмі старая – 30 год таму яе Дому творчасці перадаў Дзмітры Фёдаравіч Гайшун, які сам школьнікам з сябрамі калядаваў.
Дэбют жа Мікіты прайшоў настолькі на славу, што цяпер жыхары навакольных вёсак нікога іншага ў гэтай ролі і не ўяўляюць. Мікіта ня толькі спраўна кіраваў канструкцыяй, але і цягам усяго доўгага вечару жыва выпісваў танцавальныя крэндзеля. І прыдумаў смешную навінку ў традыцыю – цяпер Каза на развітанне пакідае ў хаце... казіныя шарыкі. Бліскучыя, каляровыя – на багацце.
А для Вольгі, маці Лізы і Мікіты, гэта таксама першыя Каляды – як для арганізатаркі. Яна толькі паўгады як стала загадчыцай Дому народнай творчасці. Але назваць яе ў гэтай справе навічком нельга – яна з такой сям'і, што ейную будучую свякроў вучыла калядным спевам ейная бабуля. Папярэдні ж дырэктар Дому народнай творчасці Юры Васільевіч Бобікаў цяпер на пенсіі – і да яго Каляда завітала, маладую Казу паказала. У бытнасць дырэктарам ён сам скакаў Казой.
Сустракалі Каляду, дзе было каму сустракаць, паўсюль радасна. Калі некалькі хат былі побач, гаспадары нярэдка загадзя адчынялі вароты і чакалі на вуліцы, пакуль калядоўшыкі гасцявалі ў суседзяў. А што вы думалі – заходзіць ува двор трэба, не ў які трапіцца, а строга па парадку! Які парадак, збоку так проста не разбярэш, бывала, здаецца ж, і злева направа і справа налева – але сталыя мясцовыя былі спакойныя: «Я парадак знаю!»
Праважалі ж Каляду хто цукеркамі, хто каўбасамі, а хто імкнуўся затрымаць падольш і ўсадзіць за стол. Часам удавалася, да фінішу дайшлі не ўсе. Запнуцца ў песнях таксама было складана – большасць гаспадароў падпявалі з поўным веданнем справы. Паразіў равеснік Мікіты, праспяваў адзін з варыянтаў песні Казы: «Тупу на калядкі, тупу на аладкі».
– А цяпер мне спейце! – папрасіла шчадрух Валянціна Гайшун у адной з хат. Бо і ў ейную ж хату зайсці трэба. Праспявалі і ёй, і Генадзю з Вольгай, і Мікіце з Лізай. Але Мікіта ўсё роўна для бабулі Казой станцаваў.
А Надзея Фёдараўна Гайшун (у Пятровічах паўвёскі – Гайшуны) шчэ й нагадала шчадрухам, што ў тых калядках, што яны спявалі, куплетаў нашмат больш, і прасьпявала іх сама.
Спадарыні Надзеі сёлета споўніцца 90 год, яна спадзяецца прывітаць і наступную Каляду. А калі не дачакаецца...
– Вы, як будзеце ісці, ля маёй хаты пастойце!
Калі святочны абыход скончаны, ля крыжа на ўскрайку Пятровічаў, на развілцы дарог, распальваюць вогнішча. Пяюць «Святое Ражджаство» і са старай саломай спальваюць усё дрэннае з мінулага году. Па словах сталых калядоўшчыкаў, у папярэднія гады дым ад развітальнага вогнішча ішоў то на вёску, то на могілкі... На гэты раз дым цягам усёй песні мірна падымаўся ўверх.
У Мачулках і Мартынаўцы толькі па адной хаце сустрэлі Каляду. У вялікіх, на пяць доўгіх вуліц, Пятровічах калядоўшчыкі пабывалі ў 23-х хатах, і тое большасць былі цёмныя. Бо большасць жыхароў цяпер – дачнікі. Нават сям’я Гайшуноў-арганізатараў жыве ў горадзе. Ці будзе для каго калядаваць далей, ці будзе жыць векавая традыцыя?
На лета сям’я Генадзя, Вольгі, Мікіты і Лізы перасяляецца з Бабруйску ў Пятровічы, дом амаль гатовы.