Пасля заканчэння аспірантуры Мікола Васільевіч патрапіў у Міністэрства асветы БССР. Так атрымалася, што ў тагачасным Магілёўскім педінстытуце востра адчуваўся недахоп кадраў, пiша Magilev.by. «Прапанавалі пераехаць з Мінска ў абласны цэнтр, абяцалі ўладкаваць жонку на працу, а дзіцяці ў садок (тады гэта магчыма было па вялім блаце – аўт.). Я і пагадзіўся! Далі пасаду старшага выкладчыка. Выкладаў сінтаксіс», – згадвае Мікола Абабурка.
З Мінска прафесар прывёз два чамаданы кніг, гэта была ўся маёмасць, якую ўдалося нажыць учарашняму аспіранту. Магілёў не ўразіў. Стары пашарпаны педінстытут на Ленінскай, уласна сам горад – недагледжаны, няўтульны. Асабліва Магілеў выглядаў сумна на фоне Мінска і Кіева. Іншая справа, зараз – горад, на думку майго суразмоўцы, змяніўся да лепшага.
На кафедры, дзе давялося атабарыцца Міколу Васільевічу, працавалі ўсяго 6 чалавек. Прафесар прызнаецца, што нагрузкі былі дужа вялікія. Але ж неяк спраўляліся! Гэта зараз моладзь запанела, знежылася, а тады да ўсяго падыходзілі прасцей, па-савецку. Мікола Абабурка вучыў ледзь не ўсіх выкладчыкаў філфака. Некаторыя з іх зараз вядомыя навукоўцы, журналісты, педагогі. Многія з вучняў прафесара, на жаль, пайшлі ўжо з жыцця. Абабурка – жывы летапіс універсітэта, які ўсё памятае і якога таксама памятаюць былыя і цяперашнія студэнты.
У гэтым годзе студэнтаў у беларускую групу не набіраюць. У часы Абабуркі магілёўскі філфак быў вядомы ўсей краіне. Шмат было таленавітых студэнтаў, выкладчыкаў. Кафедра беларускай мовы расла, як на дражжах. Адчуваліся запатрабаванасць ведаў, недахоп адукаваных прыстойных людзей. «Самае галоўнае, на кафедры панавала шчырая сяброўская атмасфера. Адзначалі ўсе святы, хадзілі адзін да аднаго ў госці, віншавалі з юбілеямі і днямі нараджэння. Накрывалі сталы наўпрост у фае ўніверсітэта каля раскладу, гудзелі, танчылі, ніхто нікога не ўсчуваў, не ганяў. Чалавечыя адносіны былі нормай».
Колькі слоў пра заробкі
Калі Мікола Васільевіч толькі прыехаў у Магілеў і займаў пасаду старшага выкладчыка, ён атрымліваў 120 рублёў. Калі абараніў дысертацыю, пачаў атрымліваць у два разы болей, а калі стаж прамінуў 5 гадоў, – заробак быў ужо каля 340 рублеў. І гэта пры тым, што бохан чорнага хлеба каштаваў – 13 капеек, белага – 25 капеек, пляшка гарэлкі «Сталічнай» – 4 рубля 12 капеек. Акрамя таго, адразу пасля абароны дысертацыі малады выкладчык атрымаў кватэру. Заўважым, бясплатна! Зараз пра гэта і марыць не даводзіцца.
«Я з роду тых людзей, якія верна служылі Радзівілам, – тлумачыць Абабурка. – Мой дзед быў лясніком у гэтай сям’і (гутарка пра Заходнюю Беларусь). Быў ён людскім, панскага леса не шкадаваў. Таму, калі пасля 17 верасня 1939 года дзеда хацелі расстраляць, вяскоўцы за яго заступіліся». Праўда, гэта не дужа дапамагло Абабуркам, бо хутка давялося перасяліцца далёка на поўнач. З вайны мой суразмоўца памятае тое, як спалілі вёску, а таксама як давялося хавацца ў лесе. Ад вялікага населенага пункта засталася адна клець. У ёй і жылі колькі месяцаў тыя, хто здолеў выратавацца.
«Памятаю, як мы ўцякалі з вёскі. Нас пачалі бамбаваць. Страх навокал панаваў дужа вялікі. Маці ўзяла мяне разам з сястрой і павяла ў лес, ды пашкадавала хлеб, які застаўся ў хаце. Даручыла мяне Ніне (старэйшая сястра – аўт.), а сама вярнулася. Мы рухаліся ўздоўж жыта. Сястры надакучыла валтузіцца са мной, кінула мяне сярод гэтага жыта і пабегла. А мне ж усяго 4 гады. Я і застаўся сядзець на мяжы. Раптам прымроілася мне жанчына. Нібыта цягнула яна да мяне рукі. Я напалохаўся і закрычаў. Дзякуй Богу, па гэтым ляманце маці мяне і знайшла. Гэтак усе разам выратаваліся»
Свае студэнцкія гады Мікола Абабурка згадвае з асаблівай цеплынёй. Ён вучыўся ў першай палове 1960-х на філфаку БДУ. Засталіся ў памяці выкладчыкі – Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Іван Навуменка… Усе яны – выдатныя педагогі і навукоўцы. Студэнцкая група складалася з паэтаў і пісьменнікаў.
Кветка Палесся Яўгенія Янішчыц
«З Яўгеніяй я пазнаёміўся крыху пазней. Мяне прызначылі кіраўніком студэнцкіх груп на сельгасработах. З будучай выдатнай паэтка мы ледзь не пабраліся шлюбам. Паміж намі пачаліся рамантычныя адносіны. Мы сустракаліся. Яўгенія была ўжо вядомай аўтаркай некалькіх паэтычных зборнікаў. Парвалася паміж намі нітка зусім выпадкова. Яна знянацку прыехала ў Магілеў і патрапіла ў аварыю. Ляжала ў бальніцы, а я да яе так і не выбраўся. На гэтым усе і спынілася…»
15 мая прафесар Мікола Васільевіч Абабурка адзначыць свой дзень народзінаў – 81 год. На жаль, сёння ён ужо не працуе ва ўніверсітэце. На тое ёсць свае прычыны. Пажадаем паважанаму чалавеку плёну і доўгіх гадоў жыцця.
(Інтэрв’ю запісвалася ў ліпені 2020 года).