«Магілеўскі хранограф»: «і паўстала камета вогненная побач з вялікай і жахлівай зоркаю»

1882
П. Левановіч, па матэрыялам "Магілёўскай хронікі". Фото на титуле: inosmi.by
Што адбывалася ў жыцці жыхара горада Магілева ў канцы ХVII стагоддзя? Якія падзеі нашы продкі лічылі сапраўды вартымі ўвагі? Нарэшце, чаму магілеўцы называлі сябе адначасова рускімі і літвінамі?

Так, у летапісах паведамляецца пра тое, што ў 1679 годзе, 24 чэрвеня ў дзень Святога Яна горад адабраў карчму ў жыда Лейбы Зушмановіча. Што Лейба зрабіў дрэннага гораду – пра гэта «Магілеўская хроніка» маўчыць. Затое паведамляе пра тое, што 9 верасня пачалі будаваць мураваную ратушу, для чаго выкапалі яміну глыбокую. Паназнаходзілі ў той яміне косці жывел. У тым самым годзе паморак адбыўся сярод рагатага быдла.

Рэканструкцыя старога Магілева. Кальварыйскі сабор і Езуіцкі калегіўм за ім. Фота: museumhm.by
Рэканструкцыя старога Магілева. Кальварыйскі сабор і Езуіцкі калегіўм за ім. Фота: museumhm.by

Далейшыя паведамленні нагадваюць хіба што передачы вядомага расійскага тэлеканала РЭН ТБ. У 1681 годзе на рымскае свята Божага Нараджэння паўстала камета вогненная побач з вялікай і жахлівай зоркаю, ва ўсім свеце магчыма было бачыць тую камету, зіхацела яна на небе колькі тыдняў. Праз год пасля таго дзельных баяраў у Маскве выцялі, з палацаў павыганялі іх без лічбы. Гутарка тут, канешне, пра так званую Хаваншчыну, або знакаміты Стралецкі бунт, які сапраўды завершыўся вялікім праліццем крыві.

Выява з Мсціслаўскага рыцарскага фэсту.
Выява з Мсціслаўскага рыцарскага фэсту.

Яшчэ паведамляецца пра тое, што ў 1681 годзе на дзясятую пятніцу (звычайна, адзначаецца ў чэрвені) пяруны страшлівыя ў небе панавалі. У Камаровічах, пад Крычавам, рагатага быдла 113 штук было забіта, «на што мы самі глядзелі». У тым самым годзе ў Маляцічах (зараз аграгарадок у Крычаўскім раёне) возера ляшчоў было выбіта, і кожнаму маланка патрапіла ў правы бок. Усіх, каб не смярдзелі, давялося закапаць у зямлю.

У 1682 годзе на дробным кавалку зямлі езуіты пры дапамозе ксяндза Здановіча, на той час плябана магілеўскага, аселі, а потым ужо за нашым векам чацвертую частку зямлі гарадской рознымі круцельствамі набылі і нават мурам высокім яе абнеслі. Напэўна, тут гутарка пра езуіцкі калегіўм, падмуркі якого і зараз знаходзяцца на месцы цяперашняга Магілеўскага этнаграфічнага музея.

Выява побыту сярэднявечнага гараджаніна. Фота: ru.depositphotos.com
Выява побыту сярэднявечнага гараджаніна. Фота: ru.depositphotos.com

Далей болей… «Магілеўская хроніка» паведамляе пра тое, што ў 1683 годзе ў весцы Котушы пана Каркоўскага нарадзілася пачвара. Была гэта жанчына з дзвюма галавамі. Яе нібыта паказвалі каля магілеўскага фарнага касцела ўжо ніжывую. У тым самым годзе на ярмарцы купцоў дужа шмат пагарэла розных народаў – грэкаў, рускіх, маскоўскіх і іншых, якіх цяжка і палічыць. Звярніце ўвагу: аўтар «Магілеўскай хронікі» раздзяляе паняцці «рускі» і «маскоўскі». І гэта вельмі паказальная рэч: да ХІХ стагоддзя нашы праваслаўныя продкі называлі сябе русінамі, людзьмі «рускай веры». З гэтай прычыны адбывалася неверагодная блытаніна. У магістрацкай кнізе г. Магілева якраз у канцы XVII стагоддзя магчыма было прачытаць: «Я – русін, літвін з г. Магілева». Гэта азначала літаральна вось што: «Я – праваслаўны, грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага».

Цікава таксама тое, што аўтар «Хронікі» як бы мімаходзь згадвае куды больш значную падзею – перамогу Рэчы Паспалітай над туркамі пад Венай у 1683 годзе, і нават памыляецца ў даце. Замест верасня 1683 года чамусьці ўказвае наступны, 1684 год. Гэта таксама не можа сведчыць пра малую цікаўнасць магілеўцаў да падзей, якія былі звязаны з Польскім Каралеўствам. І гэта нягледзячы на тое, што жылі мы ў супольнай дзяржаве.