«Хто хварэе на страўнік, лепей ад гэтых страў адмовіцца». Смачна есці па-мексіканску, або Колькі слоў пра магілеўскі «Гастрафэст»

1966
ПроМогилев | magilev.by
Пра Мексіку я ведаў не шмат. Такая сабе краіна – на ўзбочыне Тэхаса, з дзіўнымі для еўрапейца традыцыямі Ацтэкаў і Майя. Яшчэ, канешне, на слыху былі канкістадоры Картэса, якія дазвання разрабавалі старажытную цывілізацыю Мексікі і пераправілі на іспанскіх галіенах сотні тон золата. Памятаеце фільм Мела Гибсана «Апакаліпсіс»? Паміж іншым, там Майя гуляюць у футбол адрэзанымі галовамі супляменнікаў.
Магілеўскі Гастрафэст. Рэстаран Ван Гог. Мексіканскія стравы.
Магілеўскі Гастрафэст. Рэстаран Ван Гог. Мексіканскія стравы.

Яшчэ адзін стэрэатып пра Мексіку – фільмы з удзелам Бенісіо дэль Тора. У прыватнасці, пасля прагляду стужкі «Забойца», дзе гутарка вялася пра горад наркакартэляў Хуарэс, нарадзілася трывалае адчуванне, што Мексіка – гэта дужа сурова, і наогул, лепш туды ні нагой.

Таму, пытанне: «А ці не схадзіць нам у адзін файны магілеўскі рэстаранчык, і ці не паспрабаваць топавыя мексіканскія стравы?» – спачатку крыху збянтэжыла. Адразу ўсплылі згаданыя стэрэатыпы.

«Кукурузны суп з папкорнам і пікантнай сальсай»

Прыйшлі. Замовілі мексіканскія стравы і кока-колу. Як жа без яе? Чакаем. Вядома, ні канкістадораў, ні ганстэраў на даляглядзе не было, наадварот, афіцыянты выглядалі ветлівымі і добразычлівымі. Спачатку прынеслі тое, што ў мясцовым меню пазначана як «кукурузны суп з папкорнам і пікантнай сальсай».

Магілеўскі Гастрафэст. Рэстаран Ван Гог. Мексіканскія стравы
Магілеўскі Гастрафэст. Рэстаран Ван Гог. Мексіканскія стравы

Што гэта такое? Тлумачу як беларус, які ніколі «пікантнай сальсы» не еў. На выгляд – гарохавы суп, паводле кансістэнцыі, – густы і жоўты, з нейкім травяным адценнем. Даверу да яго, адразу скажу, не было. Адважыўся, узяў лыжку – і смачна! Нават, дужа смачна, але нязвыкла. Спачатку адчуваецца вострая папрыка, і ты ўжо цягнешся да кубачка з вадой, каб заліць пякельны агонь, аднак раптам пасля пякучасці на язык прыходзе смак нечага салодкага і лагоднага. Не ведаю, з чым параўнаць… Сальса была гарачая, і з’еў я яе, магчыма, з залішнім задавальненнем. Мае гучнае сербанне прыкметна раздражняла закаханую пару за суседнім столікам.