Дуб імя Дуніна-Марцінкевіча прэтэндуе на званне Еўрапейскага дрэва году. Галасуйце!

2969
Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ. Фота treeoftheyear.org
400-гадовы дуб Дунін расце ў Падляшскім ваяводзтве Польшчы на краю Белавежскай пушчы і названы ў гонар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – тобок, можна лічыць, прэзэнтуе і Польшчу і Беларусь. За яго можна галасаваць.
Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша
Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша

Агульнаеўрапейскі анлайн конкурс «Еўрапейскае дрэва года» заснаваны ў 2011 годзе як пашырэнне шматгадовага конкурсу Чэшскага фонду экалагічнага партнэрства. Пераможца выбіраецца сярод Нацыянальных дрэваў году, дрэваў не абавязкова самых старых ці самых прыгожых – галоўнае, каб у яго была цікавая гісторыя. «Вырашальным фактарам з'яўляецца не прыгажосць, памер і ўзрост, а гісторыя і сувязі дрэў з людзьмі, – гаворыцца на сайце конкурсу. – Мы шукаем дрэвы, якія сталі неад'емнай часткай супольнасці».

Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша
Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша

Дуб чарэшчаты, ці звычайны, расце каля вёскі Прыбудкі Гайнаўскага павету Падляскага ваяводзтва, па ацэнках вучоных, чатыры стагоддзі. Дрэва – рэшта старажытнай Лядзкай пушчы, піша польская Вікіпэдыя са спасылкай на «Энцыклапедыю Белавежскай пушчы», цяпер яно на ўскрайку Белавежскае пушчы. Імя «Дунін» яму надаў польскі архітэктар, эколаг, фатограф і абаронца Пушчы Януш Корбель ў гонар беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча; таксама дрэва называюць «Стражнік Пушчы». Як адзначана ў заяўцы на конкурс, дуб Дунін карыстаецца вялікай павагай сярод мясцовых жыхароў і крыніцай натхнення для мастакоў. Напрыклад, ён герой карціны Марэка Сапёлкі «Дуб у Прыбудках», «здымаўся» ў дакумэнтальным сэрыяле «Чытанне Пушчы» і ў мастацкім фільме «Мяне клічуць Сара».

Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша
Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша

Абхват ствала Дуніна 5 з паловай метраў, вышыня цяпер 13 метраў. Некалькі год таму ў дрэва ўдарыла маланка, збіла некалькі вялікіх верхніх галін. І праз ўвесь ствол ідзе вялікі раскол. У 2021 годзе дуб Дунін абраны Нацыянальным дрэвам году ў Польшчы, цяпер прэтэндуе на званне Еўрапейскага дрэва году – такая ўвага можа дапамагчы захаваць помнік прыроды ад развалу і працягнуць яму жыццё.

Галасаванне за Еўрапейскае дрэва 2022 году ідзе на сайце treeoftheyear.org. Сярод супернікаў Дуніна крыху маладзейшы гэткі ж дуб з Балгарыі пад мянушкай «Дрэва дзядулі Коліё», нашмат старэйшая «Ліпа, якая спявае» з Чэхіі, зусім (адносна іншых) малады і маленькі дзікі баярышнік з Шатландыі, вялізная сэквоя з Харватыі, гэткі ж пісьменніцкі расійскі Тургенеўскі дуб (ужо загінулы), славацкі бук «Парасон з Высокіх Татр», 3000-гадовы (!) італьянскі каштан Ста каней, нідэрляндзкая «Я Тылія (Я ліпа)» і шчэ сем дрэваў з іншых краін. За першыя некалькі дзён Дунін набраў 20 тысячаў галасоў і нашмат апярэдзіў іншых канкурсантаў, але галасаванне цягнецца да 28 лютага. Мінулагодні пераможца, тысячагадовы востралісты дуб Леціны з Іспаніі, набраў 104 264 галасы.

Увага – пры галасаванні трэба абраць два варыянты.

Яшчэ па тэме: Женился на 16-летней, обвинялся в фальсификациях... 8 фактов из жизни Дунина-Марцинкевича

Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша
Дуб Дунін. Белавежская пушча, Падляшша