«Магілёўскі хранограф»: яны стаялі ў чарзе па смерць (1654 г.)

2411
П. ЛЕВАНОВІЧ
Самы час напісаць пра тыя падзеі, якія пачаліся восенню 1653 года. Гэта жахлівая гісторыя пра знішчэнне вялізнай яўрэйскай грамады горада Магілёва. Дзякуючы вядомаму перакладчыку і пісьменніку Алегу Давіду Лісоўскаму ў нашы рукі патрапіў унікальны дакумент, які пралівае святло на абставіны гэтага злачынства.

Аднак, спачатку дамо слова магілёўскаму манаху ігумену Арэсту.

У 1653 годзе, паведамляе манах, у Магілёве з’явіліся паслы маскоўскага войска Канстанцін Паклонскі і Міхаіл Ваейкаў. Яны запатрабавалі ад гараджан прыняць уладу Аляксея Міхайлавіча Раманава. Хітрыя магілёўцы нібыта высунулі некалькі ўмоў: цар павінен захаваць усе вольнасці, а з месца належыць выгнаць яўрэяў, дамы якіх будуць падзеленыя паміж мясцовымі жыхарамі і маскоўскім войскам.

Цар на гэтыя ўмовы пагадзіўся і забраў горад без бою. Паводле дамоўленасці, піша ігумен Арэст, яўрэі мусілі сыйсці з горада адразу ж, як толькі брамы месца будуць адчыненыя. Аднак «сыны Ізраілевы» спадзяваліся на нейкі «цуд» і вырашылі не рухацца з месца. Небаракі не адчувалі таго, што стаяць на краі прорвы. У канцы лета 1654 года да Паклонскага дайшлі чуткі, што пад Магілёў рушыў Радзівіл. Яшчэ больш раз’юшыўся «беларускі палкоўнік», калі даведаўся пра тое, што яўрэі ўсе яшчэ сядзяць на сваіх месцах.

«Магілеўскі хранограф»: знішчэнне яўрэяў у 1654  г. Фота: са старонкі Алега Давіда Лісоўскага, facebook.com
«Магілеўскі хранограф»: знішчэнне яўрэяў у 1654 г. Фота: са старонкі Алега Давіда Лісоўскага, facebook.com

Паклонскі загадаў яўрэям тэрмінова пакінуць горад – усім, старым і малым. Ён абяцаў, што нікога не кране і пальцам. Нават дасць суправаджэнне, якое дапаможа без прыгод патрапіць у лагер Радзівіла. А ўжо той, нібыта, прыме яўрэяў, як родных дзяцей. Зараз цяжка сказаць, ці паверылі магілёўцы ў гэткую нахабную хлусню. Але што ім было рабіць? Яўрэі выйшлі за брамы горада і накіравалісь на захад.

Паводле загаду Паклонскага, яўрэі раздзяліліся на два лагеры: адзін стаў каля вёскі Пячэрск, якая знаходзілася па дарозе да Радзівіла, а другі спыніўся каля вёскі Палыкавічы. Уцекачы марна чакалі абяцанага суправаджэння. Нарэшце цярпенне іх скончылася, і ў абодвух лагерах пачалася паніка. Яўрэі адважыліся на адчайны крок – яны даслалі пасланцоў да Радзівіла, білі яму чалом і прасілі аб неадкладнай дапамозе. Тым часам Паклонскі вырашыў, што нельга выпусціць з рук гэткі тлусты кавалак. Кажуць, яўрэі вывезлі з Магілёва незлічоныя багацці.

Выява старога Магілева. Дрэварыт.
Выява старога Магілева. Дрэварыт.

Здраднік узброіў усіх, каго толькі мог са свайго акружэння, і нечакана напаў на людзей, якім яшчэ не так даўно абяцаў жыццё. Працытуем ігумена Арэста: «Уся маёмасць яўрэяў стала трафеям лютага вылюдка і яго памагатаяў. Усе яны радаваліся таму, што знайшлі ў якасці здабычы шмат срэбра і золата, каштоўных рэчаў. У сваёй прагнасці да нажывы ворагі дайшлі да таго, што здымалі вопратку з мёртвых цел, шукалі грошы ў дзірках і шчылінах, знаходзілі срэбра ў хлебных боханах, якія яўрэі выпякалі напярэдадні сыходу з горада, а таксама ў заплеценых валасах жанчын і дзяўчат». Целы забітых Паклонскі загадаў пахаваць у глыбокіх ямінах пасярод поля.

Стары Магілеў. Раен, які называецца Школішча. Месца, дзе жылі яўрэі да 1917 года. Фота: photos.google.com
Стары Магілеў. Раен, які называецца Школішча. Месца, дзе жылі яўрэі да 1917 года. Фота: photos.google.com

Як вынікае з запісаў ігумена Арэста, горад пакінулі далёка не ўсе яўрэі. Некаторыя з іх засталіся і для таго, каб захаваць жыццё, прынялі праваслаўную веру. І вось тут ужо ўступае ў справу яўрэйская версія тых падзей. Гісторык і вядомы талмудзіст мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Шымон Дубнаў, які збіраў звесткі пра тыя падзеі, падслухаў у Магілёве цікавую легенду. Нібыта Паклонскі забіў не ўсіх. Жывымі засталіся адна дзяўчына і адзін хлопец, якія нібыта вярнуліся ў горад і далі пачатак новай яўрэйскай грамадзе. Але галоўнае не гэта. Гісторыку ўдалося знайсці дакументы, якія непасрэдна распавядаюць пра так званую «магілёўскую масакру».

«Мінулай восенню, – піша Шымон Дубнаў, – я атрымаў з дзвюх далёкіх грамад, з Магілёва на Дняпры і з Нясвіжа, два варыянты памінальнай малітвы, якую прынята чытаць у сінагогах у памяць пра разню 1654 года. Першы варыянт я атрымаў з Магілёва ад пана Шымона Волкава. Ен скапіраваў гэту малітву літара за літарай з рукапісу, які знаходзіцца ў памяшканні сінагогі ў прадмесці Лупалава. Да копіі дададзена тое, што сярод гараджан прынята ўзгадваць душы продкаў штогод у пост Гедальі».

Фрагмент фрэскі сінагогі, якая алегарычна адлюстроўвае падзеі канца лета 1654 г.
Фрагмент фрэскі сінагогі, якая алегарычна адлюстроўвае падзеі канца лета 1654 г.

Вось словы з гэтай малітвы (падаецца ў перакладзе Алега Давіда Лісоўскага, правапіс арыгінала захоўваецца):

«Яны, забітыя святыя з нашай абшчыны святой, што пахаваныя ў Пячэрску, маладзёны і старыя, і сталыя, юнакі і дзяўчаты, немаўляты і жанчыны, маці разадраных дзяцей. Калі яны з жахам уцякалі з горада, а хітрыя гараджане паспяшаліся за імі ўслед; не паспелі яны аддаліцца ад горада, як накіравалі на іх свае аголеныя мячы; перанеслі яны новы ўдар, раны і сінякі, і былі забітыя ўсе неверагоднай і цяжкай сьмерцю, і нават не было ім пахавання; сталі яны ежай для птушак нябесных і звяроў лясных. Дзеля асвячэння Яго вялікага Імя былі забітыя рукамі праклятых юнакі і нявінніцы, старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, і цудоўныя немаўляты паляглі на полі вялікімі кучамі».

Дэпартацыя яўрэяў з гета на вуліцы Падгорная. Восень 19141 г. Фота з нямецкага архіва
Дэпартацыя яўрэяў з гета на вуліцы Падгорная. Восень 19141 г. Фота з нямецкага архіва

Вядома ж, падзеі канца лета 1654 года настолькі жахлівыя, што пісаць пра іх са спакоем на сэрцы не выпадае. Дзіўным чынам гэта гісторыя яшчэ раз адбудзецца падчас знішчэння яўрэйскага гета ў Другую сусветную вайну. І таксама ўсё містычна супадае – канец лета і пачатак восені, але цяпер ужо 1941 года.