Максіму Багдановічу – 130. Цікавае пра вечна маладога класіка

4189
Арцём ЛУК'ЯНОВІЧ
Сёння, 9 снежня, 130 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Які пражыў так мала, але паспеў стаць вялікім паэтам.

Будучы класік беларускай літаратуры нарадзіўся 9 снежня 1891 году ў Мінску ў сям'і Адама і Марыі Багдановічаў. Бацька Адам – вядомы этнограф, займаўся фалькларыстыкай, гісторыяй і мовазнаўствам, аўтар навуковых прац: «Нарыс становішча жанчыны ў сялянскім асяродзі беларускага краю», «Перажыткі старадаўняга мірасазярцання ў беларусаў» ды іншых.

Праз год сям'я пераехала ў Гродна, і ранняе дзяцінства Максіма прайшло там. У іх доме цяпер музэй. Першую яго экспазіцыю стварыла паэтка Данута Бічэль-Загнетава.

Дом-музэй Максіма Багдановіча ў Гродна
Дом-музэй Максіма Багдановіча ў Гродна
Максім Багдановіч, 1911г.
Максім Багдановіч, 1911г.

Праз чатыры гады, пасьля смерці маці, сям'я пераехала ў расійскі Ніжні Ноўгарад. Бацька ажаніўся другі раз на сястры жонкі Аляксея Пешкава, тобок драматурга і пісьменніка Максіма Горкага. Сем'і сябравалі, гасцявалі адна ў адной. Можна жартаваць, што Аляксей Пешкаў ўзяў сабе псэўданім па імені юнага беларуса.

Да 1908 года Багдановічы жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе Максім скончыў гімназію, потым у Яраслаўлі, там вучыўся ў юрыдычным ліцэі. Не гледзячы на гэткі працяглы час жыцця і навучання ў Расіі Максім адчуў сябе беларусам. У сям'і чыталі беларускія казкі, і сам пісаць па беларуску Максім пачаў у 10-11 год. А ў Беларусь – у Вільню, Менск – упершыню дарослым прыехаў толькі ў 1909 годзе.

Пісаў вершы і прозу па беларуску і па руску. Некаторыя з ягоных псэўданімаў: Максім Кніжнік, Максім Крыніца (прыдуманы Ядвігіным Ш.), Эхо, Rion і нават Февралёва Ек. А калі ён першы раз даслаў свае вершы ў «Нашу ніву», іх... не прынялі. Ядвігін Ш. назваў вершы «дэкадэншчынай», галоўны рэдактар Аляксандр Уласаў адправіў сшытак у архіў. Але творы маладога Багдановіча вельмі спадабаліся публіцысту і літаратуразнаўцы Сяргею Палуяну, і ён пачаў іх абараняць. У 1907 годзе адбыўся літаратурны дэбют Максіма Багдановіча, у газеце «Наша ...» надрукавалі яго невымоўна прыгожае алегарычнае апавяданне «Музыка».

Вокладка прыжыццёвага выдання «Вянка».
Вокладка прыжыццёвага выдання «Вянка».

Максім Багдановіч быў яшчэ і літаратуразнаўцам, крытыкам, перакладчыкам. Некаторы ягоныя працы: «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці XVI сталецьця», «Новый период в истории белорусской литературы», «Белорусское возрождение». Папулярызаваў беларускую літаратуру па беларуску, руску і украінску. Пісаў, што беларуская літаратура «не монстр, не рарытэт, не унікум», а жанрава і стылістычна развітая творчасць – чаму дапамог і сам. Быў першым яскравым беларускім сімвалістам, увёў і нашую літаратуру такія формы як санэт, трыялет, танка, рандо ды іншыя. Перакладаў Авідзія, Гайнэ, Шылера, Верлена, Пушкіна. І ягоныя творы перакладзеныя на многія замежныя мовы, у тым ліку іспанскую, таджыкскую ды японскую.

У 1909 Максім Багдановіч захварэў на сухоты, страшнай тады хваробы, ад якой памерла маці і старэйшы брат. У 1916-м хвароба ўзмацнілася, беларускія сябры сабралі грошы каб адправіць яго лячыцца ў Крым. Тады лічылі, што любы курорт дапаможа. Памылкова, туберкулёз лечыцца ў сухім клімаце, а не ля мора ўзімку... 25 траўня 1917-га ў Ялце, «над сінім морам, ля самай бухты» Максім Багдановіч памёр. Там і пахаваны.

А пры жыцці паэта выйшла толькі адна ягоная кніга «Вянок», выдадзеная напачатку 1914-га ў Вільні. У тым самым, праслаўленым ў апошнім вершы, выдавецтве Марціна Кухты.