Анатоль Концуб: «Армяне берагуць сваю культуру, чаго не скажаш пра нас»

2836
Дзяніс НОСАЎ. Фота з архіву Анатоля Концуба
Славуты бабруйскі мастак Анатоль Концуб нядаўна вярнуўся з міжнароднага плэнэру ў Карабаху. Пагутарылі з ім пра Арменію пасля вайны і ролю мастацтва.

Міжнародны плэнэр мастакоў у Арцаху (гэта старажытная назва армянскай правінцыі, горнай часткі вядомай з савецкіх часоў аўтаномнай вобласці Нагорны Карабах, а Карабах – азербайджанская назва) зладзіла ў ліпені Міністэрства культуры Рэспублікі Арцах. У ім удзельнічалі 20 мастакоў: нямецкі мастак у апошні момант не змог прыехаць, была вялікая група з Арцаху і Арменіі, двое з Грузіі, двое з Украіны, адзін з Расіі. І з Беларусі бабруйчанін Анатоль Концуб.

Анатоль Концуб з напісанымі ў Арменіі карцінамі. Ліпень 2021
Анатоль Концуб з напісанымі ў Арменіі карцінамі. Ліпень 2021
Анатоль Концуб нарадзіўся ў 1949 г. на Палессі. З 1971 г. жыве ў Бабруйску, 30 год выкладаў кераміку ў Бабруйскай мастацкай вучэльні (цяпер каледж ім. Ларына). Заслужаны работнік адукацыі. Сябра Саюзу мастакоў. Удзельнік шматлікіх міжнародных выставаў, творы захоўваюцца ў музэях і прыватных калекцыях па ўсяму свету.

Па заснаванай Китаем праграме «Падарожжы мастакоў дзеля міру» ён ужо шмат паездзіў па свету – удзельнічаў у плэнэрах і выставах у Сярэдняй Азіі, Шанхае, Пекіне, у Еўрапарламенце ў Брусэлі. Гэтая праграма шчыльна звязаная з Шанхайскай арганізацыяй супрацы, выставы праводзяцца адначасова з самітамі. На буйной Шанхайскай выставе 2014-га Анатоль Концуб атрымаў залаты медаль. Кітайскія арганізатары даюць два залатыя медалі: адзін – лепшаму кітайскаму мастаку і адзін – найлепшаму замежнаму, i iм прызналі бабруйчаніна.

– А медаль сапраўды залаты! – усклікае спадар Анатоль. – Не імітацыя, не пазалота – сапраўднае золата. Далі б грашыма, я б столькі фарбаў накупіў! А гэткі ж імянны не прадасі.

І ў Арменію Анатоль Концуб трапіў па адмысловым запрашэнні. Пару год таму ў магілёўскім плэнэры, дзе спадар Анатоль быў сярод арганізатараў, удзельнічаў армянскі мастак Геворг Бабаханян. Ён, як адказны за падбор гасцей на карабахскі плэнэр «Колеры Дізаку» (старажытнае армянскае княства ў Арцаху, цяперашняя правінцыя Гадрут), і запрасіў бабруйскага сябра і вядомага ўжо па ўсім свеце мастака на сваю радзіму.

Удзельнікі плэнэру ў Сцепанакерце. Ліпень 2021

– Раней штогод было па 3-4 плэнэры, а апошнія паўтары гады нічога, – кажа Анатоль Концуб. – І кітайская праграма выставаў прыпынілася – вось на днях быў чарговы саміт ШОС у Душанбэ, але з-за каранавірусу мастакоў не бралі. Таму, як атрымаў такое запрашэнне, адклаў усе справы і паляцеў.

– Плэнэры – рэч вельмі важная і карысная, – тлумачыць мастак. – Арганізатарам – бо, па правілах, пэўная колькасць твораў застаецца ім. Так назапашваецца матэрыял для мясцовых галерэй, а штосьці яны могуць прадаць і зарабіць грошы на развіццё. Мастакам – бо яны сустракаюцца і сумесна працуюць з калегамі з розных краін, можна павучыцца адно ў аднаго. І цікава ж паглядзець на розныя краіны. І дома ж так не папрацуеш! А там поўны пансіён, з аднаго боку, і канкрэтная задача і дакладныя тэрміны, з другога. У выніку атрымліваецца вялікая выстава, і ўсе задаволеныя.

Ерэван, від на комплекс «Каскад». Унутры яго, у скале – музэі і галерэі. Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава
Ерэван, від на комплекс «Каскад». Унутры яго, у скале – музэі і галерэі. Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава

Дзве першыя ночы госці плэнэру правялі пад Ерэванам, у Эчміадзіне – рэзiдэнцыі каталікоса, главы Армянскай царквы. Дзень хадзілі па музэях: Параджанава, Сар'яна, сучаснага мастацтва, галерэі «Каскад».

– Ерэванскі музей сучаснага мастацтва быў адкрыты шчэ пры савецкай ўладзе, – расказвае Анатоль Аляксандравiч, – але ад пачатку там спакойна выстаўляліся і мадэрнізм, і абстракцыянізм, у нас бы такое не пусцілі. Наогул, Ерэван – вельмі культурны горад. Тут праз кожныя 100 метраў – помнікі сваім дзеячам. А знакавы армянскі камень туф надае гораду асаблівы каларыт.

Ерэван, комплекс «Каскад», аздоблены сучаснымі скульптурамі. Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава
Ерэван, комплекс «Каскад», аздоблены сучаснымі скульптурамі. Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава

– А на наступны дзень паехалі праз усю Арменію ў Карабах, – працягвае распавядаць Анатоль Концуб. – Па дарозе спыняліся ля старажытных цэркваў і манастыроў – вельмі старажытных, але дзеючых. І потым – Лачынскі калідор, дзе ажно восем блок-пастоў: армянскі, шэсць расiйскіх і карабахскі. І за ім ужо: «Вітаем у Рэспубліцы Арцах!»

Арменія, Нораванк – "Новы манастыр" XIII ст. Царква Сурб Аствацацін – Святой Багародзіцы. Ліпень 2021
Арменія, Нораванк – "Новы манастыр" XIII ст. Царква Сурб Аствацацін – Святой Багародзіцы. Ліпень 2021

ДАВЕДКА. Сталіца Арцаху, як і Нагорнага Карабаху часоў СССР – Сцепанакерт, які атрымаў статус гораду ўсяго 98 год таму. Ён зусім невялічкі, насельніцтва 60 тысяч, але пасля вайны 2020 году яно вырасла яшчэ на 30 тысяч уцекачоў.

Начны мірны Сцепанакерт, сталіца Рэспублікі Арцах. Ліпень 2021
Начны мірны Сцепанакерт, сталіца Рэспублікі Арцах. Ліпень 2021

– Па дарозе да Сцепанакерту мы бачылі шмат пакінутых вёсак... – з сумам прыгадвае Анатоль Концуб. – А ў горадзе людзі гуляюць вакол фантанаў, дзеці на роліках катаюцца – спакойны, акуратны еўрапейскі гарадок. І раптам – бац, рытвіна ў асфальце. Сляды абстрэлаў.

Дом у Сцепанакерце. Карціна Анатоля Концуба
Дом у Сцепанакерце. Карціна Анатоля Концуба

– Стаю, пішу на вуліцы, домік мне прыглянуўся, – прыгадвае Анатоль Концуб самы памятны працоўны момант, – а з гэтага дому выходзіць чалавек і кажа: «Ты мой дом пішаш». І паказвае, дзе па дому стралялі, што сам паправіў, а што дзяржава абяцала адрамантаваць. І запрашае ў хату на каву.

Від на Вялікі і Малы Арарат з Ерэвану, з комплексу «Каскад». Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава
Від на Вялікі і Малы Арарат з Ерэвану, з комплексу «Каскад». Жнівень 2021. Фота Дзяніса Носава

Шмат з якіх месцаў Арменіі і проста з цэнтру Ерэвану цудоўна бачная галоўная святыня армян – гара Арарат. Двайная вяршыня Арарацкага нагор'я спрадвек была на армянскіх землях, але пасля генацыду армян у Асманскай імперыі і Маскоўскай дамовы 1921 г. між РСФСР і Турцыяй адыйшла да Турцыі. Ад сённяшняй мяжы Арменіі да Арарату ўсяго 32 км, але святыня для армян недасяжная. Так і старажытны армянскі Арцах рашэннем ЦК РКП(б) быў у тым жа 1921 годзе перададзены Азербайджанскай ССР, хаця там Нагорны Карабах і меў пэўную аўтаномію. Напачатку 1990-х аўтаномная вобласць аддзялілася ад Азербайджану і стала Рэспублікай Арцах (ці Нагорна-Карабахскай Рэспублікай, афіцыйна ў свеце не прызнанай, шчыльна звязанай з Арменіяй), заадно ўзяўшы пад свой кантроль і сумежныя районы, населеныя пераважна азербайджанцамі, так званы «пояс бяспекі», каб мець мяжу з Арменіяй. Год таму Азербайджан адваяваў і гэтыя раёны і забраў некаторыя армянскія, становішча ў Арцаху значна пагоршылася.

– Расія чарговы раз, мякка кажучы, армянам не дапамагла, быццам і не ў адным «ОДКБ» знаходзяцца. Але ўсё роўна ім спадзявацца больш няма на каго, – тлумачыць мясцовыя настроі Анатоль Концуб. – Наогул, сярод суседзяў у Арменіі няма сапраўдных саюзнікаў, нават Грузія адхілілася, бо ў яе завязкі на азербайджанскую нафту. І вось у іх толькі што была вайна, якую яны прайгралі, ім вельмі цяжка – і яны ладзяць міжнародную сустрэчу мастакоў. Каб паказаць, што яны жывыя.

Арцах. Храм у вёсцы Патара. Ліпень 2021
Арцах. Храм у вёсцы Патара. Ліпень 2021

– Мы мусілі напісаць і перадаць арганізатарам па тры карціны, – вяртаецца да чыста мастацкай тэмы спадар Анатоль. – Пісалі ў Сцепанакерце, ездзілі па манастырах і вёсачках, у якіх было нешта накшталт музеяў народнай творчасці, а ў дворыках стол накрыт, і нас чакаюць. У апошні працоўны дзень папрасілі яшчэ намаляваць па карціне па фотаздымках помнікаў архітэктуры, што пасля вайны засталіся пад Азербайджанам. Агулам я напісаў там чатыры карціны.

Арганізатары і ўдзельнікі пленэру «Колеры Дізаку» на фоне напісаных Концубам карцін. Ліпень 2021
Арганізатары і ўдзельнікі пленэру «Колеры Дізаку» на фоне напісаных Концубам карцін. Ліпень 2021

Разглядаючы фотаздымкі, спадар Анатоль здзіўлена заўважае, што карцін ён напісаў усё ж пяць. Але нічога не згубілася:

– «Лішнія» карціны мы маглі забраць сабе. Але апошнім часам я пакідаю арганізатарам плэнэраў усё, што на іх напісаў – хай ім будзе цікавей і лепш. Гады чатыры таму я ўжо быў у Арменіі на плэнэры ў Эчміадзіне, тады маю карціну набыў нейкі амерыканец. А мне дома хапае тэмаў, якія хочацца пісаць. І зарабіць знайду як. Цяпер час такі, што карціны не вельмі купляюць, але бывае, што просяць напісаць на замову, і добра.

Анатоль Концуб у гарах Арцаху. Ліпень 2021
Анатоль Концуб у гарах Арцаху. Ліпень 2021
Анатоль Концуб на прыступках храму Гандзасарскага манастыра. Ліпень 2021
Анатоль Концуб на прыступках храму Гандзасарскага манастыра. Ліпень 2021

Над пытаннем, якія ад паездкі ў Арменію склаліся галоўныя ўражанні, спадару Концубу задумвацца не прыходзіцца, хаця адказ гучыць вельмі сур'ёзна:

– Галоўнае – гэта вельмі культурная краіна і культурны народ. Калі армяне беглі ад генацыду з Турцыі, яны забіралі найперш не грошы-каштоўнасці, а свае кнігі. Цяпер няма дзеяча гісторыі ці культуры, якому не стаяў бы помнік, храмы стаяць з шостага стагоддзя! I найчасцей дзейсныя. Гэта ж першая хрысціянская дзяржава ў свеце... Цяпер такая маленькая і небагатая, краіна моцна клапоціцца пра сваю спадчыну. А што, у нас нельга было з рэшткаў крэпасці нешта вартае зрабіць? Ад аднаго «Арт-Жыжалю» колькі добрых твораў застаецца – можна было б там стварыць адмысловы музей. І маем такі файны стары цэнтр ля рынку – дык сайдынгам залеплены.

– Армяне вельмі шануюць і берагуць сваю культуру, чаго не скажаш пра нас, – рэзумуе Анатоль Концуб.

Помнік у Ерэване. Фота Дзяніса Носава
Помнік у Ерэване. Фота Дзяніса Носава

Даведка «ВБ»:

  • Беларусам віза для наведвання Арменіі і Арцаху (армянскага Карабаху) не патрэбная.
  • З Мінску ў Ерэван лятае прамы рэйс «Белавія» чатыры разы на тыдзень, квіткі – ад 279 рублёў. Вылет туды ў 22.40, прыбыццё ў 2.45 па мясцовым часе, вылет назад у 3.35, прыбыццё ў 5.45.
  • Для ўезду ў Арменію патрэбен адмоўны ПЦР-тэст, зроблены не больш чым за 72 гадзіны. Для ўезду ў Беларусь з Арменіі ані даведкі, ані карантын не патрэбныя.
  • Мясцовая валюта – драм, 1 еўра = 570 драм. На рынках прымаюць і еўра, і даляры, і расiйскія рублі па курсу.