Віншаванне ксяндза-пробашча Андрэя Яркаўца з Вялікднем

3732
У нядзелю, 17 красавiка, каталікі святкуюць Вялікдзень. Да вернікаў звяртаецца пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз Андрэй Яркавец.
Пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз Андрэй Яркавец.
Пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз Андрэй Яркавец.

– У гэты вялікі і радасны дзень, калі нашыя сэрцы перапаўняюцца любоўю і надзеяй, шлю ўсім вам, дарагія ў Хрысце Уваскрослым браты і сёстры, радаснае Вялікоднае прывітанне з вечна жывымі словамі:

ХРЫСТОС УВАСКРОС!

САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

Свята Вялікадня для нас ёсць трыўмф Божай Любові да чалавечага роду. Любові, якая не абмяжоўваецца аднымі толькі словамі, навучаннямі і павучаннямі, але распасціраецца да гатоўнасці выпіць горкі келіх смерці за сваё ўлюбёнае тварэнне.

Любові, якая ва ўсёй паўнаце была яўленая свету ў Галгофскай ахвяры, калі Творца Сусвету аддаецца за трыццаць сярэбранікаў.

Любові, якая прыносіць надзею на выратаванне. Бо калі б Бог быў справядлівы па нашых чалавечых мерках, то мы б загінулі, але Бог – наш міласэрдны Айцец.

Таму у гэтыя дні мы павінны падумаць аб самым галоўным: Хрыстос быў распяты, памёр і уваскрос, вызваліў нас ад граху, а ці маем мы сілы адказаць удзячнасцю за Яго ахвяру?

Ці памятаем мы, якая адказнасць за свет і жыццё ляжыць на нас, хрысціянах?

Перажыванне Пасхальнай таямніцы веры дапамагае іншым позіркам паглядзець на наша зямное жыццё. Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс. Сёння нам патрэбная вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню, і каб з любоўю будаваць нашую сучаснасць. Не бойцеся адчуваць Любоў Уваскрослага Хрыста, не бойцеся жыць з Ёю кожны дзень, старайцеся таксама аб Ёй прасіць і змагацца за Яе.

Няхай Радасць Вялікадня напаўняе нашыя сэрцы Супакоем і Любоўю і робіць нас дбайнымі апосталамі Праўды.

Благаслаўлёных святаў жадаю вам ад усёй душы!

Пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз-канонік, дэкан Бабруйскага дэканата Андрэй Яркавец.

Читайте также: