«Магілеўскі хранограф»: і ўзняў бурмістр катаўскі меч над галавой

2509
П. Левановіч. Фота на тытуле: bratgoranflo.livejournal.com
Гэтай гісторыі хутчэй за ўсе не было. Або яе падзеі настолькі перабольшаныя, што сення ўжо цяжка адрозніць праўду ад хлусні. Цалкам відавочна ж тое, што без 11 лютага 1661 года наўрад ці Магілеў існаваў бы ў тым выглядзе, у якім мы ўсе яго ведаем.

На тэрыторыі тагачаснай Беларусі вядзецца жахлівая вайна. Рэч Паспалітая змагаецца з Маскоўскім княствам. Гетманы Радзівіл і Чарнецкі трымаюцца апошнім азартам. Здаецца, што ўжо нішто і ніхто не выратуе шляхецкую рэспубліку. Толькі што ўзятыя Вільня і Быхаў. Жыхары старога месца Хадкевічаў, як піша магілеўскі летапісец Сурта, выцятыя ў пень. Не лепшым быў лес другіх гарадоў і весак. Пасярод усяго гэтага гвалту знайшоўся адзіны чалавек, які здолеў кінуць выклік незлічонаму войску Аляксея Міхайлавіча Раманава.

Выява магілеўскага бурмістра Юзафа Пары. Гістарычная рэканструкцыя
Выява магілеўскага бурмістра Юзафа Пары. Гістарычная рэканструкцыя

Быў гэтым чалавекам, калі верыць усе таму ж летапісцу, магілеўскі бурмістр Юзаф Пара. Між іншым падзеі развіваліся наступным чынам. З 1654 года хітрыя гараджане без бою здаліся маскавітам, дзякуючы чаму захавалі свой горад некранутым. Аднак тыя парадкі, якія ўводзілі новыя ўлады, падаліся магілеўцам задужа суворымі. Зрэшты, надыйшоў час, калі іх цярпенне перапоўнілася, і выбухнула крывавае паўстанне…

Магілеўскае паўстанне 1661 года. Рэканструкцыя з экспазіцыі Магілеўскага абласнога музея
Магілеўскае паўстанне 1661 года. Рэканструкцыя з экспазіцыі Магілеўскага абласнога музея

Маскоўскія стральцы пачалі рабаваць гандляроў на гарадскім кірмашы. Распачаўся вэрхал, і ў патрэбны час Пара ўзняў над галавой катаўскі меч, перажагнуўся і пачаў секчы ворагаў. Нібыта пасля ўдарыў звон брацкай царквы, і гараджане высыпалі на вуліцы Магілева. Гэта калі верыць летапісу.

Магілеўскае паўстанне 1661 года. Рэканструкцыя з экспазіцыі Магілеўскага абласнога музея
Магілеўскае паўстанне 1661 года. Рэканструкцыя з экспазіцыі Магілеўскага абласнога музея

Але магілеўскі бурмістр быў чалавекам нетаропкім і не надта каб рашучым. Нават мянушку «Пара» ен атрымаў з-за сваей мурашынай маруднасці. Кажуць, у дзяцінстве ен цягнуўся са школы гэтак доўга, што выводзіў з раўнавагі сваякоў. Родныя Юзафа пыталіся адзін у аднаго: «Ці пара ўжо абедаць?» «Не, – адказвалі ім. – Яшчэ не пара!». А потым, калі ўжо шкаляр падыходзіў блізка, крычалі яму насустрач: «Вось! Паглядзіце: пара ідзе!»

Ці мог чалавек з такім бэкграундам нарабіць такога ліха маскоўскай залозе? Па сутнасці, Пара правеў таемную спецаперацыю – намовіў гараджан, вызваліў палякаў з турмы, узяў у палон трох ваяводаў. Пазней польскі шляхціц Ян Хрызастом Пасэк – сведка тых падзей – напіша, што ніякіх 7000 маскоўскіх стральцоў магілеўцы 11 лютага не выцялі, бо ў замку было ўсяго чалавек 25, астатнія ж выйшлі з горада і накіраваліся ў бок Быхава, насустрач гетману Чарнецкаму.

Як яно там было на самой справе, яшчэ раз гэта падкрэслім, сення сказаць цяжка. Але за гэты «зацны» ўчынак Магілеў атрымаў свой сучасны герб і поўнае Магдэбургскае права. Кажуць, магілеўцы прыцягнуліся на сойм з сотняй вазоў правізіі і гарэлкі. Яны гэтак красамоўна распавядалі пра паўстанне падчас шматлікіх банкетаў, што да слез расчулілі апошняга Ягелона (хоць і па кудзелі) караля Яна Казіміра. Гэты факт з’яўляецца яшчэ аднык доказам старой ісціны: не істотна, што адбылося, істотна, што пра гэта мы сказалі і напісалі.

Падараваны Янам Казімірам Магілеву герб Гжымала
Падараваны Янам Казімірам Магілеву герб Гжымала

Праўда, падзеі 11 лютага 1661 года ўсе ж вылезлі магілеўцам бокам. Па-першае, маскоўскія папы іх «предалі анафіме», па-другое, цар Петр І на знак помсты спаліў горад, пакінуўшы на яго месцы толькі распечаныя да чырвані вуглі.