Ад французскага імпарту да савецкага кітчу. Аглядаем навагоднія паштоўкі за 120 гадоў

3161
Віталь МУРАШКЕВІЧ. Ілюстрацыі з асабістай калекцыі аўтара і адкрытых крыніц. Фота на тытуле: Дзяніс НОСАЎ
Як віншавалі ў нас больш за 100 гадоў таму і як віншуюць сёння – у адмысловай падборцы. Ёсць нават віншаванне ў Бабруйск 114 гадовай даўніны!
Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава
Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава

Зіма ў гэтым годзе радуе нас традыцыйным надвор’ем: завеі, гурбы белага снегу з маразамі –такой парой прыемна рыхтавацца да Раства і Новага году. Санкі, канькі, лыжы, жывая ялінка і пах мандарынаў – вось атрыбуты і традыцыі калядных святаў, якія вяртаюць нас ў час дзяцінства.

Разам з тым, яшчэ некалькі дзесяцігодзяў таму, у даінтэрнэтныя часы, было прынята віншаваць адзін аднаго з Новым годам і Калядамі з дапамогай паштовак. Цяпер ўсё часцей мы віншуем родных і блізкіх са святамі ў сацсетках і па тэлефоне, тым самым пазбавіўшы саміх сябе ад пачуцця чакання цуду.

Навагодняя паштоўка пачатку XX стагоддзя
Навагодняя паштоўка пачатку XX стагоддзя

Раней на святы паштовая скрыня заўсёды была поўная віншавальнымі паштоўкамі. Іх адпраўлялі пры самых розных нагодах, але віншаванні з Калядамі і Новым годам – самыя частыя.

Калядная паштоўка пачатку XX стагоддзя
Калядная паштоўка пачатку XX стагоддзя
Навагодняя паштоўка пачатку XX стагоддзя
Навагодняя паштоўка пачатку XX стагоддзя

Першыя ілюстрававаныя паштоўкі ў Расійскай імперыі з’явіліся ў 1895 годзе, калі была адмененая дзяржаўная паштовая манаполія на іх вытворчасць.

Спачатку месца для адрасу маглі друкаваць на вонкавым баку, а з 1904 года – толькі на адваротным, што вызваліла адзін бок «адкрытага пісьма» цалкам пад малюнак, і пачаўся росквіт паштовак.

Сотні сюжэтаў і тысячы варыяцый не маглі задаволіць лавінападобны попыт, таму шмат паштовак імпартуецца з-за мяжы, на іх робіцца наддрукоўка на рускай мове.

У тыя часы рэлігійныя даты, як у заходняй Еўропе, так і ў нас, шануюцца больш, але і сюжэты «С Новымъ годом» зусім не рэдкасць.

Моцна запатрабаванымі ў нашых краях былі і паштоўкі па-польску.

Калядная паштоўка пачатку XX стагоддзя
Калядная паштоўка пачатку XX стагоддзя

На аўкцыёнах знашлася вось такая імпартная паштоўка з фотаздымкам сямейнага сюжэту, што была дасланая са Слоніму ў Бабруйск 23 снежня 1908 году – спадарыні Ціханоўскай, што жыла «ля вакзалу ў доме Паўлавай», вось такія тады былі адрэсы.

Калядна-навагодняя паштоўка 1908 году са Слоніму ў Бабруйск
Калядна-навагодняя паштоўка 1908 году са Слоніму ў Бабруйск

Сямья ейнай дачкі ці сына піша (без знакаў прыпынку, і вялікія літары толькі ў імёнах, а мы ўжо праставім, каб зручней было чытаць, правапіс жа пакінем арыгінальны):

«Дорогая мама и Тоня! Поздравляемъ васъ съ праздникомъ и желаемъ всехъ благъ! Олег уже немного ходитъ, гипсъ уже 2 недели как сняли. Теперь делаемъ ванны 2 раза в день и массажъ. На праздники мы дома, потому что самъ ешчо нездоровъ. Целуемъ васъ. Катя, Олег».

Паштоўка дайшла за 1 дзень.

Калядна-навагодняя паштоўка 1908 году са Слоніму ў Бабруйск
Калядна-навагодняя паштоўка 1908 году са Слоніму ў Бабруйск

Пасля кастрычніка 1917 года залаты век паштовак скончыўся. Новы год і Раство былі аб'яўленыя «буржуазнымі перажыткамі», усе паштоўкі ў гэты час моцна заідэялагізаваныя. Традыцыя святкавання хаця б Новага году была вернутая толькі пасля 1935 году. Але да пачатку вайны выпуск паштовак так і не наладзілі, хоць нейкая іх частка выраблялася саматужна народнымі ўмельцамі ці дробнымі арцелямі.

Навагодняя паштоўка 1943 г.
Навагодняя паштоўка 1943 г.

У час жа вайны і навагоднія віншаванні былі на адну тэму.

Калядна-навагоднія савецкія паштоўкі канца 1940-х- пачатку 1950-х. Падпольны кітч
Калядна-навагоднія савецкія паштоўкі канца 1940-х- пачатку 1950-х. Падпольны кітч

Пасля вайны, да канца 1950-х, у дзяржавы не ставала паліграфічных рэсурсаў, таму за справу ўзяліся саматужныя фотамастакі. Па цягніках і ў іншых людных месцах можна было набыць паштоўкі ў кітчавым стылі, дзе анілінавымі фарбамі былі размаляваныя кветкі, дрэвы ці бакал шампанскага. Звычайна гэта былі варыяцыі на тэму «старарэжымных» калядных паштовак, нават падпісаныя старым правапісам. І звычайна на іх не ставілі ніякіх выходных дадзеных, бо гэта лічылася спекуляцыяй.

Навагодняя паштоўка 1960-х
Навагодняя паштоўка 1960-х
Навагодняя паштоўка 1976
Навагодняя паштоўка 1976

З 1960-х і да канца савецкай эпохі выпуск паштовак быў ужо па-сапраўднаму масавым. І толькі навагодніх, публічна святкаваць Божае нараджэнне не дазвалялася. Часта тыражы дасягалі некалькіх мільёнаў экзэмпляраў. Разам з агульнасаюзнымі майстрамі навагодніх паштовак, такімі, як Зарубін, у кожнай частцы СССР выпускалі паштоўкі сваіх мастакоў з нацыянальным каларытам: у Беларусі 70-х – Данчука, а пад канец 80-х – Анемпадыстава.

Навагодняя паштоўка 1973г., мастак Данчук
Навагодняя паштоўка 1973г., мастак Данчук

Апроч «агульнаграмадзянскіх» паштовак розныя ўстановы, асобныя прадпрыемствы выпускалі свае віншаванні ці запрашэнні на святкаванні. Зрэшты, парткомы КПБ старанна рабілі выгляд, што Новы год іх зусім і не цікавіць. Вось, напрыклад, запрашальны квіток 68-га году на прад'яўніка, у якім дырэкцыя, партком, прафкам і камітэт камсамолу «Бобруйского фандока» запрашаюць з'явіцца ўвечары 30 снежня:

«Навагодняя» бабруйская паштоўка 1968г. з калекцыі Віталя Мурашкевіча
«Навагодняя» бабруйская паштоўка 1968г. з калекцыі Віталя Мурашкевіча

«Уважаемый товарищ. Приглашаем Вас принять участие в торжественном вечере, посвящённом 50-летию БССР и Компартии Белоруссии.

Программа вечера:

  • Вручение памятного знамени ЦК КП Белоруссии, Президиума Верховного Совета БССР, Совета Министров БССР и Белсовпрофа.
  • Награждение передовиков социалистического соревнования в честь 50-летия БССР и Компартии Белоруссии.
  • Концерт».
«Навагодняя» бабруйская паштоўка 1968г. з калекцыі Віталя Мурашкевіча
«Навагодняя» бабруйская паштоўка 1968г. з калекцыі Віталя Мурашкевіча
Калядна-навагоднія паштоўкі бабруйскіх прадпрыемстваў 2020-2022 з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава
Калядна-навагоднія паштоўкі бабруйскіх прадпрыемстваў 2020-2022 з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава

І цяпер бабруйскія прадпрыемствы выпускаюць віншаванні ці запрашэнні на свае святы – непараўнальна больш маляўнічыя, вольнага стылю, з тэхнічнымі хітрыкамі. Паліграфічныя магчымасці дазваляюць разгуляцца творчай фантазіі, хоць выцінанку з дрэва рабі.

Калядна-навагоднія паштоўкі бабруйскіх прадпрыемстваў з калекцыі Віталя Мурашкевіча (адваротны бок)
Калядна-навагоднія паштоўкі бабруйскіх прадпрыемстваў з калекцыі Віталя Мурашкевіча (адваротны бок)
Навагодняя паштоўка Бабруйскай яўрэйскай абшчыны з калекцыі Віталя Мурашкевіча, 5771-ы год (з 9/IX/2010). Фота Дзяніса Носава
Навагодняя паштоўка Бабруйскай яўрэйскай абшчыны з калекцыі Віталя Мурашкевіча, 5771-ы год (з 9/IX/2010). Фота Дзяніса Носава

У Бабруйску абавязковыя і віншаванні з яўрэйскім Новым годам – хоць ён і ў верасні, але для нашага матэрыялу па тэме, і прыклады гэткіх самаробных паштовак маем.

Навагоднія паштоўкі Бабруйскай яўрэйскай абшчыны з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава
Навагоднія паштоўкі Бабруйскай яўрэйскай абшчыны з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава

З усталяваннем незалежнасці і беларуская мова стала на «дзяржаўных» і «прыватных» паштоўках звыклай справай.

Навагодняя паштоўка 2014г., мастак Лявон Вольскі. З калекцыі Віталя Мурашкевіча
Навагодняя паштоўка 2014г., мастак Лявон Вольскі. З калекцыі Віталя Мурашкевіча

І, як у часы нашага маленства мы рабілі віншавальныя паштоўкі сваім бацькам самі, так і цяпер гэта робяць дзеці. І попыт на паштоўкі ручной работы нараджае і прапанову, у тым ліку і ад бабруйскіх рамеснікаў. (Заўвага рэдакцыі – правую з гэтых паштовак намалявала маленькая Ганна Андрэева, цяпер жонка Віталя)

Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча
Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча

Даведка «ВБ» пра аўтара

Віталь Мурашкевіч – бабруйскі бібліятэкар і калекцыянер, мае паштоўкі ды фотаздымкі больш за стогадовай даўніны, распавядае пра іх і пра звязаныя з імі гісторыі на старонках «ВБ». Вядзе старонкі «Паштоўкі з Бабруйска» у Інстаграм і ВК. Шукае тых, хто можа папоўніць яго калекцыю.

Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча.  Фота Дзяніса Носава
Навагоднія паштоўкі з калекцыі Віталя Мурашкевіча. Фота Дзяніса Носава
Калядная паштоўка Міхала Анемпадыстава, 1991г.  Фота Дзяніса Носава
Калядная паштоўка Міхала Анемпадыстава, 1991г. Фота Дзяніса Носава