Святкаванні Новых гадоў – гэта, вядома ж, тое, што абавязкова запамінаецца з дзяцінства. І ўпрыгожванне хаты, і ялінкі (у нас заўсёды было дзве: маленькая, штучная, са сваімі мініцацкамі з Венгрыі – ў дзіцячым пакоi і натуральная, з вялікімі цацкамі розных эпох і гірляндамі – у залi). І шыкоўная чатырохкаляровая гірлянда, якую можна было пераключаць міргаць, як хочаш – бацька зрабіў. І таемныя падарункі – спачатку ад Дзеда Мароза, потым ужо ясна, што ад бацькоў, але ўсё роўна таемна, і так цікавей. І яркае аздабленне гораду – хоць ілюмінацыі тады было вобмаль, але ўдзень глядзелася няблага. І навагоднія ранішнікі і вечарыны, вясёлае там знаходзілася не толькі для самых малюпасаў.
Мае школьныя гады прыйшліся на ўсе 80-я. Ня ведаю, як цяпер, а тады для дзіцячых садкоў і пачатковых класаў школ, для ўсіх гарадскіх навагодніх ранішнікаў было абавязковым буянне касцюмаў. Збольшага самаробных. У дзіцячым садку быў строгі падзел: дзяўчынкі-сняжынкі, хлопчыкі-зайчыкі. На школьных святах фантазія ў кожнага – у кожных бацькоў – была свая, у выніку такi асартымент, што вочы разбягаліся. Было цікава і на іншых паглядзець, і сабой пахваліцца.
Праўда, сваім першым школьным касцюмам пахваліцца не магу. Па спартовай залі вакол ялінкі я бегаў... папуасам. З нечым намазаным тварам, у чорным трыко і «спадніцы» з нейкіх жоўтых цэлафанавых стужак. Магчыма, збоку гэта было не толькі смешна, але і весела – мне ж было крыху няёмка, здавалася, што адзенне надта простае, умоўнае, навагодні строй мусіць быць не такі. Напрыклад, такі, як на гарадскім ранішніку праз год. Вось там была зусім іншая справа – шырокая шляпа з паперы на завязачках, блакітны плашч-накідка, нейкія карункі на боты і сапраўдная шпага! Адразу ясна – мушкецёр! Шпагу, вядома ж, зладзілі бацька з дзедам з тоўстага дроту, але выглядала як мае быць – і гарда бліскучая, і рукаятка плеценая. Нічога не памятаю з таго свята, апроч таго, што яно было ў Палацы культуры «ФанДОКу».
Потым касцюмаваныя балы надоўга прыпыніліся, мы ж, нібыта, выраслі. Але ў старэйшых класах зноў дараслі. Пад час навагодняй дыскатэкі ў той жа спартовай залі кожны клас паказваў нейкую сцэнку. Ідэі нашай ня памятаю зусім, настолькі яна была, як цяпер кажуць, «укураная». Я быў – нечакана – Князь Цемры, і мне дзяўчыны-вядзьмаркі прыслужвалі, на трон усаджвалі, перада мной танчылі, за рукі кудысці падводзілі. Мой касцюм быў зроблены па маім уласным дызайне – ужо чорны плашч-накідка, здаецца, сам края гірляндамі абшываў, вертыкальны хвост на галаве – дзякуючы цыліндрычнай заколцы, адна вісюлька-завушніца і мае любімыя «хіповыя» сонечныя акуляры з аднім шкельцам, амаль як у «Ассе». Я так дахаты і паехаў, у тралейбусе праз увесь горад. Вось гэта, разумею, Новы год!
А яшчэ ў старэйшых класах я даведаўся, што бываюць зімовыя лагеры. Прапанавалі бацькі туды пуцёўку, я пагадзіўся, цікава ж. Заезд перад Новым годам і амаль на ўсе канікулы. Але на наступны дзень там высветлілася, што Новы год сустракаем выключна ў лагеры, дахаты адпрасіцца нельга. Як так, я быў упэўнены, што можна на дзянёк сматацца, мне вельмі была патрэбная сама навагодняя ноч дома. Тобок, у Бабруйску. Ведаў, што сябры-аднакласнікі збіраюцца на плошчу, хацеў з імі. Ну ладна, мяне больш цікавіла аднакласніца. Падрабязныя прычыны я, вядома, не агучваў, увесь атрад не разумеў, што за дурасць мне прыспічыла, а важатыя стаялі на цвёрдым «не» – ніякіх «туды й назад», можаш з'язджаць, але ўжо ў горадзе і заставайся, не прымем. Ну раз так, я й з'ехаў. Бацькі трохі пакрыўдзіліся, 12 рублёў прапалі. А аднакласнікаў я так і не сустрэў...
А самыя цёплыя ўспаміны пра Новы год – сямейныя. Як мы ўсе – бацька, маці, мы з братам – у нашай новай кватэры ладзілі конкурсы цацак (потым штогод вешалі на ялінку і сваю ранейшую творчасць), гуляліся ў гульні на салодкія прызы і малявалі на вокнах. Ня толькі выразалі й клеілі зорачкі-сняжынкі, але й малявалі фарбамі па шкле! Галоўны мастак быў бацька, і мы трохі дапамагалі. Арыгінальнасць. Прыгажосць. Шчасце.
Читайте полный цикл публикаций: