Што такое «пчаліны хлеб» і навошта ў вуллях праполіс. Бабруйскія пчаляры распавядаюць, што здабываюць на пчальніку, апроч мёду

2634
Святлана ХАРТАНОВІЧ-БЯРНАЦКАЯ. Відэа аўтара, фота на тытуле з архіва «ВБ»
Напярэдадні сезонных захворванняў даведаліся ў пчаляроў пра карысныя ўласцівасці розных прадуктаў пчалярства.

Пра станоўчы ўплыў мёду на здароўе чалавека ведаюць усе. А што яшчэ карыснага можна здабыць на пчальніку?

Дзяніс і Таццяна збіраюцца вярнуць выляцеўшы з вулля пчаліны рой. Паглядзіце, як вусякі абляпілі дрэва! Фота з архіва герояў.
Дзяніс і Таццяна збіраюцца вярнуць выляцеўшы з вулля пчаліны рой. Паглядзіце, як вусякі абляпілі дрэва! Фота з архіва герояў.

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да бабруйскіх пчаляроў Таццяны і Дзяніса Дамарадаў.

«Вулей – гэта жывы арганізм»

– Мае бацькі жывуць у вёсцы Вусце (цяпер а.г. Бацэвічы – прым. аўт.), – распавядае Таццяна. – Тата мой пчалярства пераняў ад свайго бацькі, а гады чатыры таму прывабіў да гэтага занятку і нас з Дзянісам. То ў маёй сям’і ўжо 40 год гадуюць пчолак.

Інжынер па адукацыі, Дзяніс любіць справы, якія патрабуюць тэхнічнага падыходу, да таго ж, сямейная пара проста вельмі любіць прыроду і з клопатам ставіцца да яе. Менавіта таму пчалярства так захапіла нашых суразмоўцаў.

– Вулей – гэта жывы арганізм, – лічыць Дзяніс. – І як ён павядзе сябе ў той ці іншай сітуацыі, не заўсёды можна прадказаць. Галоўнае: тут нельга спяшацца, лезці да пчол непадрыхтаваным. Трэба быць паслядоўным, не забываць пра бяспеку.

– Гэта праўда! – пагаджаецца Таццяна. – Асабліва ўвосень, калі пчолы ўжо сонныя. Улетку, калі яны займаюцца сваімі справамі, пчолкі даволі спакойна ставяцца да чалавека побач з вуллямі. Але нават тады бываюць агрэсіўнымі. Мяне яны не аднойчы калолі. Нават пад вока і ў вусны. Твар тады раздуваўся, і, вядома ж, было балюча. Але, калі вы не алергік, дык не варта баяцца, бо нават пчаліная атрута вельмі карысная для імунітэту.

«Прырода паклапацілася пра усё»

– А што ж акрамя мёду і карысных пчаліных уколаў вы здабываеце на пчальніку?

Дзяніс Дамарад пераманьвае выляцеўшы рой на рамку. Пчаляр кажа, што прыйшлося ўсё адно лавіць пчол мехам. Фота з архіва герояў.
Дзяніс Дамарад пераманьвае выляцеўшы рой на рамку. Пчаляр кажа, што прыйшлося ўсё адно лавіць пчол мехам. Фота з архіва герояў.

– Ну, па-першае, гэта праполіс. Пчолкі ім шчыліны ў вуллях замазваюць і праводзяць дэзінфекцыю, – распавядае Таццяна. – І для чалавека гэта вельмі каштоўнае, карыснае рэчыва.

Справа ў тым, што праполіс утрымлівае 70% раслінных смолаў, сакрэту залоз пчол і мае ўнікальны хімічны склад. Напрыклад, дзякуючы кававай кіслаце ён з'яўляецца добрым супрацьзапаленчым сродкам. З фенолавымі рэчывамі ў складзе праполісу звязваюць ягоныя проціпухлінныя ўласцівасці. Яшчэ праполіс – добры антыаксідант, таму ўжываецца як кансервант у харчовай прамысловасці. А ў лячэнні сезонных восеньскіх хваробаў шырока выкарыстоўваюцца антыбактэрыяльныя якасці праполіса.

– Гэтае рэчыва унікальнае і тым, – з захапленнем распавядае Таццяна, – што пры кіпячэнні нават цягам адной гадзіны праполіс свае ўласцівасці захоўвае цалкам!

– А вось іншыя прадукты пчалярства кіпяціць не варта, – папярэджвае Дзяніс, – з-за гэтага яны страцяць свае ўнікальныя гаючыя ўласцівасці. Мёд і воск, напрыклад, можна толькі падцяпліць, калі хочаце захаваць карысныя мікраэлементы і вітаміны.

Пылок – гэта якраз тое, што пчолы збіраюць з кветак. Яго таксама можна здабываць на пчальніку, толькі нашы суразмоўцы гэтага не робяць. Але з вялікай руплівасцю яны збіраюць са старых сотавых рамак пяргу альбо «пчаліны хлеб».

– Фактычна, пярга – гэта закансерваваны ў мёдзе пылок, запячатаны ў сотах, – тлумачыць пчалярка. – У гэтых гранулках утрымліваецца ў пяць разоў больш бялку, чым у ялавічыне, і нават больш, чым у чырвонай рыбе.

Гэта важна, бо пярга – насамрэч, пчаліны хлеб, то бок, іх асноўная вясновая ежа, што дапамагае аднавіць сілы пасля зімняга анабіёзу.

– Прырода паклапацілася пра ўсё! Пылок і пяргу чалавеку трэба прыймаць, калі ён хоча аднавіць імунітэт, асабліва пасля доўгай хваробы. І вось цяпер, калі ўсе навокал хварэюць, ужыванне пяргі – цудоўная прафілактыка. Ніякія біялагічныя дабаўкі з аптэкі не змяшчаюць столькі вітамінаў і карысных рэчываў, – упэўненая Таццяна.

– Ну і яшчэ адзін прадукт пчалярства – гэта воск, – кажа Дзяніс. – Мы яго збіраем, растапляем у гарачай вадзе, фільтруем ад усялякага смецця, а калі застыне – у адмысловай краме мяняем на вашчыну.

– Вашчына – гэта танюткія, гнуткія васковыя лісты, што маюць «нарыхтоўкі» сотаў, – тлумачыць Таццяна. – Яе прымацоўваюць да рамак і змяшчаюць у вулей, дзе пчолы пачынаюць пабудову сотаў. Галоўнае, каб воск для вашчыны быў натуральны.

Нашы суразмоўцы дадаюць, што сотавы воск выкарыстоўваецца і ў вытворчасці фарбаў, і ў фармакалогіі, у будаўніцтве і харчовай прамысловасці. З яго вырабляюць свечы, дадаюць у касметыку, робяць падарункі і дэкаратыўныя фігуркі.

– Акрамя усяго пералічанага, – дадае Таццяна, – пчаляры могуць збіраць маткавае пчалінае малачко. Яно асабліва каштоўнае для касметычнай вытворчасці і медыцыны. Кітайцы, напрыклад, лічаць гэтае рэчыва сродкам для падаўжэння жыцця. Кітай, дарэчы – самы буйны вытворца гэтага каштоўнага і рэдкага прадукту.

«Экалагічны калапс»

Пчаляры кажуць, што, каб утрымліваць пчол сёння, трэба дадаткова саджаць на сваім участку меданоснае квецце, бо навакольныя сенажаці зарастаюць пустазеллем.

– Раней на гэтых сенажацях пасвіліся каровы, коні, козачкі. Дык былі добрыя ўгнаенні, і ўсё навокал квітнела з вясны да глыбокай восені, – успамінае Таццяна. – А зараз вёска ператварылася ў лецішча. Амаль ніхто не трымае скаціну, а сенажаці тыя зараслі травою.

Пчаляры распавядаюць, што сёння ў свеце праз экалагічныя праблемы, забруджванне атмасферы і скарачэнне сельскага насельніцтва пчолам як біялагічнаму віду пагражае знікненне.

– А без гэтых руплівых вусякоў і сельскай гаспадаркі не будзе, наступіць экалагічны калапс! – кажа Таццяна. – Бо гэта яны, у асноўным, займаюцца апыленнем раслін.

– Таму і пчалярства па ўсім свеце зараз набывае вялікае значэнне і атрымлівае падтрымку дзяржаў, – распавядае Дзяніс. – А ў некаторых раёнах пчалярнае рамяство перарастае ў эка-прамысловасць.