Вуліцы, на якіх мы жывем: што мы ведаем пра іх назвы? Цікавая сітуацыя ў Магілёве

2023
П. Левановіч. Фота на тытуле: twitter.com
З 13 кастрычніка па 13 лістапада Магілёўскі гарвыканкам прапануе жыхарам горада выказацца адносна назваў дзвюх вуліц, якія знаходзяцца ў мікрараене Казіміраўка, што на ўездзе ў абласны цэнтр з боку Мінска.

Грамадскае абмеркаванне – гэта абавязковая ўмова, якая прадугледжана заканадаўствам. Дзве вуліцы, калі, канешне, не з’явяцца іншыя прапановы, будуць насіць імя Міхаіла Мяцельскага і Канстанціна Уладзімірава.

Мікрараен Казіміраўка, катэджны паселак, дзе знаходзяцца новыя вуліцы. Магілеў
Мікрараен Казіміраўка, катэджны паселак, дзе знаходзяцца новыя вуліцы. Магілеў

Учора мы запыталіся ў магілеўцаў, хто такія Мяцельскі і Уладзіміраў. Апыталі 27 чалавек, з іх каля трэці – людзі сталага веку. Толькі пяцера гараджан нешта чулі пра капітана Уладзімірава, які загінуў падчас абароны Магілёва ў 1941 годзе. Адзін з мінакоў нават сказаў, што падчас службы ў войску штодня згадвалі Уладзімірава на ранішняй пераклічцы. Капітан быў ганаровым салдатам той вайсковай часткі.

Мемарыял у гонар капітана Канстанціна Уладзімірава. Магілеў
Мемарыял у гонар капітана Канстанціна Уладзімірава. Магілеў

Адносна Міхаіла Мяцельскага былі розныя меркаванні – футбаліст, кампазітар, паэт, савецкі палітычны дзеяч. Мы стэлефанаваліся з экспертамі – гісторыкамі і краязнаўцамі, задалі ўсе тое ж пытанне. Калі з асобай Уладзімірава больш-менш усе зразумела, то адносна Мяцельскага да згоды эксперты так і не прыйшлі. З’явілася меркаванне, што хутчэй за ўсе гэта камандзір разведкі, які таксама ўдзельнічаў у абароне горада.

“У гэтым якраз і праблема, – тлумачыць прафесар Аляксандр Агееў. – Магілеўцы вельмі часта не ведаюць, чые імя носіць вуліца, на якой яны жывуць. І гутарка не толькі пра маладых людзей… На пасяджэннях тапанімічнай камісіі мы прапаноўвалі на пачатку кожнай вуліцы ці завулка з няпэўнай назвай усталяваць шыльду з інфармацыяй пра асобу ці падзею. Гэта было б да месца”.

Гісторык Аляксандр Агееў
Гісторык Аляксандр Агееў

Вуліцы, назвы якіх гарвыканкам прапануе абмеркаваць, – адносна новыя. Краязнаўцы, дарэчы, выказваліся за назву “Казіміраўскі гай”. Яна дужа пасуе да той мясцовасці. Аднак у Магілёве есць вуліцы і аб’екты, якія былі перайменаваныя ў савецкія часы, а таму паралельна існуюць як бы дзве назвы – адна афіцыйная, а другая – народная.

Аляксандр Агееў прывеў такія прыклады: Цэнтральны рынак гараджане называюць “Мінскім”, а Магілёўскі – “Быхаўскім”, плошчу Арджанікідзэ – Касцярняй (чаму менавіта Касцярняй, мы хутка паведамім у рубрыцы “Хранограф”). Даходзіць часам да анекдота. У цыганскім раене Магілёва пад назваю Грабянева (аналаг бабруйскай Цітаўкі) спраконвеку існаваў аўтобусны прыпынак “Цыганскі”. Але некаму ў гарвыканкаме закарцела пераіменаваць яго ў “Вясенні”. З таго часу кіроўцы паведамляюць пра адзін прыпынак, а людзі выходзяць на іншым.

Легендарны цыганскі паселак у Магілеве пад назваю Грабянева
Легендарны цыганскі паселак у Магілеве пад назваю Грабянева