Тры вуліцы Кіева названыя ў гонар славутых беларусаў

2223
Дзяніс НОСАЎ
Цяпер ў Кіеве будуць вуліцы імя Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага і Уладзіміра Караткевіча.

Увечары 1 ліпеня завяршыла працу Экспэртная група па перайменаванні кіеўскіх тапонімаў, што збіралася, каб, галоўным чынам, прыбраць з вуліц сталіцы Украіны савецкую і расійскую спадчыну ды напоўніць іх гісторыяй і культурай Украіны. Грамадзяне, дзеячы культуры маглі прапаноўваць свае варыянты назваў з абгрунтаваннем. На кожнае месца было па некалькі (ажно да 20) прапаноў. Эксперты ўлічвалі вынікі грамадзкага онлайн-галасавання, якое пачалося 15 чэрвеня.

Kyiv.media прыводзіць поўны спіс рэкамэндаваных перайменаванняў, якія ўступяць у сілу пасля зацверджання Кіеўскай гарадзкой радай. Апроч украінскіх дзеячоў і гарадоў ушанавалі і некаторых «саюзнікаў» ці сусветнавядомых асобаў. І цяпер ў Кіеве будзе тры вуліцы з імёнамі славутых беларусаў:

  • былая вуліца Астраханская стане вуліцай імя кіраўніка вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага,
  • вуліца Дабралюбава будзе насіць імя выпускніка кіеўскага ўніверсітэту, класіка беларускай літаратуры і вялікага сябра Украіны і Кіева Ўладзіміра Караткевіча,
  • вуліца Брэсцкая стане вуліцай усходнееўрапейскага першадрукара Францыска Скарыны.

Дарэчы, па выніках галасавання Скарына не перамог, але эксперты вырашылі, што ён варты. А вуліцы імя Каліноўскага ўжо былі ў Крывым Розе і Данецку.

Скан галасавання на платорме "Києв Цифровий"
Скан галасавання на платорме "Києв Цифровий"

Апроч Брэсцкай зніклі з мапы і некаторыя іншыя «нейтральныя» беларускія назвы: так Мінскі праспект цяпер Літоўскі, вуліца Светлагорская – Светладарская (горад у Данецкай вобласці). І яшчэ адна вуліца мае цяпер часткова беларускае прысвячэнне: уліца Маскоўская стала вуліцай Князёў Астрожскіх, а Канстанцін Астрожскі вялікая постаць і ў гісторыі Беларусі – гетман ВКЛ, мецэнат, герой бітвы пад Воршай.

Агулам за адзін раз змянілі назвы 301 плошчаў, праспектаў, вуліц і завулкаў. Новыя назвы часта выбіраліся так, каб быць на блізкую тэму, ці мець падобнае гучанне. Напрыклад, вуліца Адоеўскага цяпер носіць імя Байрана, Валгаградзкая плошча стала плошчай Канатопскай бітвы, вул.Кулібіна – Рэнэ Дэкарта, адна з вуліц Карла Маркса (іх у Кіеве было ажно тры ў розных раёнах) стала вуліцай Йогана Вольфганга Ґётэ, завулак Кіславодзкі цяпер завулак Моршынскі, вуліца Кузбаская цяпер Латвійская, вул. Растоўская – Луцкая, вул. Грозненская – Ічкерыйская (Ічкерыя – назва Чачні часоў незалежнасці 1991-99г.г.), вул. Рымскага-Корсакава – вул. Рымская, вул. Ціміразеўская – вул. Садова-Батанічная, вул. Юліуса Фучыка – вул. Карела Чапека. А некаторым імёнам, якія ёсць ці маюць поўнае права лічыцца ўкраінскімі, непашанцавала з-за шчыльнай сувязі з бальшавізмам – так, перайменавалі праспект Маякоўскага (маці ўкраінка, сам лічыў сябе нашчадкам запарожскіх казакаў, напісаў дзвюхмоўны верш «Долг Украине»). Цяпер гэта праспект Чэрвонай Каліны.

– Так, не усе дзеячы ўшанаваныя, – сказаў сябра экспертнай камісіі Александр Алфёраў, – але з гэтага часу ўшанаваная ўся гісторія Украіны ды Кіева ў гарадзкіх назвах. (...) Мне надзвычайна балюча, што неймаверная колькасць імёнаў не была ўшанаваная. Але ува ўсіх ёсць магчымасць пазней падаць свае прапановы і прайсці працэдуру перейменавання той ці іншай вуліцы. «Резервы» ў Кіеве шчэ ё.