Дуб чарэшчаты, ці звычайны, расце каля вёскі Прыбудкі Гайнаўскага павету Падляскага ваяводства Польшчы і названы у гонар беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Так што, можна лічыць, што дрэва на конкурсе прадстаўляла і Польшчу, і Беларусь. Беларусы за яго актыўна галасавалі.
Адкрытае галасаванне за званне «Еўрапейскага дрэва году-2022» цягнулася ўвесь люты. У конкурсе ўдзельнічалі 16 дрэваў-прэтэндэнтаў з 16 еўрапейскіх краін. Галасаваць маглі ўсе жадаючыя, кожны меў абраць двух лепшых кандыдатаў. Цягам усяго месяцу лідыраваў Дунін, пад канец да яго наблізіўся іспанскі дуб, удвох яны нашмат абыйшлі ўсіх канкурэнтаў.
Вынікі галасавання былі абвешчаныя на онлайн-цырымоніі 22 сакавіка (напрыканцы відэа прыгожыя замалёўкі пра ўсіх удзельнікаў з пазначанымі на мапе месцамі, дзе яны растуць).
3-е месца, таксама з вялікім адрывам ад іншых, заняў 250-гадовы пробкавы дуб з Партугаліі – 70 563 галасы. 2-м стаў іспанскі 250-гадовы звычайны дуб з Банкетнага лесу, сведка банкету дэмакратаў у 1856 годдзе, напрыканцы іспанскай рэвалюцыі 1854-56гг., які падцвердзіў ідэалы новай Еўропы – Свабода, Роўнасць, Братэрства – 168 264 галасы. І чэмпіён Еўропы 2022 году сярод дрэваў – 400-гадовы дуб Дунін, ён жа «Стражнік Пушчы» – 179 317 галасоў. Дрэва – рэшта старажытнай Лядзкай пушчы, цяпер яно на ўскрайку Белавежскае пушчы. Імя «Дунін» яму надаў польскі архітэктар, эколаг, фатограф і абаронца Пушчы Януш Корбель.
Абхват ствала Дуніна 5 з паловай метраў, вышыня цяпер 13 метраў. Некалькі год таму ў дрэва ўдарыла маланка, збіла некалькі вялікіх верхніх галін, і праз ўвесь ствол цяпер ідзе вялікі раскол. Такая ўвага – званні Нацыянальнага дрэва 2021 году ў Польшчы і Еўрапейскага дрэва году 2022 – можа дапамагчы захаваць помнік прыроды ад развалу і працягнуць яму жыццё.
Агульнаеўрапейскі анлайн-конкурс «Еўрапейскае дрэва года» заснаваны ў 2011 годзе як пашырэнне шматгадовага конкурсу Чэшскага фонду экалагічнага партнэрства. Пераможца выбіраецца сярод Нацыянальных дрэваў году, дрэваў не абавязкова самых старых ці самых прыгожых – галоўнае, каб у яго была цікавая гісторыя. «Вырашальным фактарам з'яўляецца не прыгажосць, памер і ўзрост, а гісторыя і сувязі дрэў з людзьмі, – гаворыцца на сайце конкурсу. – Мы шукаем дрэвы, якія сталі неад'емнай часткай супольнасці».