Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і Магілеўская яўрэйская грамада праводзяць конкурс пад назваю “Памяць месца”. Конкурс звязаны з гісторыяй яўрэяў Магілеўшчыны. Тут задзейнічаны некалькі раенаў нашай вобласці і менавіта Быхаўскі. У згаданым раенным цэнтры захавалася галоўная сінагога – помнік архітэктуры Барока ХVII стагоддзя. Згадаем таксама і тое, што Быхаў быў некалі адным з самых вялікіх яўрэйскіх мястэчак Магілеўшчыны, – паведамляе ТРК “Могилев”.
Па словах арганізатараў, мэта конкурса – праз гісторыю асобных месцаў і асобных людзей даведацца пра гісторыю жыцця яўрэйства, а таксама сфарміраваць у маладога пакалення разуменне агульнай гістарычнай спадчыны ўсіх народаў, якія жывуць у нашай краіне.
Каментуе Сяргей Жыжыян, дырэктар Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:
– Гэта апошняя магчымасць захаваць успаміны пра тыя яўрэйскія сем’і, якія некалі жылі ў Быхаве. Шмат хто з’ехаў пасля распаду Савецкага Саюзу. Быхаў – гэта вялікае яўрэйскае мястэчка ў ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя. Сама гісторыя цікавая ў плане дробных каштоўнасцяў, пра якія мы зараз, на жаль, не ведаем. Мы спадзяемся на тое, што дзеці, унукі даўнішніх яўрэяў дададуць пэўныя звесткі, якія дазволяць навукоўцам зрабіць высновы.
Архітэктурны помнік быхаўскаму яўрэйству – Быхаўская сінагога. Аднак велічны некалі будынак зараз стаіць занядбаны. Шмат гадоў плануецца рэстаўрацыя сінагогі, у тым ліку з удзелам замежнікаў, аднак справы так і не дайшлі да хоць нейкага выніку.
“І гэта сінагога, як мне здаецца, адзін з самых верагодных турыстычных аб’ектаў на Быхаўшчыне”, – пераконвае Сяргей Жыжыян.
Браць удзел у конкурсе запрашаюць усіх неабыякавых людзей. Гэта могуць быць любыя жанры, інтэрв’ю, старыя фотаздымкі, даследчыя або мастацкія работы, вершы, але ўсе гэта павінна быць звязана з гісторыяй роднага кутка. Работы ў Быхаўскім музеі будуць прымацца да 25 кастрычніка.